Афіша

Гурт «Крама» сустракае вясну вялікім канцэртам і прэзентуе DVD «Крама — 25 гадоў»!

4 сакавіка ў мінскім рэстаране-піваварні «Друзья» адбудзецца вялікі веснавы канцэрт гурта «Крама» з презентацыяй новага DVD-альбома «Крама — 25 гадоў». Гэта здымкі канцэрта, што адбыўся ў Мінску 12 лістапада 2016-га года ў «Prime Hall» і быў прысвечаны 25-гадоваму юбілею групы. «Крама» яшчэ ў 1994-м годзе была пераможцай самай першай «Рок-каранацыі», і працягвае славіць беларускі блюз праз чвэрцьстагоддзя. Юбілейная праграма складалася са славутых хітоў, у тым ліку прагучала нямала песень, якія калектыў ужо не выконвае на сваіх шараговых канцэртах — «Стары сабака», «Доўгія ногі», «Ім не трэба твой блюз», «Чакай» у новых аранжыроўках.

4-га сакавіка, акрамя прэзентацыі канцэртнага DVD, адбудзецца прэм'ера новай версіі песні на верш Міхала Анемпадыстава. Ігар Варашкевіч з музыкантамі вырашылі даць другое жыццё даўняй кампазіцыі гурта «Бонда» «Да неба» (1986) з тэкстам Анемпадыстава і першае выкананне 4 сакавіка прысвяціць памяці паэта і мастака.

Ігар Варашкевіч успамінае гісторыю песні: «У групе «Бонда» асноўным паэтам быў барабаншчык Сяргей Кныш. Аднак акрамя яго тэксты пісалі — ці спрабавалі пісаць — і іншыя. Фелікс Аксёнцаў, напрыклад, які потым ажыццявіў свае задумы з гуртом «Ulis», Федзя Кашкурэвіч напісаў на адну песню тэкст. І Міхал Анемпадыстаў таксама напісаў тэкст. І было гэта, наколькі я памятаю, у 1986-м годзе. Сяргей Кныш пайшоў у армію, ён адсутнічаў два гады. А з Міхалам мы пазнаёміліся, думаю, праз Сяргея Краўчанку, яны сябравалі. Саму песню, музыку мы напісалі, калі былі на студэнцкай «халтуры» ў Ніжнявартаўску. Бо амаль усе вучыліся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Я дакладна памятаю, як я нават проста без гітары хадзіў па вуліцах і напяваў гэтую мелодыю. А як вярнуліся дадому, Міхал і напісаў тэкст, які нам падышоў. Атрымалася песня «Да неба».

Потым, калі ўжо была «Крама», я неаднаразова прапаноўваў Міхалу напісаць нам які тэкст, але ён увесь час неяк так ветліва знаходзіў прычыны для адмовы. То ў яго нейкая іншая тэрміновая справа, то натхненне не прыйшло. Але ніякай крыўды ў мяне, натуральна, не было, і тым больш — няма зараз. Проста тады яго ідэі, магчыма, больш супадалі з іншымі музыкамі. Напрыклад, з Касяй Камоцкай. Гэта я толькі нядаўна зразумеў, задумаўся ўжо пасля смерці Міхала — што з Касяй Камоцкай ён увасобіў у жыццё сваю любоў да польскай групы «Maanam». Я, дарэчы, гэты калектыў любіў не менш за Міхала. Але з-за таго, што я хлопчык, мой вобраз не падыходзіў. А вось у Касі Камоцкай ён нешта такое ўбачыў, адчуў. Таму і атрымалася так многа выдатных песень.

Свой веснавы канцэрт на пачатку сакавіка мы пачалі планаваць яшчэ восенню, ужо была дата. А пасля трагічнага сыходу Міхала з’явілася ідэя адрадзіць песню, даць ёй новае жыццё. І так атрымліваецца, што менавіта 4-га сакавіка будзе 40 дзён з дня смерці Міхала Анемпадыстава. І яго памяці мы прысвяцім гэтую кампазіцыю — «Да неба».

У найбліжэйшы час «Крама» плануе вярнуцца ў студыю гуказапісу і неўзабаве выдаць максі-сінгл з трох песень, які стане першай ластаўкай будучага новага альбома. (Апошняя па часе пласцінка «Белая вада» выходзіла ў 2014-м годзе.) У новы максі-сінгл увойдуць кавер на песню «Бонды» «Да неба», студыйны запіс новай песні «Стэфка праз 30 год» («Стэфка-3»), якая дагэтуль мела толькі канцэртную версію, і абсалютна новая кампазіцыя на верш даўняга калегі «Крамы» па напісанні песень Зміцера Лукашука. Акрамя таго, у планах здымкі кліпа на песню «Стэфка праз 30 год», які таксама ўвойдзе ў максі-сінгл.

Між іншым, песні «Крамы» падабаюцца не толькі беларусам. Яны прыйшліся даспадобы і кітайскім аматарам музыкі. Пра гэта паклапаціўся гітарыст з першага, залатога складу «Крамы» Ілья Шэўчык, які 15 гадоў паспяхова працуе ў Кітаі і стаў там прызнаным музыкам. Ён часта выступае на тэлебачанні, супрацоўнічае з мясцовымі артыстамі. На пачатку гэтага года Ілья з кітайскімі калегамі пераклалі на кітайскую мову і запісалі адзін з найвялікшых хітоў «Крамы» «Выпі са мной да дна». Акрамя таго, гэты блюз на кітайскай мове Ілья Шэўчык часта выконвае на канцэртах і сведчыць, што кітайцам падабаецца мелодыка «Крамы». Ёсць планы перакласці і запісаць яшчэ не адну песню нашага беларускага гурта і, магчыма, нават выдаць паўнавартасны альбом. Калі прыхільнікаў «Крамы» ў Кітаі стане многа, Ілья марыць арганізаваць для роднай беларускай групы кітайскі гастрольны тур.

Сустракайце вясну разам з гуртом «Крама»!

4 сакавіка «Крама» запрашае ўсіх прыхільнікаў на прэзентацыю канцэртнага DVD са свайго 25-годдзя ў рэстарацыю «Друзья» (Кульман, 40).

Вас чакаюць: найлепшы беларускі рок, добрае піва і выдатны настрой!

Пачатак а 20-й.

Квіткі ўжо ў продажы.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Вялікі тэатр Беларусі плануе гастролі ў анексаваным Крыме3

«Прачнуліся ад аглушальнага хлапка, а потым зразумелі, што гарым». У Мінску маланка трапіла ў прыватны дом5

Лукашэнка пра «Беларусьфільм»: Няхай ствараюць, прадаюць і жывуць, не — да пабачэння8

Ізраіль дэпартаваў Грэту Тунберг. Яе пасадзілі ў самалёт13

«Паспрабуйце гады праз тры». Менеджар выехаў у ЗША з беларускім офісам пасля 2020 года. Паўтараць (пакуль) не раіць8

Гайдукевіч параіў выкладваць у тыкток «не дупу»16

Беларуска падзялілася ўражаннямі ад аўтобуснага тура ў Дагестан — 32 гадзіны да першага начлега2

Ахматавец у Курскай вобласці расстраляў краму з гранатамёта. Z-каналы заклікалі пакараць яго, але позна2

Новы фільм з «дзіцём Беларусі». Як «Балерына» працягвае справу Джона Уіка7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць