16.02.2018 / 18:25

Пяць фактаў пра алімпійскую чэмпіёнку Ганну Гуськову 4

Беларуска Ганна Гуськова заваявала першы алімпійскі медаль для нашай краіны ў карэйскім Пхёнчхане. «НН» сабрала цікавыя факты пра спартсменку.

У фрыстайле з сямі гадоў

Ганне Гуськовай 25 гадоў, яна родам з Мінска. Бацька прывёў яе займацца гэтым прыгожым відам спорту, калі дзяўчынцы было ўсяго толькі сем гадоў. Кажа, што спадабалася адразу, бо з малых гадоў была гарэзлівай. Праз два гады ўпершыню стала на лыжы. Ганна расказвае, што яны былі ў два разы даўжэйшымі за яе саму.

Баіцца вышыні

Гуськова робіць фантастычныя скачкі з лыжамі ў паветры, пры гэтым яна баіцца… вышыні. «У жываце тады становіцца казытна, не магу глядзець уніз з высокіх будынкаў». А вось выступаць найбольш любіць у цёмны час сутак, калі над пляцоўкай уключанае электрычнае асвятленне, а не пры натуральным святле.

Былі цяжкія траўмы

Яшчэ ў маладыя гады Ганна Гуськова перанесла вельмі складаную траўму — разрыў пярэдняй крыжападобнай звязкі. Падчас аперацыі ў калена ўкручвалі тытанавыя шурупы. Спартсменка кажа, што самае складанае нават не сама траўма, а псіхалагічна адысці ад яе. «Хадзіла на рэабілітацыю, чытала кнігі, глядзела тэлевізар», — так яна расказвае пра гэты перыяд. Калі вярнулася, то баялася, што калена проста «разляціцца» пры першым жа скачку, але ўсё абышлося.

Цяжкая траўма была ў Гуськовай падчас мінулага сезона. Пры адным з прызямленняў Ганна парвала меніск, у выніку давялося прапусціць амаль цэлы сезон. Фрыстайл — гэта такі від спорта, дзе прайсці ўсю кар’еру без моцных пашкоджанняў амаль немагчыма.

Духоўным бацькам лічыць Дзмітрыя Дашчынскага

«Ён мне як старэйшы брат», — кажа Гуськова. Маўляў, заўсёды можа падысці да Дашчынскага з парадай. Выходзіць, што вучаніца пераўзышла настаўніка. Дзмітрый Дашчынскі двойчы трапляў на алімпійскі п’едэстал. У Нагана ён быў трэцім, а ў Турыне — другім. А вось Гуськова ўзышла на самую высокую алімпійскую прыступку.

«На трэніроўках мяне падганяць не трэба, а вось у жыцці часта бывае, што жыву, як у космасе, адным днём», — расказвала чэмпіёнка. За пятнаццаць секунд фрыстайлістка можа падцягнуцца дзесяць разоў. Кажа, што гэтага вельмі мала. Падцягваецца і з дадатковай вагой (блін у 5-10 кілаграмаў).

Любіць татуіроўкі, не любіць дыскатэкі

Татуіроўкі — гэта адна з жарсцяў алімпійскай чэмпіёнкі. Яе руку ўпрыгожвае вялікая кветка, на правай — таксама кветка з драпежнай пумай. На ключыцы ў яе выбіты жыццёвы дэвіз на латыні Provehito in Altum — «імкніся ўвышыню». Першае тату яна зрабіла ў 17 гадоў.

А вось начныя клубы Ганна Гуськова не надта шануе. Кажа, што была літаральна некалькі разоў «за кампанію». У вольны час бывае шые адзенне. Чула пра тое, што Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, але кнігі лаўрэата не чытала.

Зміцер Панкавец

4
Франциск А. / Адказаць
17.02.2018 / 13:03
Никто не написал комментария. Любовь к пожирателям бюджетных денег безгранична). Видно, модерацию прошел никто.
2
Таша / Адказаць
17.02.2018 / 13:53
Малайчынка! Ганаруся! Жадаю далейшых посьпехаў!)
1
шос / Адказаць
17.02.2018 / 15:41
труд тяжелый окупает себя порой -молодец
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру