25.02.2018 / 09:20

Знойдзеная магіла кіраўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Варонкі 27

Беларускі сацыяліст Язэп Варонка быў у цэнтры падзей 1918 года, дзякуючы якім беларусы аднавілі сваю дзяржаўнасць. 

Сябар Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, Варонка ўваходзіў у Вялікую беларускую раду, а пасля стаў старшынём урада, які называўся тады Народны Сакратарыят, і міністрам замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Калі Расія і Польшча ўрэшце падзялілі Беларусь між сабой, Варонка выехаў у ЗША. Ад 1923 года ён жыў у Чыкага.

Было вядома, што першы старшыня Народнага Сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Варонка пахаваны на праваслаўных могілках у Чыкага, але дзе канкрэтна — ніхто не ведаў. І вось навіна: Варонкава магіла знойдзена.

А яшчэ праз суткі, дзякуючы дапамозе грэка-каталіцкага святара ў Злучаных Штатах а. Ігара Лабацэвіча, я па электроннай пошце звязаўся з іншым каталіцкім святаром — а. Аляксандрам Аўдзеюком, які раней служыў у Менску ў візантыйскім абрадзе, а цяпер служыць у Амерыцы ў абрадзе лацінскім.

Айцец Аляксандр Аўдзяюк, які знайшоў магілу Язэпа Варонкі і ягонай жонкі Марыі, паведамляе, што могілкі, дзе пахаваныя сужэнцы Варонкі, маюць назву Элмвуд. Поўная іх назва на англійскай мове — Elmwood Cemetery and Mausoleum. Знаходзяцца яны ў Рывэр Гроўв (River Grove). Гэта прыгарад Чыкага. У большасці там пахаваныя праваслаўныя — грэкі і славяне.

Магілу Язэпа Варонкі а. Аляксандр знайшоў у верасні 2017 г. Святар пабываў таксама на каталіцкіх могілках Святога Адальберта (St Adalbert Cemetery). Яны знаходзяцца ў іншым прадмесці Чыкага — Найлс (Niles). Там

святар лакалізаваў магілы Будзькаў (аднаго з піянераў беларускага руху ХХ ст. Эдварда Будзькі і яго родных), педагога і вайсковага дзеяча Міколы Дзямідава («па кудзелі» быў родзічам Кастуся Каліноўскага), кампазітара Міколы Куліковіча, Пануцэвічаў (гісторыка Вацлава Пануцэвіча і яго родных). На могілках Св. Адальберта пахаваны таксама сябар Рады БНР, яе дыпламат Янка Чарапук (Змагар), шматгадовы паплечнік Язэпа Варонкі і адзін з арганізатараў беларускай дыяспары ў ЗША у міжваенны перыяд і пасля Другой сусветнай вайны.

Айцец Аляксандр Аўдзяюк прыслаў мне свае фотаздымкі магілаў Язэпа і Марыі Варонкаў, якія я прапаную рэдакцыі. Гэтыя здымкі наводзяць на роздум.

Добра, што магілы Язэпа Варонкі ды іншых нашых дзеячаў знойдзеныя, і а. Аляксандру належыць за гэта падзяка. Нядобра, што кіраўнік першага ўрада Беларусі і яго жонка ляжаць пад сціплымі плітамі з іншамоўнымі надпісамі. Беларускае грамадства (як на Бацькаўшчыне, так і ў дыяспары) магло б сабраць сродкі на гожыя (не пампезныя) помнікі першаму прэм’ер-міністру Беларусі, чый подпіс стаіць пад Устаўнымі Граматамі Беларускай Народнай Рэспублікі, і ягонай жонцы.

Анатоль Сідарэвіч 

39
Беларуская атлантыда / Адказаць
25.02.2018 / 09:31
Трэба перанесці магілы ў Мінск
6
Яуген. / Адказаць
25.02.2018 / 09:39
Патрэбна арганiзаваць талаку i перавесцi грошы дыяспары.
1
е / Адказаць
25.02.2018 / 09:43
"Гробница доблестных - вся земля. Их история рассказывается не только камнями, воздвигнутыми над их телами. Она живет всюду без всякого видимого символа, вплетенная в ткань жизни других людей". - Перикл ....
Паказаць усе каментары/ 27 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру