16.02.2018 / 14:00

Якія праекты перамаглі ў конкурсе #Паскарэнне?

За каго галасавалі беларусы ў конкурсе #Паскарэнне?

8000 BYN дасталіся праекту KaliLaska

У канцы лістапада платформа Talaka разам з парталам Onliner.by, кампаніяй Velcom і групай кампаній Gurtam запусцілі нацыянальны інтэрактыўны конкурс у фармаце рэаліці-шоу #Паскарэнне. У конкурсе брала ўдзел 216 праектаў.

Мэта конкурсу — натхніць гараджан на сумеснае самастойнае рашэнне прынцыповых праблем, палепшыць якасць жыцця ў гарадах і населеных пунктах Беларусі.

У Намінацыі «Гран-пры» перамог дабрачынны праект KaliLaska. За яго прагаласавала большасць членаў журы. Праект таксама перамог у намінацыі «Народны выбар». Праз краўдфандынгавую платформу www.talaka.org гэты праект «рублём» падтрымала найбольшая колькасць беларусаў.

Арганізатары праекту збіраюць якасныя, але ўжо не патрэбныя людзям рэчы, каб перадаць тым, хто ў іх мае патрэбу. Падапечныя — інваліды, шматдзетныя сем'і, выхаванцы інтэрнатаў і проста людзі, якія маюць патрэбу ў гэтых рэчах. На працяг сваіх добрых спраў каманда праекта атрымала восем тысяч рублёў ад мецэнатаў, а таксама ўсе сродкі сабраныя на краўдфандынгавай платформе.

А хантар, які прывёў на конкурс праект KaliLaska, як і абяцалі арганізатары, атрымаў тысячу рублёў.

Намінацыя «Найлепшы праект»

Перамог #KidsHealth — бясплатны відэакурс па нейрафітнэсе для дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці.

Намінацыя velcom «Камфорт»

Прысуджалася за ўвагу праекта да камфортных пераменаў у жыцці беларусаў. Перамог праект 114.by, накіраваны на стварэнне надзейнага і сучаснага сэрвісу з раскладам прыгарадных і міжгародніх аўтобусаў. Для хуткага і зручнага планавання паездак і маршрутаў.

Намінацыя Gurtam «Праект будучыні»

Перамог адукацыйны праект для студэнтаў Startup team. Мэта праекта — аб'яднаць студэнтаў з розных ВНУ, дапамагаючы ім атрымліваць бясцэнны вопыт у галіне інавацыйнага прадпрымальніцтва. У рамках праекта праводзяцца хакатоны, кейс-чэмпіянаты, эканамічныя гульні і інш.

Намінацыя Ufox «За найлепшую камунікацыйную стратэгію»

Перамог сэрвіс для сямейнага шчасця WeekMenu.by. Сэрвіс прапануе 52 гатовыя тыднёвыя меню з рэцэптамі і спісамі прадуктаў, неабходнымі для закупкі. Ён дазваляе купіць адразу ўсе прадукты на тыдзень за адзін паход у краму ці зрабіўшы адзін заказ з дастаўкай на дом.

Конкурс #Паскарэнне яшчэ раз даказаў, што не варта баяцца публічна расказаць пра сваю ідэю або праект і прапанаваць людзям фінансава падтрымаць іх праз краўдфандынгавую платформу.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру