Фота Сяргея Нікановіча, Звязда

Лідар гурта «Тройца» Іван Кірчук радыкальна змяніў імідж: зрэзаў сваю знакамітую бараду.

«У мяне ж маленькія дзеці. Агнешцы — 1,5 года, Стэфану — 3,5. Гуляючы, павыдзіралі ўсё, — пажартаваў ён у інтэрв'ю газеце «Звязда». — Таму і вырашыў пакінуць маленькую, зараз мне так зручней. Барада ж не зубы, адрасце.

— Для вас барада мае нейкае сакральнае значэнне?

— Так, гэта сувязь з родам. Чым даўжэйшая барада, тым, лічыцца, глыбей ты дакрануўся да продкаў. Усё перадаецца праз пакаленне. Мой дзед насіў доўгую бараду. А тата не любіў, пастаянна галіўся. Дзяды выраблялі музычныя інструменты — скрыпкі, акардэоны. А тата быў інжынерам. Цяпер я працягваю справу дзядоў, мне гэта на раду было напісана. Мае ж дзеці наўрад ці будуць займацца музыкай, колькі б я іх ні прымушаў. А вось унукі могуць быць добрымі музы́камі. … У мяне ёсць і два дарослыя сыны, 31 і 37 гадоў. Калі яны нарадзіліся, я быў яшчэ зусім «зялёны», шмат гастраляваў, мала часу з імі бавіў. Са Стэфанам і Агнешкай усё па-іншаму, гэта ўжо такое свядомае бацькоўства, якім я цешуся.

Іван Кірчук перад кінафестывалем «Лістапад» у 2017 г.