29-30 верасьня 2008 г. сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве разам з дачкой слыннага этнографа і беларускага дзеяча ў Заходняй Беларусі і Польшчы, малавядомага на сваёй бацькаўшчыне Мар’яна Пецюкевіча Марыляй наведалі яго родныя мясьціны.
Мэта вандроўкі – не толькі ўшанаваньне памяці слыннага сына беларускай зямлі, але і спроба вяртаньня яго імя ў Беларусь.

Раніцай, у панядзелак 29 верасьня 2008 г., мы з Вільні накіраваліся ў чарговае падарожжа. Марыля Пецюкевіч, якая першы раз у сваім жыцьці была ў Беларусі, захаплялася хараством маляўнічых беларускіх пейзажаў і не хавала задавальненьня ад таго, што ёй пашчасьціла ўбачыць беларускую вёску практычна такой, якой памятаў яе бацька.

Першым месцам, якое мы наведалі, стаў Браслаў, дзе завіталі ў краязнаўчы музей, ад якога Марылька не менш уражана, і ў які перадала некалькі асабістых дакумэнтаў Мар’яна Пецюкевіча. А ў яго экспазіцыях пабачыла матэрыялы прысьвечаныя і свайму бацьку. Тут таксама даведалася і аб гісторыі Браслава і ваколіц з сівой даўніны каменнага веку і да нашых дзён. Экскурсію правёў супрацоўнік музея Александр Панцялейка.

Думаю, самым хвалюючым і запамінальным момантам для спадарыні Марыі было наведваньне роднай вёскі бацькі Цяцерак. Там ёй давялося сустрэць людзей, якія не толькі яго памяталі, ці нешта чулі аб такім чалавеку, але змаглі падзяліцца і ўспамінамі. А

на вясковых могілках у Барадзенічах, дзе між іншым спачываюць продкі сямейства Пецюкевічаў, убачылі некалькі надпісаў на надмагільных помніках і на беларускай мове. І тут уразіў такі момант, што большасць з іх зроблена апошнім часам, пасля 2000 г.
Значыць, для Беларусі яшчэ не ўсё страчана, усьведамленьне таго, што і беларусы маюць права на сваю мову не толькі ў хатнім абіходзе, але значна шырэй, павялічваецца.

Праязджаючы праз Шаркаўшчыну, сваім сьвятым абавязкам палічылі наведваньне магілы патрыёта Беларусі ксяндза Зянона Якуця, які шмат цярпеў ад польскіх уладаў за сваю беларускую дзейнасьць у Шаркаўшчынскім парафіяльным касьцёле. Памёр, маючы толькі 30 год. Зараз спачывае ў сваёй Беларускай зямлі і прабывае ў Нябеснай бацькаўшчыне, дзе яму ўжо больш ніхто не замінае быць беларусам.

Як заўжды, надзвычай цёпла і гасьцінна прыняла нас у Германавічах у сваім музеі Ада Райчонак. Аб гэтай жанчыне і аб яе дзейнасьці можна расказваць і расказваць. Гэта яна ў гэтай вёсцы (былым мястэчку) стварыла тры музеі.
Гэта дзякуючы толькі ёй у Шаркаўшчынскім раёне праводзіцца вялізарная праца па захаваньні беларускасьці. Яна была адной з першых, хто стаяў ля вытокаў вяртаньня імя Язэпа Драздовіча ў беларускую культуру і стала адным са зьбіральнікаў і захавальнікаў яго спадчыны. Гэта яна арганізоўвае кожны год мастацкія пленэры. І вось яна стварыла ў звычайнай вёсцы мастацкую галерэю, на жаль, яшчэ не запатрабаваную вяскоўцамі. Тут жа мы сустрэліся і з другім вядомым краязнаўцам Кліменціем Кажаном, які вядомы сваімі краязнаўчымі працамі па гісторыі Шаркаўшчынскага рэгіёна.

На начлег мы спыніліся ў маіх бацькоў у в. Зорка, дзе яшчэ доўгі час дзяліліся ўражаньнямі ад пройдзенага дня і складалі планы на будучы дзень, у які працягвалося нашае знаёмства з рэгіёнам, а Марыля з Беларусьсю. Наведваючы розныя мясьціны і іх насельнікаў, мы пакідалі там кнігі Мар’яна Пецюкевіча з тым, каб людзі змаглі пазнаёміцца з гэтай шматграннай асобай, непахісным патрыётам Бацькаўшчыны.

І напрыканцы важна адзначыць, што праязджаючы па Браслаўшчыне і Шаркаўшчыне, мы заўважылі, што вёска дадзеных рэгіёнаў яшчэ захавала немала элементаў з пачатку ХХ стагоддзя, а ў некаторых месцах і значна старэйшых. Таму, хацелася б, каб дасьледчыкі жыцьця і сьветапогляду Беларусаў зьвярнулі на гэта ўвагу і змаглі б зафіксаваць тое што засталося для будучых пакаленьняў, бо ўжо хутка, год праз дваццаць, нічога гэтага не будзе. Стаяць і развальваюцца старыя дамкі з гаспадарчымі пабудовамі, паміраюць старажылы, сьведкі прабегшага часу, які замяніў продкавыя дні з архаічнай патрыярхальнай вёскай, на сучасную, матэрыяльную, без мовы і традыцый...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?