21.02.2018 / 10:03

«Паўстанцы», «Карты Лапіных», «Гаспадар цмокаў» і не толькі: топ-5 беларускіх настольных гульняў да Дня роднай мовы  3

Сёння адзначаецца Дзень роднай мовы. Разам з творчым згуртаваннем «А-чатыры» мы склалі Топ-5 самых папулярных беларускіх настолак. Яны дапамогуць паглыбіць веды ў нацыянальнай гісторыі, пашырыць слоўнікавы запас, адчуць сябе ў ролі гістарычных дзеячаў, стварыць свой сусвет і нават прыручыць цмока! 

1. «Мова» ды «Мова. Буслік»

Цудоўны падарунак да сённяшняй даты. У аснове гульні «Мова» ляжыць спаборніцтва за тытул найлепшага мовазнаўцы. Настолка дапаможа ў вывучэнні роднай мовы, а таксама ўразнастаіць ваш слоўнікавы запас. Калі вы саромеецеся размаўляць па-беларуску з сябрамі, «Мова» дапаможа пераадолець гэты бар’ер.

Для маленькіх беларусаў выдадзеныя тры серыі гульні «Мова. Буслік»: горад, жывёльны свет і дом. Яны пазнаёмяць дзетак са светам роднай мовы, а разнастайныя варыянты правілаў робяць гульню даступнай для дзяцей ад 3 да 10 гадоў.

Гуляючы ў «Мову. Буслік» вашы дзеткі даведаюцца, што такое хмарачос, дзе можна знайсці фатэль і хто жыве ў шпакоўні. 

2. Беларускія «Карты Лапіных»

Звярніце ўвагу на ўнікальны праект. 80 гадоў таму такія карты друкаваліся на гродзенскай фабрыцы Лапіных. Такія карты былі вельмі папулярнымі ў Заходняй Беларусі, бо каралі ў калодзе адлюстроўвалі рэальных гістарычных персанажаў: Яна Сабескага, Казіміра Вялікага, Жыгімонта Аўгуста і Стэфана Баторыя.

Пасля Другой сусветнай вайны вытворчасць спынілася. У 2015 годзе пры рэканструкцыі будынка былой фабрыкі былі знойдзеныя некалькі асобнікаў тых самых карт Лапіных. Было вырашана з нуля аднавіць калоду і стварыць адметны беларускі сувенір. За асновы былі ўзятыя архіўныя звесткі, гістарычныя даведкі і фрагменты знойдзеных асобнікаў.

Кожная карта калоды Лапіных адмалёўвалася мастаком пад кантролем гісторыкаў, а на кашулі і каробцы намаляваныя сапраўдныя эмблемы і штампы вытворцаў.

Летась адноўленыя беларускія карты пабачылі свет. Сёння згуляць у іх можаце і вы! Таксама карты Лапіных стануць арыгінальным беларускім сувенірам. Летам чакаецца выданне покернай калоды, таму сачыце за навінамі!

3. «Паўстанцы»

У апошні дзень зімы «Паўстанцам» споўніцца 5 гадоў. За гэты час першая беларуская настолка займела статус культавай гульні і задала хвалю з’яўлення новых беларускамоўных забавак. 

Гульня будуецца на сюжэце паўстання 1863—1864 гадоў. Гульцам прапануецца адчуць атмасферу тых падзей у ролі пэўнай гістарычнай асобы (Каліноўскага, Урублеўскага ці Мураўёва), або паўплываць на ход паўстання ў якасці звычайнага беларуса.

Гульцы атрымліваюць карткі персанажаў. Не ведаючы, хто ёсць хто, яны павінны рассакрэціць супернікаў: дазваляецца хлусіць, падманваць і блытаць усіх удзельнікаў падзей.

«Паўстанцы» аказаліся настолькі папулярнымі, што першы тыраж распрадаўся імгненна. Калі б не гэта акалічнасць, гульня, безумоўна, была б у топе. Хутка чакаецца перавыданне настолкі — «Паўстанцы» з'явяцца ў новым дызайне. Таксама варта чакаць пэўных сюрпрызаў!

4. Драўляныя гульні

На дадзены момант існуюць чатыры беларускія драўляныя забавы: «На трох кітах», «Вежа», «Замкавая вежа» і «МегаВежа». У пачатку сакавіка да іх далучыцца гульня «Дойліды».

«На трох кітах» — гэта не проста настолка, гэта пабудова цэлага свету з драўляных дэталяў рознай формы. Парадак размяшчэння вызначае лёс — шасцігранны кубік. Задача — выставіць усе складнікі і не пабурыць канструкцыю.

Гульні «Вежа», «Замкавая вежа» і «МегаВежа» — айчынныя аналагі сусветна вядомай джэнгі. Але зробленыя з беларускага дрэва і з беларускай пяшчотай. Прынцып забавы просты — складаецца драўляная вежа, з якой гульцы выцягваюць па адной «цаглінцы» і кладуць наверх. Прайграе той, хто разваліць вежу.

5. Дзіцячая настолка «Гаспадар цмокаў»

Ужо ніхто не памятае, што першым чалавек прыручыў не сабаку, не ката, не каня — першым быў цмок! Ён дапамагаў чалавеку здабываць ежу і ахоўваў свайго гаспадара. А найбольшай пашанай у той час лічыўся той, хто валодаў пяццю цмокамі. Каб іх прыручыць, трэба быць хуткім, уважлівым і кемлівым.

У гэтай гульні дзеткам трэба прыручаць гарэзлівых цмокаў і разам з імі ахоўваць свае землі ад шкоднікаў. Вясёлыя і чароўныя істоты з радасцю стануць часткай вашага сямейнага вечара або далучацца да шумнай сяброўскай кампаніі.

«Гаспадар цмокаў» стала першай беларускай настолкай, якая трапіла на міжнародны рынак: правілы гульні надрукаваныя на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Таму амаль па ўсёй планеце можна прыручаць беларускіх цмокаў.

У планах творчага згуртавання «А-чатыры» удасканаленне існуючых праектаў і выданне новых цікавых беларускіх забаў. Акрамя ўзгаданай драўлянай гульні «Дойліды», да выпуску плануюцца гульні «Wordman» і «Першадрукар».

За творчымі планамі гарадзенскай каманды можна сачыць у суполках Укантакце, Facebook і ў Instagram.

Піліп Каваленка

0
Жорж Пряткін / Адказаць
21.02.2018 / 10:39
Класс! Про карты впервые услышал, надо будет купить!
0
Гаспадыня / Адказаць
21.02.2018 / 10:57
Дзякуй за карысную інфармацыю.
0
уу / Адказаць
21.02.2018 / 14:01
А як у картах постаці называюцца? Проста перадрук з расейскай: валет, дама, туз, ці па-наску? Хто падкажа?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру