15.02.2018 / 13:58

Віктар Марціновіч: Датэрміновы грамадзянін 10

Фота Сяргея Гудзіліна

Калі казаць пра сацыяльнае вынаходніцтва, якім сучасная беларуская дзяржава па праве можа ганарыцца, дык гэта будзе не геніяльны фармат перадвыбарчай паперчыны, вывешанай на стэндах і ўчастках. Я кажу тут пра афіцыйную улётку, на якой праграма кандыдата замененая міліцэйскай версіяй ягонай біяграфіі (па стылі гэта нагадвае вытрымку з асабістай справы КДБ), і ўсё гэта — у суправаджэнні фота, вытрыманага ў непераймальнай манеры «здымак на пашпарт Дракулы». То бок гэтыя ўлёткі — таксама яскравы дакумент эпохі, я б на месцы калекцыянераў і галерыстаў разгледзеў магчымасць збірання тэматычных укладаў («Фрызуры», «Пінжакі», «Памады») для музеяў будучыні.

Але такі жанр — не новы. Гэта старанна рэстаўраванае мінулае.

Больш за тое, нішто ў беларускіх выбарах — працэсе, які, прыгадваючы Янку Сіпакова, можна было б назваць «Журбой ў стылі рэтра», — не новае. Паспрабуйце ўзнавіць у памяці атмасферу «электаральных кампаній» канца 1980-х — атрымаеце нашае сёння. Супадзенне будзе дасканалым, уключна з гэтым вось агульным настроем — «а нашто хадзіць на тыя выбары», «мясцовыя ж саветы (варыянт — Палата прадстаўнікоў) анічога не рашаюць». Той факт, што сёння фармуюцца ўладныя органы, з ліку якіх будуць складзеныя камісіі, што стануць асабіста разглядаць справы дармаедаў, застаецца зразумелым тым адзінкам, што захавалі хаця б якую цікавасць да «палітыкі».

І вось што ў гэтай «палітыцы» прынцыпова новае (хай сабе і старанна загрыміраванае пад старое, савецкае, «спрадвечнае») — дык гэта тое, якую ролю грае датэрміновае галасаванне. Датэрміноўку трэба запатэнтаваць і прадаваць у краіны, якія таксама імкнуцца да заходняй дэмакратыі і якія таксама пакуль (паводле тлумачэнняў дыпламатаў тых краін) пакуль не дараслі да паўнавартаснай, дарослай, версіі.

Бо, з аднаго боку, усе разумеюць, навошта яно патрэбнае, тое датэрміновае галасаванне. Гэта адно з тых універсальных змоўчанняў, якія ў Беларусі вычарпальна ўкладаюцца ў фразу «вы ж самі панімаеце». Усе разумеюць, але шмат хто і робіць. Бо вось што тут галоўнае: ні само датэрміновае галасаванне, ні адмова ад яго не з’яўляюцца чыстай заганай.

То бок калі ты ідзеш выказваць сваё меркаванне ў аўторак, а выбары — у нядзелю, у цябе ёсць тлумачэнне для суседзяў па абшчазе і калег па працы: табе нязручна ў нядзелю. Ты будзеш біць кабана, выбіраць тачку, адсыпацца пасля папойкі. І хай усе ўсё выдатна разумеюць, ты быццам сам сабе можаш падацца адказным грамадзянінам. Тым, хто любіць Радзіму, як сфармулявала нядаўна) Лідзія Ярмошына.

Ты ж не забіў болт. Ты ж пайшоў і прагаласаваў. У прыватных размовах яшчэ можна дадаць, што прагаласаваў не абы-як, а за гэтага, «беларускамоўнага».

І вось што тут прыгожа: у цябе як бы і дуля ў кішэні засталася, але і зрабіў ты цалкам як дзяржаўны чалавек. Бо — зноўку — усе разумеюць, што нездарма ж нават у метро нагадваюць, што тыя, хто не можа ў дзень галасавання, — той можа і г. д.

З іншага боку, заўважым, сістэма пакідае сцяжынку і для прынцыповых. Не хочаш галасаваць датэрмінова? Ну і халера з табой! Інтэрнат табе патрэбны? І ты пры гэтым не ідзеш галасаваць як усе нашы? А цягнешся асобна, у нядзелю? Ну, гэта ж не забаронена законам — галасаваць у дзень выбараў! Ідзі ў нядзелю! Ідзі, ідзі! Ідзі на здароўе! І пры гэтым позірк — проста ў душу. Скрушлівы, расчараваны.

І «прынцыповы» тут усё выдатна адчуе. Ён жа не супраць дзяржавы прэ, а менавіта асабістыя адносіны псуе. Раз павырыпаешся, другі — а потым задумаешся: а табе яно трэба (яшчэ адна вельмі беларуская фраза)? І зробішся як усе. Не проста патрыётам, а добрым, неканфліктным грамадзянінам.

Яшчэ зразумейце: датэрміновасць — фактычна адзінае наяўнае вымярэнне «харошасці» таго ці іншага чалавека з беларускім пашпартам. Бо што ты там робіш за шторкай, як там крэмзаеш той бюлетэнь у асноўны дзень галасавання — на тваім асабістым сумленні. Тое — таямніца, бо тое не пракантраляваць. А дзеля таго, каб паказаць, што ты — сапраўдны канструктыўны грамадзянін, трэба гучна і яўна за шторку прыйсці раней за ўсіх. Датэрмінова.

Хочаш пабачыць колькасць тых, хто сапраўды падтрымлівае ўладу, хто сапраўды з’яўляецца яе апірышчам (хай сабе маўклівым, хай сабе і з дулькай у кішэні, каб было як апраўдацца перад сябрамі) — паглядзі на дынаміку датэрміноўкі.

Не верыш афіцыйнай статыстыцы — паслухай назіральнікаў. Пакуль людзі працягваюць прыходзіць на выбары загадзя, вертыкалі не пагражаюць ні мітынгі, ні рэвалюцыі. Бо мітынгі пройдуць, а патрэба ісці за шторку пад пільным позіркам тых, хто дае табе інтэрнат і рамантуе табе сталоўку, застанецца.

Геніяльнасць гэтай тэхналогіі яшчэ і ў тым, што яна дзейнічае ў адваротны бок. Кожны, хто прагаласаваў датэрмінова, падзяляе адказнасць за агучаныя вынікі. Гэта ягоныя перамогі і паразы. І, зноў жа, усе гэта файна разумеюць, беларусы — людзі зусім не дурныя. А як файна гэтая стратэгія дзейнічае з міжнароднымі структурамі! Яе ж немагчыма адмяніць — бо яна накіраваная ў тым ліку на disabled people, на людзей, якім прыйсці ў дзень галасавання не дазваляе стан здароўя. Любое патрабаванне нармалізацыі прымянення гэтай практыкі (а чыста знешне — практыка шырока прымяняецца ў свеце) сустрэне справядлівае абурэнне беларускага боку: вы што, хочаце пазбавіць выбару старых і інвалідаў?

У амбівалентнасці гэтага геніяльнага вынаходніцтва — уся беларуская дзяржаўнасць.

Назіральнікі СНД бачаць цалкам легітымнае заўчаснае волевыяўленне, апазіцыя ахрыпла крычыць, што ўсе галасы, пададзеныя датэрмінова, можна аўтаматам запісваць за праўладных кандыдатаў, а шараговы глядач можа спакойна абіраць, у якую з версіяў гэтай рэальнасці яму верыць (назіральнікі СНД заўсёды выглядаюць больш рэспектабельна, бо яны мажныя і гладкія). І тое, і другое можа быць праўдай, а можа — і не. І калі не глядзець на папулярнасць каментаў наконт выбараў на вялікіх парталах, можна пражыць усё жыццё, запэўніваючы сябе, што ніхто нічога не прачухаў.

Любая новая вертыкаль будзе мець вялікую спакусу скарыстацца гэтым здабыткам, бо ён эфектыўны і непарушны.

Сучасным насельнікам Егіпта ад фараонаў засталіся піраміды. Наступнікам сучаснай беларускай дзяржавы застанецца нешта настолькі ж трывалае і не менш таямнічае: закон, па якім мільёны людзей сувымяраюць сваю лаяльнасць і этычнасць з тым днём, у які цягнуцца «абіраць» уладу.

Калі б паводзіны можна было экспанаваць, як помнікі, абеліскі ці храмы, калос датэрміноўкі быў бы нашай галоўнай турыстычнай прывабай.

0
народец / Адказаць
15.02.2018 / 14:21
Досрочная сдача объекта - наше всё.
0
Aляксандр / Адказаць
15.02.2018 / 15:20
У кропку...
0
датэрміноўка / Адказаць
15.02.2018 / 15:43
не калос датэрміноўкі, а фалос... прабачце
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру