Паводле даследаванняў, праведзеных кампаніяй Euromonitor, у 2016-2017 гадах сусветнай попыт на шакаладную кандытарскую прадукцыю перавысіў 7450 тон, падскочыўшы больш чым на 10% у параўнанні з паказчыкамі пяцігадовай даўніны.

Апетыт у асноўным падаграваецца павелічэннем спажывання ў Кітаі і Індыі — дзвюх найбольш населеных краінах свету. Але больш за ўсё ласуноў жыве ў ЗША, дзе спажываецца 20% сусветнай вытворчасці шакаладу. Пры гэтым самае высокае спажыванне шакаладу на душу насельніцтва — ў Швейцарыі.

Нядаўняе апытанне, праведзенае агенцтвам Bloomberg сярод трэйдараў, аналітыкаў і брокераў, дэманструе, што прапанова какава-бабоў можа перавысіць попыт на 97 500 тон у сезоне 2017/18, што нядрэнна, але толькі калі вы з'яўляецеся спажыўцом гэтай прадукцыі, бо перавытворчасць уплывае на кошт тавару — цана на какаву ўпала. У канцы 1970-х яна дасягала 4 тысяч даляраў за тону, але з тых часоў ніколі больш не ўздымалася на такі ўзровень. Цяпер цана складае 2138 даляраў за тону. Такое падзенне коштаў балюча б'е па вытворцах.

Асноўная маса прадукту паступае на рынак з бедных краін: найбуйнейшыя вытворцы знаходзяцца ў Афрыцы. Дзве з іх, Кот-д'Івуар і Гана, вырабляюць больш за палову ўсёй какавы ў свеце. Але фермеры, якія яго вырошчваюць, атрымліваюць усяго 6,6% сумы выручанай ад рэалізацыі гатовага прадукту. 

Ураджай какавы

Ураджай какавы

Змены клімату

Какава, або шакаладнае дрэва, расце ў тропіках і мае патрэбу ў вільготным клімаце, з невялікай колькасцю засушлівых дзён і частымі дажджамі, што тлумачыць, чаму плантацыі ў асноўным размешчаныя на вузкім участку па абодва бакі ад экватара. Найменшыя змены надвор'я могуць сапсаваць ураджай, таму глабальныя змены клімату не спрыяюць развіццю індустрыі.

У дакладзе, нядаўна апублікаваным Інстытутам інавацыйнай генетыкі Каліфарнійскага ўніверсітэта, даецца прагноз, паводле якога кліматычныя змены ў найбліжэйшым дзесяцігоддзі істотна паменшаць плошчы, прыдатныя для вырошчвання какавы.

Даследаванне Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату таксама кажа аб тым, што Кот д'Івуар і Гана пазбавяцца магчымасці вырошчваць гэтую культуру на значнай частцы сваіх тэрыторый.

Пір для паразітаў

Калі на радзіме какавы, у басейне ракі Амазонкі, дрэвы навучыліся супрацьстаяць патагенам, то ў Афрыцы, куды расліна была завезеная еўрапейскімі каланізатарамі ў XIX стагоддзі, справы ідуць інакш.

«Гэтыя расліны былі вырваныя з натуральнага асяроддзя і перанесеныя на іншы кантынент ва ўмовы, да якіх яны не былі адаптаваныя. Паколькі дрэвы какавы не падвяргаліся сістэматычнай селекцыі, яны не адрозніваюцца генетычнай разнастайнасцю, і вірусы лёгка пераадольваюць іх абарону», — кажа Джудзі Браўн, вірусолаг Арызонскага ўніверсітэта.

Пашкоджаныя какава-бабы

Пашкоджаныя какава-бабы

Сярод пагрозаў — насякомыя і грыбковыя інфекцыі. Прыклад — успышка інфекцыі ў паўночна-ўсходняй Бразіліі ў канцы 1980-х гадоў. У выніку эпідэміі ў перыяд з 1991 па 2000 год вытворчасць какавы скарацілася з 320 да 191 тысяч тон у год.

Цяпер адзіны спосаб барацьбы з такімі інфекцыямі — знішчэнне хворых раслін. Але праблема палягае ў тым, што дрэвы могуць заставацца заражанымі доўгі час, перш чым з'явяцца першыя сімптомы. У выніку хвароба можа перакінуцца на суседнія расліны перш, чым крыніца інфекцыі будзе выяўлена.

Даследаванні

Каманда Джудзі Браўн ва Універсітэце Арызоны працуе ў супрацоўніцтве з гігантам кандытарскай індустрыі, Mars Inc., спрабуючы распрацаваць малекулярны тэст, пры дапамозе якога фермеры змогуць вызначаць хваробы раслін на ранніх стадыях.

Група з Інстытута інавацыйнай генетыкі таксама эксперыментуе з генным матэрыялам, каб зрабіць какаву больш устойлівай да паразітаў і інфекцый. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?