Дактары высветлілі, што бялкі-прыёны, якія выклікаюць хваробу Альцгеймера, могуць перадавацца не толькі пры пераліванні крыві ці ін'екцыях гармону росту, але і падчас звычайных нейрахірургічных аперацый, гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Acta Neuropathologica.

«Мы даволі даўно ведаем, што прыёны, якія выклікаюць каровіна шаленства, могуць трапляць у мозг новых ахвяр у ходзе пэўных медыцынскіх і хірургічных працэдур. Мы праверылі, ці адбываецца нешта падобнае з бляшкамі бэта-амілаіду», — распавядае Себасцьян Бранднер (Sebastian Brandner) з універсітэцкага каледжа Лондана (Вялікабрытанія).

У верасні 2015 г. Бранднер і яго калегі, калі вывучалі мозг людзей, якія загінулі ад каровінага шаленства, выявілі, што хвароба Альцгеймера можа перадавацца ад аднаго чалавека да другога ў выніку заражэння нервовай тканкі чужароднымі прыёнамі.

Прыёны ўяўляюць сабой клубкі зблытаных і няправільна сабраных бялковых малекул, якія назапашваюцца ў нервовых клетках хворых людзей. Як аказалася, яны здольныя стымуляваць з'яўленне бляшак бэта-амілаіду ў здаровых людзей, калі трапляюць у іх кроў і мозг.

Гэта ўпершыню паставіла медыкаў перад тым, што хвароба Альцгеймера можа быць заразнай. Пераносчыкам і крыніцай прыёнаў, як выявілі навукоўцы яшчэ ў мінулым годзе, служаць некаторыя хваробатворныя бактэрыі, а таксама заражаная кроў ад донараў, якія пакутуюць ад гэтай хваробы.

Бранднер і яго калегі знайшлі новыя доказы заразнасці хваробы Альцгеймера, прааналізаваўшы архівы Нацыянальнага неўралагічнага шпіталя Вялікабрытаніі, дзе захоўваюцца запісы аб выпадках захворвання за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў.

Навукоўцаў цікавілі параўнальна рэдкія і незвычайныя аперацыі, падчас якіх лекары спрабавалі ліквідаваць крывацёк у мозгу, выкліканы назапашваннем бляшак бэта-амілаіду і іншых прыёнаў. Падобныя праблемы, як адзначаюць біёлагі, часцей сустракаюцца ў пажылых людзей з хваробай Альцгеймера і іншымі нейрадэгенератыўнымі захворваннямі, а для маладых пацыентаў яны вельмі нехарактэрныя.

Кіруючыся гэтай ідэяй, навукоўцы паспрабавалі знайсці ў архіве нататкі аб аперацыях, дзе пацыентамі былі не пенсіянеры, а даволі маладыя людзі, якія няясным шляхам займелі хваробу Альцгеймера. Агулам даследчыкам удалося знайсці чатыры такія выпадкі: двух маладых людзей і адну жанчыну ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў і яшчэ адну жанчыну 57 гадоў.

Усе яны перанеслі складаныя аперацыі па выдаленні дабраякасных пухлін мозгу, костак чэрапа і хрыбетніка прыкладна за 15—20 гадоў да з'яўлення першых крывацёкаў. Як паказаў статыстычны аналіз, гэта супадзенне не было выпадковым — яны заразіліся клубкамі бэта-амілаіду ў выніку кантакту з хірургічным інструментам.

«Пакуль нельга дакладна казаць, што хвароба Альцгеймера заразная, — гэтыя людзі, нягледзячы на наяўнасць бляшак бэта-амлаіду ў іх мозгу, не пакутавалі ад астатніх яе праяў, у тым ліку анамальна высокіх узроўняў тау-бялку. З іншага боку, усё гэта паказвае на тое, што хірургам варта радыкальна памяняць спосаб стэрылізацыі інструментаў пры падобных аперацыях», — заключае Бранднер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0