Таццяна Ерафеева.
— Зіма ўжо хутка скончыцца, а сур'ёзнай эпідэміі прастудных захворванняў і грыпу ў гэтым сезоне яшчэ не было. Ці значыць гэта, што ўжо можна расслабіцца і не баяцца іх прыходу?
— Сапраўды, у гэтым годзе хварэюць крыху менш, чым у мінулым і пазамінулым годзе, аднак неабходна памятаць, што ў нашай краіне сезонным пікам з'яўляюцца люты і сакавік — гэта значыць, усплёск захворвання можа быць яшчэ наперадзе.
— Да якіх сур'ёзных ускладненняў можа прывесці любая, нават самая бяскрыўдная прастуда?
— Любая прастуда можа прывесці да ўскладненняў, у першую чаргу з боку верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў. Гэта сінусіт (гаймарыт, франціт), атыт (запаленне сярэдняга вуха з моцнымі болямі), бранхіт і пнеўманія. Радзей мы назіраем сістэмныя ўскладненні, якія не закранаюць органы дыхання — міякардыты (запаленне сардэчнай мышцы), запаленне нырак, яшчэ радзей менінгіт і энцэфаліт (запаленне галаўнога мозгу і яго абалонак).
— Як мы можам прадухіліць узнікненне гэтых ускладненняў?
— Самая лепшая прафілактыка ўскладненняў — гэта прышчэпка (калі гаворка ідзе пра грып) і правільнае лячэнне. Калі вы ўсё ж захварэлі — пры высокай тэмпературы прытрымлівайцеся пасцельнага рэжыму, піце шмат вадкасці, прымайце прызначанае лячэнне.
— Выдзяленні з носа і чханне — адны з сімптомаў прастудных захворванняў. Якая прырода гэтых з'яў? Што прымушае наш арганізм так рэагаваць на прастуду?
— Гэта прыкметы самаачышчэння, бо нос першым кантактуе з інфекцыяй. Каб гэтую інфекцыю вывесці, пачынае выдзяляецца слізь. Гэта ўсё дзеля ачышчэння нашага арганізма. Разам са сліззю з носа выдзяляецца інфекцыя. З чханнем яна выходзіць яшчэ лепш і больш эфектыўна.
Пры віруснай інфекцыі — а ў пачатку часцяком гэта менавіта вірусная інфекцыя, — выдзяленні з носа больш празрыстыя і вадзяністыя, і яны больш заразныя. Калі праз некаторы час з'яўляюцца больш цёмныя, жоўтыя ці зялёныя выдзяленні — гэта азначае, што далучылася бактэрыяльная мікрафлора і чалавек ужо менш заразны.
— Вось я захварэў. Мае першыя дзеянні?
— Усё залежыць ад канкрэтнага выпадку. Не кожная прастуда мае патрэбу ў прыёме лекаў. Часам дастаткова проста змяніць лад жыцця, піць патагонную гарбату з малінай або ліпай. Я не прыхільнік прыёму лекаў з першага чхання. Аднак,
калі ваша тэмпература вышэйшая за 38 градусаў, хвароба праяўляецца не толькі насмаркам і тэмпературай, але і задышкай, выразнай слабасцю, то тады варта прымаць лекі і неабходна звярнуцца да доктара.
— Ці адразу варта прасіць бальнічны ў доктара?
— Часта людзі пераацэньваюць небяспеку і рызыкі прастудных захворванняў. Не заўсёды прастуда — гэта нешта суперцяжкае і небяспечнае. Добра, што людзі ходзяць да лекара і правяраюцца, але нярэдка прастылы чалавек захоўвае працаздольнасць. Не трэба ва ўсіх выпадках упадаць у крайнасці і ўкладвацца ў ложак на два тыдні. Бывае, што рэзкае зніжэнне актыўнасці толькі падаўжае час хваробы.
Цяпер да нас прыходзіць шмат прастылых, у тым ліку тых, хто жадае атрымаць бальнічны. Хоць мы бачым, што некаторыя з іх працаздольныя. Мы вельмі хацелі б, каб людзі ішлі да лекараў не толькі па паперку, але і па параду, якой яны будуць прытрымлівацца.
І галоўнае пажаданне ўсім чытачам: старайцеся не хварэць! Для прафілактыкі прастуд трэба сачыць за сабой і сваім ладам жыцця. Калі вы працуеце за камп'ютарам у офісе, дзе шмат людзей, не займаецеся фітнесам, у вас ёсць лішняя вага і шмат шкодных звычак, то імунітэт будзе слабым, частыя інфекцыі вам забяспечаны. Неабходна адказна ставіцца да свайго здароўя і весці здаровы лад жыцця, тады імунітэт будзе моцны і вы не захварэеце!
ААТ «Экзон» УНП 200433278