15.02.2018 / 11:18

У пятніцу ў Глыбокім пахаваюць прах эміграцыйнага дзеяча Віктара Сянкевіча 2

Заўтра ў Гірстунах ля Глыбокага пахаваюць прах Віктара Сянкевіча. Сянкевіч памёр яшчэ 26 верасня, а прах прывёз з Сан-Францыска ў Глыбокае сын Майкл (Міхаіл).

Віктар Сянкевіч (сапр. Сенькавец) нарадзіўся 19 студзеня 1926 г. ў Гірстунах. З лета 1944 г. на эміграцыі. Разам з іншымі курсантамі школы БКА перайшоў на бок французскіх партызан антыфашысцкага супраціву. Быў уключаны ў Другі польскі корпус генерала Андэрса. Разам з іншымі жаўнерамі-беларусамі браў удзел у вызваленні італьянскай Балонні.

Сянкевіч удзельнічаў у арганізацыі ў італьянскай Модэне ў сакавіку 1946 г. Першага з'езда беларусаў вайскоўцаў з арміі Андэр­са. У канцы 1946 г. браў удзел у стварэнні Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі.

У 1958 г. скончыў факультэт філасофіі Мадрыдскага універсітэта. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пачаткі княства Літоўскага».

У сваім артыкуле «Пра ўдзел беларусаў на заходніх франтах Другой сусветнай вайны» (часопіс «Зважай», 1977, №2) даследаваў статыстыку польскіх узброеных сіл, што былі ў складзе войска Вялікабрытаніі, і прыйшоў да высновы, што ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў прымала ўдзел 30 867 жаўнераў беларускага паходжання.

У 1958-61 гг. працаваў у беларускай секцыі Іспанскага нацыянальнага радыё.

Для беларускай секцыі «Радыё Свабода» пачаў пісаць з 1965 г. (псеўданім Язэп Барэйка) Рэгулярна вёў перадачу пад назвай «Беларускі гістарычны каляндар».

3 1992 г. на пенсіі, жыў каля Сан-Францыска.

 

Уладзімір Скрабатун

0
Уладзімір Скрабатун / Адказаць
16.02.2018 / 14:14
Віктар Сянкевіч не меў грамадзянства ніводнай краіны... Усё жыццё марыў вярнуцца на радзіму грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, звяртаўся нават у консульства РБ у Сан-Францыска. І, напэўна, так бы і здарылася... Але потым Лукашэнка памяняў герб і сцяг...


Ён часта тэлефанаваў Васілю Быкаву. І Віктата пазнавалі па голасу сваякі Васіля Быкава -- і казалі ідзі да тэлефона Язэп Барэйка (псеўданім)  звоніць!

І ўсё ж, ён вярнуўся на Глыбоччыну, назаўсёды. Сёння прах Віктара Сянкевіча і яго жонкі Ірыны (з роду Барташэвічаў) пахавалі на могілках у Гірстунах -- за 5 км ад Глыбокага.


На пахаванне ад Радыё Свабода прыехаў Зміцер Бартосік.Напрыканцы пахавання ён уключыў дыктафонны запіс з голасам Язэпа Барэйкі (Віктара Сянкевіч) з перадачай пра беларускую Вільню.
0
Уладзімір Скрабатун / Адказаць
16.02.2018 / 21:47
Дарэчы, Бартосік -- хітры жук! 


Задаў правакацыйнае пытанне Майклу Сянкевічу, сыну Віктара Сянкевіча, які прывёз прах бацькі: Ці ёсць пікантныя моманты ў біяграфіі яго бацькі?

-- Ёсць!


Віктар Сянкевіч піў каву з жонкай, і ні абы каго! А з жонкай Беніта Мусаліні!


Праўда, Беніту і яго каханку Клару Петачы, перад гэтым італійскія партызаны павесілі дагары нагамі. А законную жонку Ракеле на першым часе не чапалі.  Ну, дык беларускія жаўнеры з 2-га Польскага корпуса 8-й Брытанскай арміі, зачасцілі да жонкі італійскага фюрэра. Проста, у гэтым італійскім мястэчку, яшчэ доўгі час пасля выгнання немцаў, стаялі брытанскія вайскоўцы (2-га польскага корпуса).


Яны прыносілі законнай жонцы Мусаліны прадукты, а яна ім гатавала ежу...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру