23.02.2018 / 15:43

Прыватныя міжгароднія маршруткі абавяжуць адпраўляцца з вакзалаў, а кіроўцы супраць. Тлумачым, што адбываецца 60

З 26 лютага пачынаюць дзейнічаць новыя правілы міжгародніх перавозак. Яны вельмі не падабаюцца кіроўцам і выклікаюць пытанні ў пасажыраў.

Цяпер прыватныя міжгароднія маршруткі адпраўляюцца з розных кропак гарадоў. Напрыклад, у Мінску гістарычна склалася, што мікрааўтобусы на Салігорск стаялі на вуліцы Кірава, а тыя, што ехалі ў Гродна, — з вуліцы Дружная. Кіроўцам было нявыгадна заключаць дамовы з вакзаламі, таму яны забіралі пасажыраў проста са стаянак, часам нелегальных.

Маршруты часам станавіліся гнуткімі: як было зручна кіроўцам і пасажырам. Напрыклад, на позніх рэйсах маршруткі развозілі кліентаў па дамах. Забраніраваць месцы таксама было проста — адзін тэлефонны званок ці заяўка на сайце. Узгадняць маршруты ці расклад руху з уладамі было неабавязкова.

Цяпер правілы зменяцца. Міністэрству транспарта не падабаецца, што прыватныя перавозчыкі маюць ліцэнзію «нерэгулярных перавозак», а ў рэальнасці ездзяць рэгулярна і плацяць меншыя падаткі. Да таго ж ніхто не сачыў за тэхнічным станам маршрутак.

У выніку дзяржаўныя аўтапаркі не маглі канкураваць з прыватнікамі.

Магчымыя змены не радуюць кіроўцаў. Яны нават стварылі петыцыю, у якой просяць Мінтранс унесці папраўкі ў закон, каб ён «не перашкаджаў працаваць». У петыцыі тлумачацца і ноўваўвядзенні:

«Маршрутчыкаў абавяжуць адпраўляцца толькі з вакзала, ездзіць па вызначаным маршруце і спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках, распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў, колькасць рэйсаў па маршруце і іншае. Пры гэтым перавозчыкі павінны будуць плаціць за паслугі аператару аўтамабільных перавозак і аўтавакзала».

Прыватныя перавозчыкі будуць павінны прадаставіць дзяржаве дадзеныя пра колькасць і стан машын. Яны прапрацуюць тры месяцы. Пасля будзе праведзены конкурс, на якім выберуць тых, хто атрымае права працаваць па новых правілах. Іншым прыйдзецца закрыць бізнэс ці замарозіць яго ў чаканні новага конкурсу, кажуць перавозчыкі.

Насамрэч пытанняў шмат і ў пасажыраў, і ў кіроўцаў. Толькі адказваць на іх пакуль ахвотных не знаходзіцца.

У аддзеле пасажырскіх перавозак мінскага аўтавакзала «Цэнтральны» «Нашай Ніве» паведамілі, што дэталяў новаўвядзенняў не ведаюць. Але сказалі, што да іх для заключэння дамовы звярнуўся пакуль толькі адзін перавозчык.

Ва ўпраўленні пасажырскіх перавозак «Мінсктранса» адказаць на пытанні таксама не змаглі.

Звязацца з прадстаўнікамі Міністэрства транспарту не атрымалася.

Тым часам, хтосьці з перавозчыкаў пакуль не прадае квіткі на дні пасля 26 лютага. А хтосьці плануе працаваць па старых схемах.

«Пакуль мы працуем, як працавалі. І будзем працягваць, пакуль не разбярэмся, што мы парушаем, — паведаміў «Нашай Ніве» дырэктар адной з фірм-перавозчыкаў. — У мяне пытанняў наконт гэтых новаўвядзенняў больш, чым у вас. Заключаць дамову з аператарам? З вакзалам? А навошта мне вакзалы? Яны пасажыраў мне дададуць? Не».

УШ

4
сястра / Адказаць
23.02.2018 / 15:50
Замест таго, каб прызнаць, што дзяржава прайграла канкурэнтную барацьбу і перадаць усё ў рукі прыватніка, яна проста хоча стаць пасярэднікам паміж перавозчыкам і пасажырам. Які знаёмы падыход!  
0
у тэму / Адказаць
23.02.2018 / 15:58
Уражанне, што ўсё тут павінна рабіцца не каб было выгадна грамадзянам, а дзяржаве. Але ж  дзяржава тут- нязменны перасядзент з прызначаемай ім сваёй камарыльяй?
4
Таццяна Севярынец / Адказаць
23.02.2018 / 16:11
Варъяты, пакиньце у спакое маршрутки! Людзям добра! А з вами кепска!
Паказаць усе каментары/ 60 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру