«Гэтую тэму ў сродках масавай інфармацыі раскруцілі, да скандалу дайшло. Я ведаю, што нікуды гэтая пляцоўкі не дзенецца. Няўжо еўрапейскія праблемы хтосьці паедзе ў Азію вырашаць?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 лютага.

Як перадае БелТА, прэзідэнт падкрэсліў, што, калі будуць дасягнуты дамоўленасці аб пераносе перамоваў у іншыя сталіцы, беларускі бок не будзе гэтаму пярэчыць. «Мы асабліва не перажываем за тое, што пайшлі гэтыя размовы. Гэта для мяне не навіна. Нехта хоча Нобелеўскую прэмію міру атрымаць, нехта яшчэ чаго-небудзь хоча. Але хацець не шкодна, трэба разумныя прапановы ўносіць, каб увесь свет не смяяўся», — дадаў кіраўнік Беларусі.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што пытанне аб пераносе перамоваў па Украіне не абмяркоўвалася на сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Казахстана, як пра гэта многія пішуць.

«Я не тое, што не веру, я ведаю, што гэтае пытанне Трамп не ўздымаў. У кагосьці свярбяць рукі абмеркаваць гэтае пытанне і падацца міратворцам. Таму ніякіх там абмеркаванняў не было, сустрэча была кароткая, не да гэтага было. Вы ведаеце яе вынікі: нібыта крэдыты на $7,5 млрд падпісаныя, ведаеце, па якіх кірунках — вуглевадароды і іншыя рэсурсы. Гэта было галоўнае, — сказаў Лукашэнка. — Таму трэба супакоіцца і закрыць гэтую тэму», — мяркуе ён.

У апошнія дні з'явілася інфармацыя, што абмяркоўваецца прапанова аб накіраванні ў Данбас міратворчага корпуса, складзенага з вайскоўцаў Беларусі, Швецыі і Бразіліі. Са слоў Аляксандра Лукашэнкі, ідэя далучыць да міратворчай аперацыі нашу краіну належыць НАТА. Рэч у тым, што Беларусі давярае Расія. У той жа час Украіна скептычна паставілася да прапановы аб адпраўцы беларускага кантынгента ў Данбас, бо РБ уваходзіць у Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы і тым самым з'яўляецца саюзнікам Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?