Гаворка не пра менчукоў. Гэта чарговы спэктакль берасьцейскіх самадзейных артыстаў. Але многія ходзяць на шосты паказ як на першы. Пад Новы год таленавітыя самавукі хочуць паставіць «Працэс» Кафкі.

Собскі Свабодны

Мяне цяжка зьдзівіць, але яны зьдзівілі. Гэта фэерыя, як ні паглядзі. Дынамічнае шоў з агнявымі танцамі -- гэта па сутнасьці. А па форме -- вакол вогнішча, з вогнедыханьнем спачатку чорных сілаў — пана Патоцкага, а потым і сялян, якія яго раззброілі. Адным словам, ёсьць такая ангельская каманда: Fire! Агонь! Агонь па застыгласьці! Агонь па замбізьме! Агонь па мяшчанстве! Па несвабодзе агонь!

На спэктакль публіка трапіла, у асноўным, празь сяброў ды знаёмых. Некаторыя праз інтэрнэт. Я вось выпадкова праз афішу. Думаў, да майго сораму, што прыехаў на гастролі менскі Свабодны, але выйшла, што ёсьць і свае -- і я пра іх ня ведаю.

Акторы маладога веку. Рэжысэрка Аксана Гайко расказала пасьля спэктаклю, што растуць разам як тэатр ужо сем гадоў.

Гурт невялікі -- сем чалавек. Самадзейныя самавукі. Зачапіліся за падмосткі ў клюбе на Вульцы — «малая воля», так называецца былая берасьцейская слабодка, якую яшчэ не да канца пракаўтнула Берасьце Панэльскае.
Вучацца, што называецца, па ходу — езьдзяць на фестывалі за мяжу, у асноўным, у Польшчу, падглядаюць, як працуюць прафэсійныя акторы.

Пра Бандароўну

Спэктакль рэалізуе задуму сродкамі мадэрну з украпленнем традыцыйных тэатральных прыёмаў, настолькі арганічна ўплеценых у фэерыю, што ўражаньне сьвежасьці і навіны толькі большае. Фальклёрныя матывы — што заўгодна толькі не зацяганыя падвываньні бяззубых старых кабетаў з афіцыйных лубочных расповядаў пра беларускі скансэн. Найперш гэта датычыць галашэньня па зьмерлай Бандароўне.

Усё зьвязвае жывая ніць плястычнага рознарытмавага танцу. Не спудлаваў тут Андрэй Багданаў, які падабраў на кампутары файны саўнд-трэк. Тэхнічнае суправаджэньне, як для абласнога цэнтру, дык вельмі нішто сабе. А напрыканцы ўступаюць ужывую ўдарныя — і гэта класна!

Дзея разварочваецца на адкрытым паветры. Роўны луг у двары клюба, людзі чалавек дзьвесьце колам, кола замыкаецца на дэкарацыі — палатняная парт’ера пяць на два з паловай, пасярэдзіне нейкі круглы твар страшны з разяўленым ротам крыху мілейшы за Мэдузу Гаргону, праз яго і збоку парт’еры выходзяць да гледачоў і вяртаюцца акторы.
Вогнішча. Вакол яго басанож пры плюс шасьці па траве, вільготнай ад нядаўняга дажджу, у танцы рушаць чацьвёра, двое «ён і яна» ў зрэбным. Маладыя сяляне. Перакідваюцца жывёламі, бусламі. Паганства! Купальле! Пан да пары прагульваецца за сьпінамі гледачоў зь бізуном і страшным тварам-маскай. Нагнятае жах самнамбулічнымі рухамі ды показкамі і — уступае ў кола, крыўдзіць і тыраніць. Раскідае касьцюм Буслу, палохае дзявулю, крыўляе. Слоў вобмаль, толькі пляска, мова жэстаў — суцэльнае імпрэсіё.

Шакуюча зьяўляецца Пан у другой зьяве — паўзы няма, ён вось быў двухмэтровае пужалава, сыйшоў за дэкарацыю — і вось ужо з-па-над яе выторкваецца

чатырохмэтровае боўдзіла — Патоцкі на хадулях! Цалкам дамінуе над сваімі ахвярамі, над Бандароўнай, тыраніць, звадзіць, гвалтуе. Абсалютна ўражвальная мізансцэна! І абсалютная алюзія сучаснасьці.

Жудліва памірае скрыўджана Бандароўна. Застыглы яе труп ставяць старчака, убіраюць у строі пахавальныя зь вянком нявесты. Вось дзе пачынаецца беларуская містыка а-ля Гогаль! І — пералом у дамінацыі Пана. Бо ён баіцца Бандароўны, як яна замбічна рушыць на яго і пачынае гнобіць ягоную аўру. Ажываюць упоравень з гэтым другія скрыўджаны сяляне-пахаджане, у іх рухах зьяўляецца сэнс. Пан падпальвае нейкую зброю, дыхае-плюецца вагнём з свае чатырохмэтровае вышыні — ды пайшоў яго час на ўбытак. Зноў алюзія.

А напрыканцы тэатральная дыскатэка! Ажывае й выходзіць з-за Мэдузы Бандароўна. Побач стаў і кланяецца публіцы, — у, гада кусок — Пан. Публіка наперагонкі прэ ў капялюш на лузе грошы за спэктакль, становіцца ў кола і танчыць, танчыць вакол вогнішча расхрыстанае сьвята вызваленьня. Пяць хвілін, і дзесяць, і пятнаццаць — і вось ужо верыцца, што гэта будзе да сьвітанку.

Здымкі

І што ў апэратараў аднаго вядомага беларускага замежнага тэлеканалу ня хопіць памяці ў камэры. Бубначы было сьціхлі, народ паверыў на сэкунду — але самы адчайны з хлопцаў — гэх! — урэзаў зноў па бубну, яго напарнік рассыпаў маракасы, трэці падхапіў яшчэ па нечым плоскім — і панесьліся зноў у нейкай імправізаванай літвінцы акторы і гледачы.

Увесь спэктакль народ у коле падымае хто лічбавік, хто проста мабільнік і фатаграфуюць — страшнога Пана, плястычныя групы, вогнедышных Патоцкага і ягонага пераможцу і — факт! — Бандароўну. Дый Аксану Гайко.

Гайко

Рэжысэрка маладая і колькі яе помню свабодалюбная. З такое любові і вырас такі вось незвычайны тэатр.

Малады і — непрымітыўны. Нават рафінаваны.
Аксана кажа, сталічны Свабодны перажывае за брэнд. Нездарма, думаю сабе. Але ж мы з Вулькі, мы першасна вольныя, Свабодныя. Акапаліся тут і не бярэм асабліва да галавы.

Гурт у іх сяброўска-сямейны. Адзін з самых плястычных танцоўшчыкаў гурту Аксанін муж Сяргей. А непадробны пан Патоцкі — яе брат Алег.

Падыходзіць высокі хлапчына з доўгімі бялявымі валасамі. Танчыў надоечы як апантаны. Дзякуе Аксане, яны па-сяброўску абдымаюцца. Думаў, кажу, гэта ваш актор — надта танчыў прафэсійна. Ды не, кажа ўзуваючы кеды Аксана, ужо разоў шэсьць ставілі «Бандароўну», дык ён ні разу не прапусьціў. Мы ўжо і пасябравалі.

Аксана кажа, чытала «Шаршні» Петэра Гандке ў часопісе ARCHE. Мабыць, прыцэньваецца. Што ж, твор шызоідны, амбівалентны. І, як і ўсё крылатае, палётны. Але яна агучвае іншую задуму.

— Пад Новы год мяркуем паставіць «Працэс» Кафкі. Гэта будзе варыянт indoor — больш не на адкрытым паветры.
А Вас, раз ня ведалі пра нас, заносім у рассылку.

Буду ўзаемна ветлівы і даю адрас сайту гэтай сямёркі.

Будзе нагода паглядзець «Бандароўну» – выбірайцеся і ня думайце! Такое відовішча ня тое што ў Польшчу – куды заўгодна везьці ня шкода, будзь я антрэпрэнёрам, камэрц-дырэктарам ці яшчэ якім там мэнэджэрам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?