Віктар Жыбуль і Вера Бурлак |
Падчас прэзэнтацыі кнігі, якая адбылася ў пятніцу ў Музэi гiсторыi беларускай лiтаратуры, пасьля выступу Веры Бурлак і Віктара Жыбуля крытык Уладзімер Гніламёдаў зазначыў, што крыху недарэчна дэклямаваць вершы, якія насьледуюць паэта, што тварыў 70 гадоў таму. Неактуальна, маўляў.
Варта пагадзіцца, што сапраўды новы зборнік «Забі ў сабе Сакрата!» шмат чаго ўзяў ад Данііла Хармса. Але дзеля справядлівасьці зазначым, што сапраўднае адкрыцьцё Хармса адбылося гадоў 15 таму, а не 70, у часы перабудовы. Гэты неардынарны расейскі паэт быў рэпрэсаваны ў 41-м, і большасьць ягоных вершаў была пахаваная пад пылам архіваў. Але ж найгалоўная прычына таго, што ніхто не ўспамінаў пра ягоныя творы, пэўна, у тым, што Данііл Хармс быў не зразуметы сучасьнікамі, бо шмат у чым выпярэджваў свой час.
Гэта ж падумаць — Данііл Хармс тварыў у такія непрасунутыя гады, калі нават Яго Бацькоўскай Вялікасьці Хорхе Люіса Борхеса яшчэ толкам не было!
Калі літаратуру прыпадабняць да нівы, дзе павінна каласіцца толькі пажыўна-актуальнае, дык жыбулёўскія і бурлакоўскія вершы крытыка чамусьці параўноўвае зь недарэчна-яршыстым пустазельлем. Але ж лепей — з макам-самасейкай ці васількамі. Бо менавіта яны, адцяняючы і кантрастуючы з гонкімі шыхтамі калосься, надаюць масіву належную аб’ёмнасьць і пагляднасьць.
Творчасьць сямейнай пары Віктара Жыбуля і Веры Бурлак — валашковыя вочы белліту. Чалавек мае права забіць у сабе Сакрата. Верш мае права расьці ні на чым і ў нікуды.