20.02.2018 / 10:38

Хрысціянскі дэмакрат, які другі раз запар выйграў выбары, быў асуджаны за пагрозу забойства, катаванне і крадзеж. «У кожнага па маладосці нейкія «касякі» былі» 4

Валерый Білібуха, кадр з відэа 1reg.by

Другі раз запар дэпутатам Першамайскага сельсавета Бярозаўскага раёна становіцца сябра аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Валерый Білібуха. За звычайнага вальшчыка лесу і гэтым разам прагаласавала большасць выбаршчыкаў, нягледзячы на тое, што супраць яго ішоў мясцовы ветэрынар.

Як здабыць перамогу на беларускіх выбарах, Валерый Білібуха расказвае ў інтэрв’ю Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Вы другі раз запар выйгралі выбары ў сельсавет — падзяліцеся сакрэтам поспеху.

Валерый Білібуха: Сакрэту тут ніякага няма: калі я першы раз балатаваўся, то ніякім чынам не афішаваў сваю прыналежнасць да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Мясцовыя ўлады мяне «прашчоўкалі» — яны не ведалі, з кім я супрацоўнічаю і хто ў мяне калегі. Пазней мая палітычная прыналежнасць стала вядомая ўладам, і яны зрабілі ўсё, каб я больш у дэпутаты не прабіўся. Мне і ладзіць сустрэчы перашкаджалі, і канкурэнта мне падабралі, хоць ні ў кога больш у іншых акругах канкурэнтаў на выбарах у мясцовыя саветы не было, і брудам мяне на старонках мясцовай «раёнкі» палівалі. Але тое, што я папярэднія чатыры гады не сядзеў, а шмат працаваў і шмат зрабіў для мясцовых людзей, дало свае вынікі.

Еўрарадыё: А чым вы так мясцовым уладам перашкаджаеце, што яны вас нават у сельскі савет дэпутатаў пускаць не хацелі?

Валерый Білібуха: Проста я ўсе праблемы людзей вырашаў пры дапамозе незалежных журналістаў. Усе праблемы агучваліся. А хто ж праўду любіць? Асабліва, калі гэта праўда пра бардак і беззаконне, якія мясцовыя ўлады і твораць, і калі гэтую праўду бачаць усе.

Еўрарадыё: Кажуць, што «не важна, як галасуюць, - важна, як лічаць галасы». Як у вас атрымалася пераскочыць гэты бар’ер?

Валерый Білібуха: У склад выбарчай камісіі па выбарах у сельсавет былі ўключаныя мае людзі — такое здарылася ўпершыню за 23 гады. У раённы савет, у той камісіі, таксама быў мой чалавек. І былі паўсюль мае назіральнікі. Бо гэтым разам я браў дзве акругі: у раённы савет і ў сельскі. Але ў раённы не прайшоў — не хапіла галасоў. Маім канкурэнтам у райсавет быў начальнік чыгуначнай станцыі. У пасёлку, дзе ён жыве, насельніцтва больш, а яны практычна ўсе за свайго прагаласавалі. Ды яшчэ і «раёнка» сваімі матэрыяламі пра мяне нашкодзіла мне моцна…

Еўрарадыё: Што ж яны такога пра вас напісалі?

Валерый Білібуха: Паднялі на паверхню гісторыю 15-гадовай даўніны… А тая мая судзімасць даўным-даўно пагашаная — яшчэ 2009 годзе. Там сямейныя былі праблемы, скандалы, справы завялі на мяне. Я не сядзеў, але была крымінальная справа, далі мне па суду пэўны адсотак ад заробку плаціць — усё! А «раёнка» ўзняла гэтую тэму. Пра тое што я, калі падаў дакументы, напісаў «не судзімы», а ў дужках дадаў «судзімасць пагашаная». А яны гэтую судзімасць расшыфравалі, што ў кожным артыкуле гучыць. Што і «забойца», і чаго толькі і не панапісвалі на мяне!

Даведка Еўрарадыё: Валерый Білібуха быў асуджаны 30 траўня 2005 года па артыкуле 186 (пагроза забойствам), артыкуле 154 (катаванне). Асуджаны 30 кастрычніка 2007 года па частцы 1 артыкула 205 (крадзеж). У адпаведнасці з артыкулам 97 на дадзены момант судзімасці не мае.

Еўрарадыё: Вы супраць таго, каб выбаршчыкі ведалі хай пра даўнія, але судзімасці кандыдатаў у дэпутаты?

Валерый Білібуха: Навошта гэта — у бруднай бялізне калупацца? Вазьмі любога — у кожнага па маладосці нейкія «касякі» былі, ніводнай ідэальнай сям’і няма! Ну, бывае, чалавек памыляецца ў жыцці. Але выносіць на святло даўні бруд — гэта лішняе, я лічу.

Еўрарадыё: Вы адзін з праблемамі змагаецеся ці ў вас тут ёсць калегі-сябры па дэмакратычным лагеры?

Валерый Білібуха: Ёсць у нас на раёне некалькі сябраў Партыі БНФ — мы з імі разам усе праблемы выносім на публіку. А ўлада вельмі моцна баіцца такога апублічвання мясцовых праблем. Нездарма ж адзін наш вядомы палітык сказаў, што інтэрнэт сёння страшнейшы за трох узброеных салдат. Але для мясцовых не важна, што я нейкі там «апазіцыянер» — для іх важна, што я вырашаю іх надзённыя праблемы. Так, мне за гэта нічога не плацяць, але калі мне народ даверыў іх інтарэсы прадстаўляць, то я не магу проста сядзець і маўчаць.

Еўрарадыё: Парайце, як іншым прадстаўнікам апазіцыі паўтарыць ваш поспех?

Валерый Білібуха: Пакуль у нас не будзе сумленных выбараў з празрыстым падлікам галасоў — просты чалавек у дэпутаты прабіцца не здолее. Будуць толькі прызначэнцы. Якія загадзя ведаюць, дзе яны будуць, у які савет іх прызначаць.

Еўрарадыё: Што можа зрабіць адзін Білібуха, калі ўсе астатнія ў савеце — прызначэнцы?

Валерый Білібуха: Можа і адзін шмат зрабіць — я ж вырашаў праблемы людзей. І не толькі сваёй акругі. Да мяне людзі ішлі з іншых акругаў — не да сваіх мясцовых начальнікаў і дэпутатаў, а да мяне. А мне не важна, адкуль чалавек, калі ў яго праблема і ён з ёй да мяне прыйшоў. Я чалавека выслухаю. А далей усё проста. Адразу — у незалежную прэсу, паперкі «катаць» — выстаўляць іх у інтэрнэт і пускаць па інстанцыях!

1
Добры Дзень / Адказаць
20.02.2018 / 11:21
Мэтаноя, так?
4
Маклай / Адказаць
20.02.2018 / 12:07
Малайчына!!!
0
Ляксандра / Адказаць
21.02.2018 / 17:40
Нічога сабе артыкулы:пагроза забойствам і катаваньне.А цяпер мілы і пушысты.І па "дэмакратычнай" прывычцы за ўсіх гаворыць.У маёй сям"і,напрыклад, падобнага,як у яго,ніколі не было і быць не магло.Таму што паважаем з жонкай адзін аднаго.Увесь час.І ўпэўнены,што такіх,як мы,большасьць.Не гераізуйце падобных "актывістаў".
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру