20.02.2018 / 12:54

Мутная гісторыя: магілёвец сцвярджае, што два ўчастковыя міліцыянты згвалцілі яго дубінкай 25

Жыхар Магілёва сцвярджае, што напярэдадні Новага года ўчастковыя збілі яго і згвалцілі дубінкай. Міліцыя гэтую гісторыю не каментуе.

Дубінка ў прэзерватыве? Версія Стася

Стасю А. 28 гадоў. Мужчына раней судзімы, але цяпер мае сталую працу, жанаты, паспеў стаць бацькам.

Па яго словах, 30 снежня Стас пайшоў у краму. У тым жа будынку знаходзіцца апорны пункт міліцыі. Стас вырашыў зайсці туды, «высветліць пытанне па іншай справе».

«У жніўні я выратаваў 10-гадовую дзяўчынку ад педафіла. Я заступіўся за яе, адвёў дадому, выказаў яе бацькам, маўляў, як можна адпускаць дзіця адно ў 11 гадзін ночы?! А бацькі пачалі мне выказваць, што я такі-сякі, выклікалі міліцыю, мяне затрымалі, але пратакола не складалі. Бацькі той дзяўчынкі казалі, што я іх біў, але суд мяне апраўдаў у снежні, — узгадвае Стас. — Ну і я хацеў зайсці і спытаць у міліцыянтаў, ці можна напісаць на тых бацькоў заяву за паклёп».

Пабачыўшы нейкага чалавека ў цывільным на ганку, ён запытаўся: «Ты мент?» Той перапытаў, што ад яго хоча Стась. Тады Стась паабяцаў дакурыць і зайсці паразмаўляць.

Тым часам да «апоркі» пад’ехала машына, выйшаў яшчэ чалавек у цывільным і загадаў выкінуць цыгарэту. Стась адмовіўся. Тады мужчына выбіў з яго рук цыгарэту і пачаў збіццё. Затым з «апоркі» выйшаў яшчэ адзін у цывільным (той, да якога спачатку звяртаўся Стась), яны спачатку збівалі ўдваіх, а пасля зацягнулі пацярпелага ў будынак.

Быў дзень, каля 15 гадзін.

У «апорцы», сцвярджае Стась, на яго надзелі кайданкі. Ізноў білі. Пасля адзін з мужчынаў пачаў яго душыць, расказвае пацярпелы, другі падбадзёрваў калегу.

У выніку Стась страціў прытомнасць. 

«Хтосьці сказаў: «Цяпер мы цябе пакараем па-даросламу». Потым адзін паднёс да майго твару дубінку, на якую быў надзеты прэзерватыў. Спусцілі мне штаны, нагнулі. Пачалі здзяйсняць гэтыя дзеянні дубінкай», — расказаў Стас.

Пазней ён даведаецца, што двое ў цывільным — міліцыянты, участковыя інспектары.

«Я ляжаў на падлозе ў кайданках і прасіў выклікаць мне хуткую, але гэтага ніхто не рабіў. Праўда, потым адзін участковы кудысьці пайшоў, і другі кайданкі з мяне зняў. У гэты час у апорку зайшоў брат маёй жонкі, таму што сваякі занепакоіліся і пачалі мяне шукаць. Ён пачаў здымаць відэа, якое, на жаль, атрымалася не вельмі ўдалым. Я расказаў яму на пабоі і паказаў на пачак прэзерватываў, які ляжаў на стале, дзе аднаго якраз не хапала. Участковы адразу стаў выштурхоўваць швагера з памяшкання, а потым хутка пачаў прыбіраць кроў і іншыя сляды», — распавядае Стась.

Па яго словах, брат жонкі зразумеў, што шукаць сваяка трэба ў міліцыі, бо раней той канфліктаваў з праваахоўнікамі.

«Пасля таго, як я выратаваў тое дзіця ад педафіла, мяне ж забіралі ў міліцыю. Пратакол не складалі, проста пасадзілі ў клетку. І я напісаў скаргу ў пракуратуру на міліцыянтаў, — кажа Стась. — Пасля да мяне пачалі хадзіць «у госці» супрацоўнікі. Міліцыянты прыходзілі неаднаразова, казалі «збірайся, ты лаешся матам». Пужалі».

Але ж 30 снежня нават з’яўленне ў «апорцы» сваякоў Стася (пасля туды прыбеглі яшчэ яго маці і жонка) мужчыну не выратавала. Спачатку яго будуць доўга апытваць, у выніку ў «апорку» прыедзе нарад міліцыі, выклікаюць хуткую, Стаса адвязуць у бальніцу, зафіксуюць пабоі і «абвастрэнне гемарою». «Якога ў мяне ніколі не было!» — падкрэслівае мужчына.

Пасля яго вернуць у міліцыю, дзе ён сустрэне Новы год. Агулам за кратамі Стась правёў трое сутак.

А цяпер звярнуўся ў пракуратуру, каб міліцыянтаў пакаралі.

«Лаяўся матам і кідаўся на супрацоўнікаў»: версія міліцыі

«Наша Ніва» звязалася з міліцыянтамі, каб пачуць іх версію падзей, але яны адмовіліся размаўляць.

«Я не ўпаўнаважаны гаварыць што-небудзь. Звяртайцеся ў прэс-службу УУС», — адказаў Павел К., адзін з участковых, якіх Стас абвінавачвае ў збіцці і згвалтаванні. Па яго словах, другі ўчастковы міліцыянт даваць каментары таксама не будзе.

Прэс-служба магілёўскай міліцыі аператыўны каментар прадаставіць не змагла.

Але вядома, што на самога Стася завялі дзве справы за хуліганства. Адміністратыўную за тое, што «размахваў рукамі і лаяўся матам», і крымінальную за зламаны у міліцыі стол.

«Стол я сапраўды зламаў. Мяне пасля пасадзіў той участковы і пачаў правакаваць. Я не вытрымаў і ўдарыў па яго стале, той зламаўся», — кажа Стась.

Адміністратыўную справу супраць Стася спынілі. Але на судовым пасяджэнні па ёй міліцыянты распавялі сваю версію падзей.

Па словах міліцыянтаў, усё праходзіла па законе. Калі да Стася падышоў участковы, ён прадставіўся, паказаў свае дакументы, растлумачыў правы і папярэдзіў, што мужчына парушае грамадскі парадак. Калі міліцыянт папрасіў Стася прайсці ў апорны пункт, той тройчы адмовіўся, схапіў яго за куртку і пачаў біць. Участковыя завялі мужчыну ў апорны пункт, патэлефанавалі іншаму супрацоўніку, які прыйшоў з выкліку, надзеў на Стася кайданкі і вярнуўся на выклік. Казалі, што Стась наносіў удары ўчастковаму нагамі, калі быў у кайданках, ды кідаўся на міліцыянтаў, калі яго апытвалі.

* * *

Вядома, што па заяве Стася супраць міліцыянтаў пакуль ідзе разбіральніцтва.

«Я хадзіў у пракуратуру. Спадзяюся, што ўчастковых правераць на дэтэктары хлусні», — кажа мужчына.

Але і самога яго чакае суд за зламаны стол. Максімальнае пакаранне за хуліганства — да трох гадоў пазбаўлення волі.

«Калі дакажуць, што дубінка была, то і крымінальная, і адміністрацыйная справы ў дачыненні да мяне будуць спыненыя, казала следчая. Я спытаў, няўжо недастаткова таго, што мяне збівалі супрацоўнікі міліцыі, якія ў той дзень нават не працавалі? Яна адказала, што білі мяне абгрунтавана. І нават ёсць запіс у журнале, што ўжывалі ў дачыненні да мяне спецсродкі», — сцвярджае Стась.

УШ

2
Жаконя / Адказаць
20.02.2018 / 12:54
Ничего, судьи  отмажут. Честь мундира и палки будет невредима
1
chalavek / Адказаць
20.02.2018 / 13:21
это не они чинят беспредел, а мы им позволяем это делать.
нельзя молчать!
5
Першы / Адказаць
20.02.2018 / 13:37
Вось неабходна кожнаму міліцыянеру відэакамера. Тады і пытанняў будзе меней - хто праўду кажа, а хто маніць.
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру