Вёска ўпершыню падзяліла галасы напалам між лукашэнкаўцамі і апазыцыяй. А астатняе вызначалі члены выбарчых камісій. Піша Аляксандар Агееў з Магілёва.

Выбары ў парламент. Вялыя і сумныя. Галасаваць не хочацца ні за кога. Але напачатку быў вырашыў праверыць, ці змагу прагаласаваць адразу ў двух месцах. Такой магчымасці дужа баяліся прадстаўнікі ад АБСЕ перад выбарамі.

У Магілёве я жыву, а ў Мікіцінічах на роднай Шклоўшчыне зараз знаходзіцца бабуля і маці. Паспець і там і там прагаласаваць цалкам рэальна. Адно пытанне, ці дазволіць мне камісія дапамагчы кандыдату ад БНФ Рыгору Кастусёву, якога ўжо колькі гадоў добра ведаю.

У дзень свята беларускай дэмакратыі недзе а дзесятай гадзіне я якраз скончыў пераворваць бульбу, пад’ехаў аўтобус з прадстаўнікамі выбарчай камісіі. Мая спроба сходу прагаласаваць завяршылася, трэба прызнаць, няўдачай. У спісы ні мяне, ні маці, якая прапісана ў Магілёве, не ўключылі.

«АБСЕ турбуюцца дарма», – вырашыў я. Але фраза членкі камісіі: «Можа вам лепей з’ездзіць на ўчастак, пагаварыць з старшынём камісіі, мабыць ён нешта і вырашыць?» – пакінула пэўныя сумненні ў чысціні эксперыменту.

Тутака вызначылася іншая праблема – маёй бабулі не аказалася ў спісах выбаршчыкаў. Іх ніхто вывераць перад выбарамі, натуральна, не стаў. А па разліках камісіі 89-гадовая бабуля павінна была ўжо сысці ў лепшы свет. Члены камісіі, да іх гонару, не сталі гэтага ёй тлумачыць, а выдалі бюлетэнь суседкі, якой не аказалася дома, і паабяцалі ўнесці маю бабулю ў спіс на ўчастку пазней. Але трэ было бачыць іхняе здзіўленне, калі яна прагаласавала за апазіцыянера Рыгора, а не за старшыню Шклоўскага выканкаму Іванова. Тут я вінаваты! Мая тлумачальная работа падзейнічала.

Старшая з дзвюх членак хутка перастроілася і сказала, што паколькі бабушкі яшчэ няма ў спісах, то бюлетэнь яны ў скрыню кінуць пазней, калі яе зарэгіструюць, і, пакуль мы пераварвалі сказанае, дзеўкі сышлі з хаты. Што яны з голасам бабулькі зрабілі ў выніку, ведаюць толькі яны самі і пан Бог.

Правакацыя мая не ўдалася. Ехаць у суседнюю вёску не было калі.

Павёў каня да суседа і каля калонкі выведаў увесь палітычны расклад вёскі.

Высветлілася, што ні прыўладнага, ні апазіцыйнага кандыдата ў вёсцы ніхто не бачыў. Два калгаснікі прагаласавалі за старшыню райвыканкаму Іванова.

На маё пытанне «Чаму?», адказалі катэгарычна: «Ну не за апазіцыянера ж галасаваць! Нам аб ім ў канторы расказвалі…».

Дзве пенсіянеркі, як не дзіўна, галасавалі за апазіцыянера. «Чаму?» Таму, што «мы пісалі, а начальства дарогу ў вёсцы не адрамантавала.

Бюракратаў гэтых трэба кожны год мяняць, пакуль яны не… сапсаваліся (тутака было натуральна іншае слова, якое сутнасці не мяняе)».

Хто ж з двух кандыдатаў перамог? Астатнія нікіцінскія выбарцы адмоўчваліся.

Як часцяком і бывае, маўклівая большасць, якая склала каля паловы апытаных, сыграла вырашальную ролю ў выбарах кандыдата. Выдавала тайну свайго галасавання яна павольна, пасля маіх настойлівых захадаў і цярплівага чакання шчырасці.

Тыпова растлумачыў працэс галасавання сусед Стас. Ён стандартны вясковы мужык. Выгнаны гарадской жонкай за п'янкі ўжо даўно атабарыўся ў вёсцы. Ужо тры месяцы атрымоўвае пенсію. Да гэтага гады тры натуральна галадаў, а заробленае ад безвыходнасці прапіваў. Суседзі год назад біліся аб заклад, праз колькі месяцаў ён пры наяўнасці грошаў ад перапою памрэ. Большасць давала два месяцы, і на пагост. Не! Пакуль ён трымаецца. Нават дровы на зіму набыў, прыдбаў каляровы тэлевізар. Каб усё не прапіць, частку пенсіі аддае маёй мамцы, а потым забірае.

Стас хваліўся, што пенсіі даюць яму цяпер трыста тысяч: «Не многа, але болей і ня трэба». Я напачатку яго развагі не разумеў: «Чаму гэта болей не трэба?» Сусед задумваўся, часаў патэліцу, а затым казаў: «Не больш не трэба». Не адразу, але да мяне дайшла прычына ягонага мінімалізму: на выпіўку пенсіі хапае, але грошаў і не так шмат, каб упіцца да смерці. Давалі б 600 тысяч – дык Стас бы дакладна і памёр, бо не змог бы выйсці з запою. А так у яго штомесяц апошнія дзён 10 здараецца лячэбнае галаданне праз адсутнасць грошай, а пасля атрымання пенсіі – чарговая рэлаксацыя.

Вось аказваецца, які разумны наш Прэзідэнт і ягоны Ўрад! Выбралі залатую сярэдзіну, бо ведаюць свой народ. Адсюль і папулярнасць іхняя. Зласліўцы, праўда, кажуць што задавальняюцца толькі самыя мізэрныя і нізкія патрэбы.

Але ж выбары паказалі рацыю ўраду.

Вінавата гледзячы на мяне, сусед выціснуў з сябе прызнанне:

«Я ім кажу: нікога з кандыдатаў не ведаю, пакажыце мне за каго галасаваць». — «А яны?» — «Яны мне Іванова і паказалі. Сказалі, што ён у нас галоўны кандыдат».
Стас, як толькі стаў атрымоўваць пенсію, пачаў больш упэўнена глядзець на свет, але не на начальства.

Што ў выніку? Вёска. Усход. Самы антыапазіцыйны электарат. І тым не менш, за Кастусёва, хай сабе і ў знак пратэсту, прагаласавала 20—30 працэнтаў выбарцаў. Столькі ж набраў і афіцыйны кандыдат. А «нейтральныя» члены вясковай камісіі неназойліва вызначылі вынік выбараў праз беларускае «балота».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?