25.02.2018 / 13:21

Сіцылія зімой: аранчыні, мафія, Таарміна і звышчалавечы Чэфалу ФОТЫ 5

Апавядае Аляксей Ластоўскі.

Сіцылія ў студзені

Студзень для Сіцыліі — пік антысезона. Турыстаў вобмаль, большасць гатэляў папросту зачыняюцца на зіму, тыя, што застаюцца працаваць, практычна пустыя. Між тым, тэмпература досыць камфортная, пры канцы студзеня я грэўся і пад +20, толькі ўвечары рэзка пачынае халадаць, і гэтым непадобна да вясны. Мясцовыя ўпарта лічаць, што гэта суровая зіма, і ходзяць у зімовых пухавіках, залётныя турысты ж могуць сабе дазволіць гуляць у майках і шортах.

Гаспадыня кавярні на Кафедральнай плошчы ў Палерма (родам з Мікалаеўскай вобласці Украіны) парэкамендавала мне прыязджаць у кастрычніку, паколькі тады спадаюць натоўпы турыстаў, а надвор’е захоўвае летні кшталт, да таго ж, мора застаецца прыемна цёплым (летам на сонцы можна зварыцца).

Знайшоў сабе любімы сіцылійскі фастфуд: аранчыні. Звонку — абсмажаны рыс, а ўнутры можа быць розная смаката: баланьезэ, вяндліна, рыба ці сыр. Аказалася, што ўладальніца кавярні на рагу Кафедральнай плошчы — украінка, родам з Мікалаеўскай вобласці, вось табе і традыцыйная сіцылійская кухня.

Сіцылія і мафія

Пры ўсёй сваёй зацятай правінцыйнасці сіцылійцы нарадзілі глабальны феномен — мафію. Ёсць чым ганарыцца. Найбольш суровыя часы ў мафіі былі пры Беніта Мусаліні. Фашысты і мафіёзі супольнай мовы не знайшлі, дучэ прызначыў у Сіцыліі пракурора з надзвычайнымі паўнамоцтвамі, які жорстка пачаў пераследаваць мясцовых донаў, з прымяненнем катаванняў і інстытута закладнікаў. Мафіёзі масава пачалі ўцякаць у ЗША. Але гэта мела нечаканыя наступствы: калі амерыканцы разважалі, дзе рабіць высадку сваіх войскаў на еўрапейскім кантыненце падчас Другой сусветнай вайны, раптоўна ўсплыў варыянт Сіцыліі, паколькі ЦРУ паспяхова дамовілася з сіцылійскімі мафіёзі аб падтрымцы высадкі войскаў на востраве.

«Бос босаў» Віта Джэнавезэ працаваў перакладчыкам пры амерыканскім войску, адначасова паспяхова раскрадаў грузавікі і прадукты. Калі яго вырашылі аддаць пад суд, то абодва сведкі абвінавачвання трагічна загінулі, і працэс разваліўся.

Ці варта казаць, што першыя пасляваенныя гады Сіцылія знаходзілася пад поўным кантролем мафіі. На мяжы 1980—1990-х дзяржава вырашыла прыціснуць гэты крымінальны сіндыкат, пачаліся масавыя арышты, якія справакавалі сапраўдную вайну паміж мафіяй і італьянскай дзяржавай: хвалі гучных забойстваў (мэраў, пракурораў, паліцэйскіх) сутрасалі краіну.

У дзяцінстве я моцна перажываў за камісара Катані ў тэлесерыяле «Спрут», на жаль, атмасфера гвалту і карупцыі ў гэтым серыяле была вельмі блізкай да рэчаіснасці. Цяпер жа супрацьстаянне сціхла, палермцы на пытанне пра мафію толькі паціскаюць плячыма і кажуць, што мафія перабралася ў Рым, туды, дзе круцяцца буйныя грошы, што ім тут ужо рабіць, у той няшчаснай Сіцыліі?

Лёс Сіцыліі

Напэўна, найлепш пра гістарычны лёс вострава сказаў князь Саліна ў знакамітым рамане «Гепард» Джузэпе Тамазі дзі Лампедуза: «Для сіцылійцаў не так істотна, дрэнна штосьці робіцца ці добра: грэх, які ў нас у Сіцыліі ніколі не даруюць, — гэта агулам штосьці рабіць. Мы старыя, шэвалье, вельмі старыя. Вось ужо прынамсі дваццаць пяць стагоддзяў, як мы на нясем на сваіх плячох цяжар розных цывілізацый, і ўсе яны прыходзілі звонку, сфарміраваныя і развітыя, ні адну мы не нарадзілі самі, ні адну мы не наладзілі па сваім камертоне. Мы такога ж белага колеру, як вы, шэвалье, як англійская каралева, але ўжо дзве з паловай тысячы гадоў мы калонія».

Сапраўды, гэта была перыферыя каланізацыі старажытных грэкаў, Архімед у Сіракузах ствараў свае вынаходніцтвы, тут у Пунічных войнах рымляне білі карфагенцаў, візантыйскія генералы адваёўвалі Сіцылію ў арабаў, нарманы стварылі тут сваё паўднёвае каралеўства, якое потым пераходзіла да розных дынастый: нямецкіх Гогенштаўфенаў, французскіх Анжуйцаў, іспанскіх Арагонаў, нарэшце, да Габсбургаў і Бурбонаў.

Аб’яднанне Італіі пачалося з высадкі Гарыбальдзі ў Сіцыліі, але востраў застаўся далёкай і закінутай правінцыяй і ў Італіі, аб’яднанай пад эгідай п’емонцкага караля.

Цяпер Сіцылія мае рэгіянальную аўтаномію, пакрыху, вельмі павольна будуе сваё ўласнае жыццё. Сепаратысцкіх тэндэнцый практычна няма, але дыстанцыя да мацерыковай Італіі вельмі адчувальная.

Таарміна

Зіхатлівая пярліна на ўсходнім узбярэжжы вострава! Шчыра кажучы, пра Таарміну я чуў найперш па летніх оперных пастаноўках, якія ладзяцца ў антычным тэатры ўлетку. Злазіў на гару, з вёсачкай Кастэльмола, вельмі турыстычная, ад нарманскага замка засталіся толькі рэшткі вежы, але адкрываюцца фантастычны краявід на Этну. Вулкан нешта сабе дыміць, не спыняецца.

І на Таарміну можна зверху зірнуць, горад навіс тэрасай над морам, як Гётэ казаў, тут у руках Бога сышліся разам прырода і мастацтва. Горад даўно, з ХІХ стагоддзя, стаў месцам элітнага адпачынку каранаваных асоб і кіназорак. Тут і Ніцшэ спыняўся ў гатэлі Termio, на балконе з відам на антычны тэатр ён напісаў добрую частку «Так казаў Заратустра». Цяпер ужо турысты меншага калібру сюды дабіраюцца, але ўсё роўна Таарміна пакідае за сабою статус самага дарагога курорта на Сіцыліі.

Чэфалу

Назва свае карані бярэ ад слова «гара», і цяпер над горадам навісае вялізная скала, La Rocca. Цяпер усё жыццё ўнізе, а ў ранейшыя, больш небяспечныя, часы гара дазваляла весці спакойнае жыццё, абараняцца ад нападаў піратаў і арабаў. Першыя сляды чалавечай прысутнасці — культавая пабудова VI ст. да н.э., так званы Храм Дыяны, пазней перабудаваны ў візантыйскую царкву святой Венеры. Але важней для гары — замак, пабудаваны ў ХІІ ст. нарманскім каралём Ражэ ІІ, і перабудаваны ўжо пазней Фрыдрыхам ІІ Гогенштаўфенам (абодвух каралёў і цяпер вельмі шануюць у Чэфалу, галоўная вуліца — аве Руджэро). Як звычайна для Сіцыліі, зверху ашаламляльныя краявіды, горад з нарманскім саборам і невялікі порт.

Кафедральны сабор Чэфалу

Чэфалу вартае наведвання ўжо дзеля кафедральнага сабора, узведзенага нарманскім каралём Ражэ ІІ, па легендзе, у знак удзячнасці пасля марскога падарожжа, падчас якога кароль ледзь не загінуў. Падчас будаўніцтва выкарыстоўваліся арабскія майстры і грэчаскія мастакі, апошнія стварылі знакамітую мазаіку Хрыста Пантакратара ў апсідзе сабора, якая цудоўна захавалася. Джон Джуліус Норвіч лічыць гэту мазаіку адным з найбольш узнёслых вобразаў Хрыста ў гісторыі заходняга хрысціянскага мастацтва. Спалучэнне нарманскіх, візантыйскіх, арабскіх элементаў — гэта яркая прыкмета вялізнага пласта сіцылійскай спадчыны, які мне тут найбольш цікавы.

Тэлеміцкае абацтва ў Чэфалу

Тут у 1920—1923 гадах са сваімі вучнямі і вучаніцамі жыў легендарны чорны маг Алістэр Кроўлі. У абацтве займаліся сэксуальнай магіяй, ладзілі гнастычныя месы, Кроўлі быў моцна падсеўшы на гераін і какаін. З-за пануючай там антысанітарыі адзін з вучняў памёр, яго жонка пачала кампанію супраць Кроўлі, у тым ліку ў газетах, і ўрад Мусаліні выгнаў мага з Італіі. Без «Звера 666» абацтва развалілася. Але выглядае на тое, што пасля ніхто не рызыкнуў жыць у гэтым доме. Пішуць, што зрэдку там даюць канцэрты. Таксама чытаў пра планы стварыць музей Кроўлі ў гэтым будынку, але звонку ён усё такі ж цалкам запушчаны. Унутр не прабрацца, усе шляхі надзейна перакрытыя, а лезці праз агароджу я не рызыкнуў, усё ж прыватная ўласнасць.

Кафедральны сабор у Манрэале

Кафедральны сабор у Манрэале — адзін з самых прыгожых хрысціянскіх сабораў, што я бачыў. Па інтэр'еры, звонку абы-што. Але ўнутры грандыёзны комплекс візантыйскіх мазаік, дзе і традыцыйны Хрыстос Пантакратар у апсідзе, увесь жа неф у тры ярусы запоўнены мазаікамі, якія ілюструюць Стары і Новы Закон. Гэта апагей нарманска-візантыйскага мастацтва, вытанчаная прыгажосць і крыштальная яснасць. У саборы два саркафагі нарманскіх каралёў, Вільгельма І і Вільгельма ІІ (апошні і збудаваў гэты сабор, па паданні, знайшоў скарб свайго бацькі і гэтыя грошы пайшлі на будаўніцтва).

Нечакана было сустрэць тут статую-рэлікварый Людовіка Святога, французскага караля. Аказваецца, пасля яго гібелі ў Тунісе Людовік быў спачатку пахаваны ў Манрэале, а потым быў ужо перавезены ў Сен-Дэні. Але сэрца засталося тут, аточанае прыгажосцю.

Што можа нас яднаць з Сіцыліяй?

Святы Казімір, апякун Літвы і Беларусі. «Каранацыя Святога Казіміра» П'етра Навэлі з палермскай царквы святога Міколы Таленцінскага.

Палаца Абатэліс

Галоўны мастацкі музей Сіцыліі нешта не дужа цягне на свой статус (тым больш, калі параўнаць з паўночнай Італіяй, дзе можна знайсці лепшую калекцыю ў любым маленькім гарадку). Завабліваюць імёнамі Караваджа і ван Дэйк, але ван Дэйк сумнеўнай атрыбуцыі, а Караваджа — толькі копія (адзіны арыгінальны твор Караваджа ў Палерма быў, на жаль, скрадзены, і лёс яго невядомы). Але ёсць велізарная і фантасмагарычная фрэска «Трыумф смерці», зала з чатырох прац Антанэла дэ Месіна, шмат барочнага мастацтва, нават дзве карціны Джузэпэ дэ Рыбера ад іспанскіх Бурбонаў дасталіся. Чакалася ўсё ж больш.

Гара Пелегрына

Гара Пелегрына вельмі папулярная сярод палермцаў, і не толькі таму, што знаходзіцца практычна ў межах горада. На гары знаходзіцца санктуарый святой Разаліі, апякункі горада, якую тут вельмі шануюць.

Сама Разалія паходзіла са шляхетнай сям'і, але забралася ў горную пячору і давяла сябе да поўнага катарсісу. Паколькі такіх дзівакоў тады хапала, можа б, пра яе і забыліся, але ў цяжкі для Палерма час, калі распаўсюдзілася эпідэмія чумы, яна з' явілася ў яве аднаму паляўнічаму і параіла перанесці яе рэшткі з пячоры ў кафедральны сабор Палерма. Пасля гэтай працэдуры чума цудоўным чынам спынілася, а святая Разалія стала апекавацца Палерма. На месцы ж знаходжання парэштак святой у гарах быў пабудаваны санктуарый, вельмі шанаваны. Праўда, асноўныя рэшткі ў саборы Палерма, іх на свята дастаюць і носяць па вуліцах. У санктуарыі засталіся толькі зуб і кавалак косткі святой Разаліі, ну хоць нешта.

Месца настолькі папулярнае, што да яго ходзіць нават гарадскі аўтобус, але я не абраў гэты варыянт для слабакоў, падняўся сам угору па «Старой лесвіцы», па якой прайшліся і дзясяткі каранаваных асобаў.

У санктуарыі вісіць гэты ганаровы спіс, і пра Мусаліні нават не забыліся. Сярод паломнікаў быў і Гётэ, які быў моцна ўражаны скульптурай святой, якая быццам толькі чакае моманту, каб ажыць.

Яшчэ ў гроце вельмі сімпатычная скульптура Immaculata, надзіва добрая падборка барочнай скульптуры, можна задаволіць не толькі рэлігійныя пачуцці. Але я хацеў залезці яшчэ наверх, пасля некаторых кансультацый з рознымі мапамі знайшоў досыць кароткі шлях на адну з вяршыняў гары (каля 600 метраў). Як выявілася, выбар маршруту быў не найлепшы, бо потым зразумеў, што на мапе парку ён пазначаны як «шлях да семафораў», якія ў ранейшыя часы з вяршыні свяцілі караблям. Праблема ў тым, што зараз у гэтым месцы на вяршыні гары вайсковая база з антэнамі. Асабліва краявідаў не пабачыш, тэрыторыя агароджаная. Я не стаў асабліва фоткаць базу, што зробіш, пачаў спускацца, натуральна, ужо не па «старой лесвіцы». Але спуск апынуўся самым складаным, вельмі стромкім, лепей бы я па ім залазіў, а ўніз ужо па «старой лесвіцы». Агулам на гары — дзясятак тэматычных маршрутаў (у тым ліку адзін звязаны з Гётэ), але абавязкова варта завітаць у санктуарый.

Кафедральны сабор Палерма

Кафедральны сабор Палерма захоўвае ў сваім знешнім выглядзе таксама нарманскія рысы, але ўнутры быў цалкам перароблены ў духу пустога класіцызму. Тут знаходзяцца саркафагі сіцылійскіх каралёў, у тым ліку і Ражэ ІІ. Найбольшую ўвагу прыцягвае саркафаг імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха ІІ Гогенштаўфена, які ўспадкаваў Сіцылійскае каралеўства, а потым быў абраны германскім імператарам (1220—1250). У гісторыю ён увайшоў пад прозвішчам Stupor Mundi, гэта адна з найбольш яркіх і велічных постацяў сярэднявечнай Еўропы. Зацятая барацьба Фрыдрыха з рымскімі папамі (яго тройчы адлучалі ад царквы) стала асновай для гібелінскага міфа, ён стаў сімвалам ідэі Імперыі для еўрапейскай гісторыі. Па легендзе, Фрыдрых насамрэч спіць недзека ў горнай пячоры (ці вулкане Этна), і калі прачнецца, то адновіць сілу і славу германскай Імперыі.

Юліуса Эволу, які ў ХХ стагоддзі прыклаў найбольшыя намаганні для аднаўлення імперскай ідэі, называлі звышгістарычным агентам імператара Фрыдрыха ІІ. Насамрэч, Фрыдрыха пахавалі ў саркафагу з парфірыю, які быў падрыхтаваны яшчэ для яго дзеда, Ражэ ІІ, але так і не быў тым скарыстаны. Што мяне найбольш здзівіла, у гэты ж саркафаг пазней яшчэ падклалі караля Пятра Арагонскага, наўрад ці такі крок можна патлумачыць матывамі эканоміі, можа, гэта было своеасаблівым ушанаваннем архетыпічнага Імператара?

У крыпце сабора можна ўбачыць і карону Канстанцыі Арагонскай, жонкі Фрыдрыха ІІ Гогенштаўфена, якую знайшлі ў яе магіле. Зноў жа, ёсць легенда, што гэта карона самога Фрыдрыха, якую ён паклаў у магілу сваёй жонкі.

Катакомбы капуцынаў у Палерма

Адно з найбольш вар'яцкіх месцаў, што я бачыў у сваім жыцці. Гэта нават круцей, чым парыжскія катакомбы ці касцяная капліца ў партугальскай Эворы. Восем тысяч мумій выстаўленыя шэрагамі, большасць у выцвілых касцюмах сваёй эпохі. Падзеленыя на галерэі: мужчын, жанчын, дзяцей, дзяўчат-цнатлівіц, прафесіяналаў, святароў і манахаў (ужо адна гэта класіфікацыя роду чалавечага мяне прывяла ў захапленне).

Адначасова ідзеш па станцыях Крыжовага шляху, натуральна, манахі паклапацілася, каб змясціць сябе напрыканцы гэтага шляху. На жаль, фоткаць забаронена, хоць ніхто за гэтым асабліва не сочыць.

Палацінская капліца

«Найпрыгажэйшая рэлігійная пярліна, пра якую можа марыць чалавечы розум», — так пісаў пра Палацінскую капліцу Гі дэ Мапасан. Сюды штодзень прыходзіў Рыхард Вагнер у пошуках натхнення для апісання містэрыі Грааля ў оперы «Парсіфаль». З Уільямам Батлерам Ейтсам у капліцы здарылася містычнае азарэнне, што стала імпульсам для стварэння паэмы «Плаванне ў Візантыю». У якасці бонуса можна наведаць Каралеўскія пакоі (бо Палацінская капліца была пабудавана для нарманскіх каралёў у іх палацы).

У Геркулесавай зале цяпер адбываюцца пасяджэнні сіцылійскага парламенту (таму ў гэтыя пакоі можна патрапіць толькі з пятніцы па панядзелак), але самая цікавая зала Ражэ (пабудаваная для караля Ражэ ІІ), дзе захавалася і арыгінальная раманская структура і, зноў жа, столі ўпрыгожаныя мазаікамі.

Агулам візантыйскія мазаікі нарманскай эпохі ў Палерма, Манрэале, Чэфалу — гэта нешта звышчалавечае, дасканалае ў сваёй узнёсласці.

Джон Джуліус Норвіч лічыць Нарманскае каралеўства вяршыняй сіцылійскай гісторыі, і сапраўды, гэта забытая дзяржава пакінула па сабе велічны след.

Аляксей Ластоўскі

2
Сергей / Адказаць
25.02.2018 / 15:27
Хорошая поездка.
Надеюсь, в следующий раз нива обеспечит автора камерой)
Ну и запад классный тоже. Erice, Segesta, Mozia, Favignana.

Насчёт мафии - спрашивать местных про такое - это как докалупаться до москвича с балалайкой, медведем, водкой из самовара... не надо так )
10
Чэсны / Адказаць
26.02.2018 / 08:52
Мне одному показалось, что статья просто апология фашизма. Эвола, Муссолини в восторженных тонах. Все понятно.
0
Аляксей Ластоўскі / Адказаць
26.02.2018 / 12:06
2 Сергей Ды ёсць у мяне Nikon D90, але я даўно перастаў браць яго ў вандроўкі, паколькі калі цэлы дзень на нагах, ды і ў горы лазіш, то памерці з гэтым монстрам можна. Я падумваю набыць сабе маленькую камеру, не люстэркавую, але з добрай оптыкай. 2 Чэсны Я не аматар Мусаліні, але з мафіяй - гэта вядомая гісторыя. А з санктуарыям Разаліі я начамрэч здзівіўся, бо дошка ганаровых гасцей новая, там і больш-менш сучасныя італьянскія палітыкі ёсць, гэта хутчэй як сімптом стаўлення мясцовых да Мусаліні.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру