13.02.2018 / 12:23

Амаль 1000 пацярпелых: затрымалі «беларускага Маўродзі» ФОТА 18

Следчы камітэт затрымаў 22-гадовага ўраджэнца Мазыра Уладзіслава Шавяленку. Мужчына стварыў класічную фінансавую піраміду, абяцаючы ўкладчыкам добры прыбытак. Але скончылася ўсё як звычайна — расчараваннем для «інвестараў» і крымінальнай справай для «бізнэсмена».

Уладзіслаў Шавяленка

Шавяленка стварыў праект «New Assets Union». Прапрацаваў ён трохі больш за год.

Фактычна гэта была звычайная фінансавая піраміда, накшталт сумна вядомага «МММ». Ніякай дзейнасцю кампанія не займалася, а калі грошы і сплачвалі, то гэта рабілася за кошт новых удзельнікаў.

«Каб стварыць бачнасць актыўнасці фінансавай арганізацыі, малады чалавек рэгулярна выконваў дзеянні, накіраваныя на прыцягненне найбольшай колькасці ўкладчыкаў. Так, ён стварыў у інтэрнэце сайты праекта «New Assets Union», дзе рэкламаваў атрыманне даходу ад інвеставання, і размяшчаў інфармацыю пра нібыта вырабленых выплатах адсоткаў укладчыкам, хаваючы тым самым злачынную скіраванасць яго дзейнасці. Таксама абвінавачаны распрацаваў і выкарыстоўваў сістэму ўзнагароджання ўдзельнікаў праекта за прыцягненне новых ўкладчыкаў. Да прыкладу, у адным з ролікаў кампаніі паведамлялася, што за 100 прыцягнутых людзей выдаецца iPhone, за 500 — MacBook, а за тысячу новых кліентаў удзельнік атрымлівае 10.000 даляраў ЗША», — паведамляе Следчы камітэт.

Акрамя таго стваральнік праекту перыядычна расказваў як добра ідуць справы: маўляў, кампанія зарабляе на продажы тавараў з Кітая, на здачы нерухомасці ў арэнду, на ўдзеле ў букмекерскіх біржах… Сістэматычна праводзіліся і семінары, на якіх расказвалася пра праекты. Выглядала ўсё прыгожа, здымаліся офісы ці канферэнц-залі ў гатэлях…

Але грошы пералічваліся ці на рахункі кампаніі, зарэгістраванай у Вялікабрытаніі, ці на рахункі ў Беларусі і Латвіі.

Паціху выплаты «інвестарам» спыніліся. Людзі пачалі хвалявацца, але ў суполках «праекту» Шавяленкі іх супакойвалі:

«На вашу думку, навошта я ўсё гэта раблю і дзеля каго? Дзеля вас офіс, дзеля вас добрая тэхніка і мэбля, уключыце проста логіку навошта ўсё гэта? А я вам адкажу гэта для таго, каб не стаяць на месцы і развівацца і развіваць кампанію! У планах адкрываць офісы не толькі па ўсёй тэрыторыі РБ, але і РФ, а далей Украіна! У нас прамая дарога!»

Але прамая дарога прывяла Уладзіслава за краты.

Пацярпелымі па справе прызнаныя больш за 900 чалавек, апытаныя сотні сведак. Агульная сума здабытых незаконным шляхам грашовых сродкаў складае больш за 760 тысяч рублёў.

Цяпер Шавяленка пад вартай. На яго завялі крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — 10 гадоў зняволення з канфіскацыяй.

 

УШ

1
дзяркач / Адказаць
13.02.2018 / 12:44
Адсутнасць нармальнага рынку акцый - шчодрая глеба для махляроў.
3
Стоцік / Адказаць
13.02.2018 / 12:56
Выйдзе ў 32 гады. Самы час пачынаць жыццё. Тым больш, што будзе з чым:)Пацярпелых не шкадую. Хацелі хуткіх і танных грошай. Так не бывае.
1
Сторож ип / Адказаць
13.02.2018 / 13:36
Камеди клуб посмотрел этот парень внимательно
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру