Няхай вас не палохае выгляд: за гэтую хатку ў Зацані просяць 220 тыс. у.а.

Няхай вас не палохае выгляд: за гэтую хатку ў Зацані просяць 220 тыс. у.а.

8-соткавыя дзялкі зямлі пад забудову ў Драздах разышліся за 700 мільёнаў рублёў.

У нашай краіне ўсё большае колькасьць багатыроў, здольных выкласьці сотні тысячаў даляраў за ўчастак зямлі ў добрым месцы пад Менскам. Зірнем на вынікі верасьнёўскіх аўкцыёнаў па продажы зямельных надзелаў у прыватную ўласнасьць. Напрыклад, продаж участкаў пад малапавярховую забудову ў межах пр.Пераможцаў — праезду Дразды — р.Сьвіслач.

Пры стартавых коштах ад 180 мільёнаў рублёў пляцы плошчай 8—10 сотак разыходзяцца за 660-770 мільёнаў.

Зямля імкліва даражэе і ў ваколіцах Менску.
Возьмем, да прыкладу, Зацань. На адным з рыэлтэрскіх сайтаў можна пабачыць здымкі як ўжо пабудаваных «палацаў», так і ўрослых у траву халупаў. Але няхай вас ня страшыць выгляд пахіленых баракаў: яны каштуюць 200 і болей тысячаў даляраў.

У рэгіёнах зямелька пакуль не такая дарагая, як у сталіцы. Тут, відавочна, усё залежыць ад месцазнаходжаньня. Так, у Берасьцейскім раёне ў вёсцы Чэрні ў верасьні ўчастак плошчай ў 11 сотак набылі за 27 мільёнаў, а на курортнай Браслаўшчыне ўчасткі па 24 сотак пайшлі за 70 мільёнаў.

На Магілёўшчыне і Гомельшчыне самыя дарагія ўчасткі з прададзеных на аўкцыёнах каштавалі ня больш за 7 мільёнаў, а вакол сталіцы самы дарагі раён, натуральна, Менскі – ад 30 да 300 мільёнаў рублёў (Сеньніца) за ўчасткі 10 да 25 сотак. Далей ідуць Дзяржынскі і Смалявіцкі раёны.

Варта адзначыць, што ёсьць у Беларусі куткі, дзе пад пабудову дому ўсё яшчэ можна набыць участак зямлі за сьмешныя грошы – якія 100-150 тысячаў рублёў. А бываюць аўкцыёны, на якіх стартавы кошт у выніковага адрозьніваецца ў дзясяткі разоў – прасілі за тыя чвэрць гектару 125 тысячаў, а прадалі амаль за 10 мільёнаў.

Сямён Печанко

Фота rc.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0