24.02.2018 / 17:08

Якуб Лапатка: Істэрычныя крыкі аб «адсутнасці тэрміналогіі» ў беларускай мове — вынік вострай разумовай недастатковасці 82

Не будзем занадта зачароўвацца адміністратыўным спевам з высокіх урадавых падмосцяў аб «мяккай беларусізацыі» ды раўнапраўі моваў пры двухмоўі. Тэма збітая, але, на жаль, актуальная. Дарэчы, да яе можна далучыць і становішча з адукацыяй. Ужываючы ўлюбёнае слова сучасных палітыкаў, і тое, і другое пад пагрозай. Што тычыцца мовы, дык тут усё зразумела.

У першую чаргу, пагроза — гэта захапленне чыноўнікаў «рускім мірам» з ідэяй старэйшых і малодшых братоў, кумоў, дзядзек, плюс поўная ўпэўненасць у недаразвітасці беларускай мовы. Элементарна адукаваны чалавек казаць такога не можа ні пра якую мову, тым болей пра мову тытульнай нацыі. Істэрычныя крыкі аб адсутнасці тэрміналогіі, аб недахопе праграм, сродкаў навучання і сфер ужывання — проста вынік вострай разумовай недастатковасці.

Мова не можа быць суперразвітай або недаразвітай. Мова чукчаў, ненцаў ці інуітаў нічым не горшая за англійскую, рускую ды за любую іншую. Магчыма, там няма словаў кшталту эканамайзер ці бартар. Затое ў гэтых мовах маецца па сотні назваў для адценняў колеру аленяў, стану снегу, кірункаў і сілы ветру і г. д. Гордае еўрапейскае: «А нам гэта не трэба. Аленяў у нас няма. Затое ў нас ёсць Шэкспір, Дастаеўскі, Сервантэс!»

А ці патрэбныя яны тым народам? Наўрад ці яны зразумеюць і ўспрымуць трагедыю караля Ліра ці перажыванні Раскольнікава. Але ў любым выпадку, гэтыя народы стварылі вялікія цывілізацыі, бо жывуць там, дзе чалавек па ўсіх параметрах жыць не можа. І яны заслугоўваюць самай вялікай павагі. А вось беларуская мова, аказваецца, такой павагі не заслугоўвае, бо яна замінае «аптымізацыі дзяржаўнага апарату». Тым самым можна зразумець, беларуская мова практычна абвяшчаецца роўнай «вредітелям» далёкіх часоў. А значыць, падлягае… Яскравы прыклад таму — выступы гомельскай дырэктрысы і прэсавай сакратарысы Міністэрства адукацыі. Адна заяўляе, што не разумее беларускую і гаварыць на ёй не будзе, другая яе падтрымлівае, кажучы, што нідзе не сказана, на колькіх мовах павінна гаварыць тая дырэктрыса. І абедзве шаноўныя лэдзі, кажучы такое, уголас дэманструюць: «Чхаць мы хацелі на закон «Аб мовах»! Ну і што, што там прапісаны абавязак дзяржаўных чыноўнікаў валодаць дзвюма мовамі? Нас гэта не тычыцца!» Прыкладна так можна зразумець выказванні і той, і другой. Вось у тым і пагроза. Ці мала што там скажа прэзідэнт ці міністр! Князь даў, а войт адабраў. Гэтая група людзей адмаўляе беларускую мову, культуру і гісторыю. Я лічу так таму, што без мовы Купалы, Коласа, Быкава, Барадуліна няма і беларускай культуры. Праблема вырашаецца проста: няма мовы, няма і культуры. Праўда, яны не адмаўляюць дзяржаўнасць Беларусі, што даволі дзіўна: беларуская дзяржава ёсць, а беларускага народа няма — гэта рускі народ на Беларусі, мовы няма — гэта проста сапсаваная нацыяналістамі руская. Затое ёсць дзяржаўныя пасады, і мы іх будзем займаць.

Другая група а ля герашчанка настроена болей радыкальна: мы адзін народ, ніякай Беларусі няма, ніякай мовы, ніякіх беларусаў. І да тых, і да другіх улада ставіцца даволі паблажліва. Скажам, славутага беларускага паэта могуць пасадзіць на суткі за няправільны пераход вуліцы, а за невыкананне закона «Аб мовах», за прамое адмаўленне дзяржаўнасці краіны — толькі ласкава паківаюць пальчыкам.

З другога боку, немалую пагрозу ўяўляюць і абаронцы беларускай мовы і культуры. Я таксама падзяліў бы іх на дзве групы: рыгарыстаў і лаціністаў. Рыгарысты з усёй моцы клянуць трасянку, так званую наркамаўку, правапіс, вымаўленне і г.д.

Асабліва цікава гучаць запазычаныя словы, калі пішуць Лёндан, фылязофія і да таго падобнае. Гэта апраўдваецца жаданнем наблізіць вымаўленне запазычаных слоў, асабліва геаграфічных назваў, да арыгінала. А на ліха нам такое набліжэнне? І як блізка да арыгінала Лёндан, калі англічане кажуць зусім не так? Як мне вядома, усе мовы прыстасоўваюць да сваіх фармантаў чужаземныя запазычанасці. І карыстаюцца так, як было шмат гадоў. Напрыклад, Талін па-шведску як быў, так і застаецца Рэвелем. А ў фінаў назва Вільні так і не стала Вільнюсам, а выкарыстоўваецца ў форме Vilna з адпаведнымі формамі ва ўсіх шматлікіх склонах. Не меншую нянавісць рыгарыстаў выклікае трасянка, то бок мясцовыя гаворкі. А дзе вы бачылі, у якой краіне люд паспаліты гаворыць толькі на чыстай літаратурнай мове, будзь то іспанская, руская, французская ці англійская. Можа, тэхасцы ці алабамцы ўпарта трымаюцца моўных мадэляў шэкспіраўскіх часоў? У некаторых мовах дыялекты так розняцца, што носьбіты адной мовы могуць і не зразумець адзін аднаго.Чаму ж беларусам адмаўляюць мець свае гаворкі? Мяне вывезлі з маёй вёскі ў 13 гадоў. І вярнуўся я туды толькі праз сорак. Спачатку гаварыў з мясцовымі па-руску, потым па-беларуску, што выклікала вялікі недавер да маёй асобы. А калі я «загаваріў па-дзерявенску», адразу пачуў дапкорнае: «Дык ты свой! Нечага было прітваряцца!» Я не забыўся ні інтанацыі сваёй мясцовай гаворкі, ні вымаўленне, ні слоўцаў. Болей за тое, я склаў невялікі, слоў 180—200, слоўнічак нашай «дзерявенскай» гаворкі. І заклікаю ўсіх людзей сталага веку рабіць тое ж самае. Тады можна не звяртаць увагі ні на Лёндан, ні на хвылязохвію.

Яшчэ большую небяспеку ўяўляюць «лаціністы», пабочнікі пераходу беларускай мовы на паланізаваную лацініцу. На першы погляд, мэты даволі высакародныя: так мы аддаліся ад «рускага міра» і ўратуемся ад асіміляцыі. А куды ж мы рушым далей? У Польшчу, дзе нашу краіну лічаць усяго толькі «крэсамі всходнімі» і наўрад ці болей прыязна паставяцца да мовы сваіх братоў-беларусаў, чым рускія браты?

Апрача таго, не варта так паспешліва рвацца ў еўрачалавекі, мы і без таго не азіяты і не іракезы. Наогул, гадоў так праз некалькі дзясяткаў у Еўропе калі і застанецца лацініца, дык толькі ў Польшчы. Астатнія ж пяройдуць на арабскую вязь, мяркуючы па дэмаграфічнай актыўнасці мусульман. Можа, тады і нам перайсці на арабіцу, каб потым не мучыцца? 

Пераход на лацініцу адразае начыста вялізарны пласт, скажам так, «кірылічнай» беларускай культуры. Па-другое: гэта абяднее нашых людзей, таму што мы зараз валодаем як кірыліцай, так і лацініцай. І ў тым наша перавага над «чыстымі лацінцамі». Грузіны, армяне, копты, амхарцы, тайцы і г.д. не адмаўляюцца ад сваіх пісьмён дзеля агульначалавечнасці. Не адмовяцца кітайцы ад сваёй іерагліфікі, бо яна якраз яднае іх. Дый наогул, лацінскапішучых у свеце значна меней, чым карыстальнікаў іншымі відамі пісьмёнаў. Каб стаць «еўрапейскім Сінгапурам», зусім неабавязкова засяляць Беларусь кітайцамі, а каб застацца беларусамі, зусім не трэба пераходзіць ад пісьмён Ф. Скарыны да паланізаванай лацініцы. Гэта не дапаможа. Болей за тое, выкліча раскол сярод беларусаў. Мяркую, што ўжо выклікала.

Яшчэ ў болей пагрозлівым стане аказалася наша адукацыя. І менавіта з-за цягі начальства да прагрэсу і рэформаў. Здаецца, што апошнія пару дзясяткаў гадоў школа толькі і робіць, што рэфармуецца. Дзесяць год навучання! Адзінаццаць! Дванаццаць! Увесці іспыты! Адмяніць Іспыты! Пяцібальная сістэма ацэнак! Не, дзесяцібальная! Нямецкая сістэма, фінская сістэма! І ні дзеці, ні настаўнікі не могуць узяць у толк, што ад іх хочуць, чаму вучыць, на што арыентавацца. Таму пры любой запазычанай сістэме толку няма і не будзе. І нямецкая, і фінская, і любая іншая сістэма адукацыі з’яўляецца нацыянальна скіраванай. Таму нам трэба беларуская сістэма. Не будзе плоданасіць фінікавая пальма на радзіме васілька. Можна ўзяць лепшае і з таго, і з другога, але мэты паставіць нашы.

Дарэчы, чаму б не ўзяць што-нішто з савецкай сістэмы? Я пачынаў вучыцца ў беларускай школе па-беларуску. Рускую мову мы пачыналі ці не ў трэцім класе. Рускую літаратуру зараз можна ўключыць у праграму сусветнай літаратуры. Прычым зусім неабавязкова перакладаць Талстога або Салтыкова-Шчадрына на беларускую. Літаратуру ж другіх народаў даваць па-беларуску. Я дагэтуль памятаю, што алгебру і геаметрыю мы вучылі па беларускамоўным падручніку Кісялёва, фізіку —па падручніках Пёрышкіна, Фалеева, Краўкліса. Былі іншыя падручнікі. І ведалі мы і тую, і другую мовы.

Таленавітых перакладчыкаў практычна з любой мовы на Беларусі хапае. Яскравы прыклад таму — Еўраслоўнік на 28 моваў, складзены Лявонам Баршчэўскім. Адметнасць твора ў тым, што ўся лексіка слоўніка апрацоўвалася толькі беларускімі перакладчыкамі.

Аднак, дзе кухараў шэсць, там няма чаго есць. І можа атрымацца занядбаная нацыянальная адукацыя, што вядзе да занядбання краіны.

Якуб Лапатка

4
Блізарукасць - Нізкавокасць / Адказаць
24.02.2018 / 17:21
 Тэрміналогіі дастаткова, але яе ўпарта не хочуць фіксаваць акадэмічныя слоўнікі. Самы яскравы прыклад з тэрміналогіяй сакрум. 25 год выходзяць каталіцкія выданні на беларускай мове, перакладзены літургічны імшал, Касцёл стала карыстаецца і папулярызуе беларускую мову, не ў прыклад іншым дзяржаўным і рэлігійным інстытуцыям. Але, дзе гэтая тэрміналогія ў слоўніках. Людзі жывуць з ёй, моляцца, а складальнікі мовамарновішчных слоўнікаў захраслі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя!
20
Anton / Адказаць
24.02.2018 / 17:30
A čamu kali łacinka dyk adrazu "pałanizavanaja" mnie voś cikava, jana i ŭ Čechaŭ sa Słaviencami hetkaja ž? Dy jašče i ŭ bok taraškievicy vypad, tut paŭstaje pytańnie nakolki aŭtar sam "razumova dastatkovy".
9
Алесь Беларус / Адказаць
24.02.2018 / 17:33
Згодны
Паказаць усе каментары/ 82 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру