На перамовах прэм’ер‑міністра Расіі Уладзіміра Пуціна ў Мінску 6 кастрычніка цэны на газ і выдзяленне крэдыту не будуць увязвацца з прызнаннем Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі або з нейкім іншым пытаннем, сцвярджае крыніца РІА «Новости» ў расійскім урадзе.

«Пытанне аб прызнанні Мінскам Паўднёвай Асеціі і Абхазіі абмяркоўвацца на перамовах не будзе», — заявіў суразмоўца агенцтва.

У. Пуцін прыбудзе ў Мінск для ўдзелу ў пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Чакаецца, што расійскі прэм’ер‑міністр правядзе перамовы са сваім беларускім калегам Сяргеем Сідорскім, а таксама з Аляксандрам Лукашэнкам.

У складзе расійскай дэлегацыі Мінск наведаюць першы віцэ‑прэм’ер Ігар Шувалаў, віцэ‑прэм’ер, міністр фінансаў Аляксей Кудрын, міністр энергетыкі Сяргей Шматко, дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў, кіраўнік Федэральнай мытнай службы Андрэй Бельянінаў і іншыя члены ўрада, паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на крыніцу.

Найбольш важнымі пытаннямі стануць, як чакаецца, пытанні пастаўкі расійскага газу ў краіну, а таксама прадастаўлення Беларусі новага крэдыту.

«Формула цаны на газ была ўзгоднена з беларускім бокам яшчэ ў снежні 2006 года. Яна прадугледжвае паэтапнае павышэнне. Так, у 2008 году цана складае 67 % ад рынкавай, у 2009 годзе — 80 %, у 2010 годзе — 90 %. Цяпер у Мінску прапануюць перагледзець гэтыя ўмовы», — зазначыла крыніца.

У Беларусі, паводле яе слоў, выказалі зацікаўленасць у атрыманні 2 млрд. долараў, аднак сума крэдыту, а таксама ўмовы і тэрміны яго выдзялення неабходна вызначыць падчас перамоў, якія правядзе А. Кудрын.

У канцы 2007 года Беларусь і Расія падпісалі пагадненне аб выдзяленні Мінску 15‑гадовага стабілізацыйнага крэдыту аб’ёмам 1,5 млрд. долараў па стаўцы LIBOR + 0,75% з пяцігадовай адтэрміноўкай плацяжу па асноўным доўгу. Беларусь запытвала гэтыя сродкі, у прыватнасці, на аплату энергапаставак. Чакаецца, што другі крэдыт, выдзяленне якога цяпер абмяркоўваецца, пойдзе на падтрымку гандлёвага і плацёжнага балансу краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?