Пад Маларытай зьявяцца тры новыя заводы. Яны будуць належаць кампаніі «Трайпл». Прыбытак ад крэйды можа параўнацца з даходамі ад «Беларуськалію».

Вёску Хаціслаў Маларыйкага раёну дакладна не запішуць у непэрспэктыўныя бліжэйшыя гадоў дзьвесьце, а то й болей. Нядаўна тут пачалі асвойваць найбуйнейшае ў Эўропе радовішча крэйды. Да 2011 году пад Хаціславам збудуюць тры заводы.

Гэтай падзеі ў малаўрадлівым Маларыцкім раёне чакалі даўно. Памятаецца, мінулай вясной старшыня Маларыцкага райвыканкаму Казімер Лапіч асьцярожна казаў мне пра інвэстара, нават не называючы яго: «А раптам планы сарвуцца?» Цяпер гэта не таямніца. Новым гаспадаром пэрспэктыўнай здабычы карысных выкапняў і вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў стала група кампаніяў «Трайпл».

Чаму новым? Хаціслаўскае радовішча выявілі напярэдадні распаду СССР. Тады яшчэ запасы першасортнай крэйды — блізу 500 мільёнаў тон — выклікалі ў навукоўцаў шок. У Эўропе другога такога радовішча няма! А акрамя крэйды — вапняк, кварцавы пясок. Карысныя выкапні займаюць плошчу каля 2 тысяч гектараў, прычым разьведана толькі 400 зь іх. Залежы знаходзяцца на глыбіні да 12 мэтраў ад паверхні. Чысьціня крэйды — 96 адсоткаў. Гэта першы гатунак, у той час як усе дзейныя ў Беларусі радовішчы — трэцяга гатунку. Што гэта значыць? Найперш тое, што нашмат лепшым стане якасьць будаўнічых матэрыялаў. І яны будуць танейшымі.

Але на пачатку 90‑х было не да радовішчаў крэйды. Праект адклалі да лепшых часін. Цяпер «Трайпл» збудуе ў Хаціславе тры заводы — па вытворчасьці ячэйкавага бэтону, сылікатнай цэглы і дыспэрснай крэйды. Чакаецца, што будуць створаныя каля 600 новых працоўных месцаў.

Ужо ў гэтым годзе здаецца ў эксплуатацыю 72‑кватэрны дом у Хаціславе. І яшчэ тут будуць будавацца дамы, катэджы. Усіх рабочых трэба забясьпечыць жытлом. А ў райвыканкаме спадзяюцца, што распрацоўка крэйдавага радовішча папоўніць бюджэт раёну, дасьць разьвіцьцё вёскам паблізу ад Хаціслава. Хаця можна загадваць і на большае: на думку экспэртаў, радовішча крэйды па сваёй значнасьці і аддачы ніколькі не саступае радовішчу калійных угнаеньняў у Салігорску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?