Улада9292

На 19-гадовага блогера, які стварыў палітычны ютуб-канал Nexta, завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі

Сцяпан Святлоў — 19-гадовы блогер з Менску, аўтар аднаго з самых папулярных блогаў на YouTube Nexta, прысвечанага грамадска-палітычнаму жыццю ў Беларусі. Увечары 22 лютага ў кватэры ягоных бацькоў адбыўся ператрус у межах крымінальнай справы паводле арт. 368 КК — «абраза прэзідэнта», паведамляе «Белсат».

Цяпер Сцяпан знаходзіцца ў Польшчы, там ён навучаецца ва ўніверсітэце. У менскай жа кватэры падчас ператрусу знаходзілася толькі яго маці Святлана.

«Увечары да маці прыйшлі двое — адзін у форме Следчага камітэта, другі ў цывільнай вопратцы. Імёнаў сваіх не назвалі, пасведчанняў не паказвалі. Яны паказалі толькі ордар на вобшук і сказалі, што нейкая грамадзянка паскардзілася на зняважлівыя выказванні на адрас прэзідэнта, якія нібыта гучаць на маім канале», — распавядае Сцяпан.

Паводле слоў блогера, праваахоўнікі сканфіскавалі ноўтбук і маленькую відэакамеру, склалі пратакол вобшуку. Пры гэтым яны не далі маці Сцяпана ніякіх копіяў дакументаў і не паведамілі, у якім працэсуальным статусе на дадзены момант знаходзіцца Сцяпан. 

Сцяпан Святлоў, фота з Facebook-старонкі блогера

На канале NEXTA — больш за 100 тысяч падпісантаў

Актыўна весці свой YouTube-канал Сцяпан Святлоў (гэта псеўданім) пачаў у красавіку 2017 года — тады ў Беларусі яшчэ не спала інфармацыйная хваля «недармаедскіх пратэстаў». Хлопец пачаў ствараць перш за ўсё інфармацыйныя ролікі ў рубрыцы «Ну і навіны!». Галоўнымі аб'ектамі крытыкі сталі Дэкрэт №3, міліцэйскі гвалт, злоўжыванне ўладай.

Амаль у кожным відэа гучыць крытыка ў бок Лукашэнкі. Пры стварэнні ролікаў Сцяпан часта выкарыстоўваў відэа незалежных СМІ, асабліва «Белсата», з якім супрацоўнічае.

«Я не разумею, дзе яны знайшлі абразу? Іншыя блогеры часам выказваюцца больш востра. Да таго ж, я ніколі не займаўся палітычнай дзейнасцю, не быў актывістам, не падпадаў пад адміністратыўны пераслед. Думаю, такі ціск звязаны з хуткім ростам падпісантаў на канале», — здзіўляецца хлопец.

Сапраўды, колькасць падпісантаў NEXTA ужо перавысіла 100 тысяч чалавек — вялізная лічба для беларускай інтэрнет-прасторы. На думку Сцяпана, улады маглі «зачапіцца» за адно з апошніх відэа — там гаворка ідзе пра «справу, якую раскрыў асабіста Лукашэнка».

«Нядаўна я прабыў у Менску амаль два тыдні і ніхто з сілавікоў ці следчых да мяне не звяртаўся, далі выехаць з краіны. Таксама цікава, што за грамадзянка паскардзілася на мой канал? Можа сумнавядомая фрау А.?», -— кажа Сцяпан.

На пытанне, чаму ён увогуле вырашыў весці палітычны блог, хлопец адказвае: «Бо гэта запатрабавана, бо ў людзей у Беларусі робіцца ўсё менш крыніцаў інфармацыі: заблакавалі Хартыю, націснулі на Беларускі Партызан».

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова папрасіла пачакаць на інфармацыю і каментары да панядзелку.

* * *

Каго і за што раней вінавацілі ў «абразе прэзідэнта»?

У беларускім заканадаўстве існуюць два падобныя артыкулы. Арт.367 «Паклёп на прэзідэнта» прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу або папраўчых працаў на тэрмін да 2 гадоў, абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў. За «абразу прэзідэнта» (арт. 368) максімальная санкцыя ўяўляе сабой 3 гады турмы.

Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года за паклёп на Лукашэнку былі асуджаныя галоўны рэдактар гарадзенскай газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч і журналіст Павел Мажэйка. Маркевічу далі 2 з паловай гады «хіміі», пасля замяніўшы вырак на папраўчыя працы па месцы жыхарства. У журналістыку ён не вярнуўся. Мажэйка ж атрымаў 2 гады хіміі і ў 2003 годзе выйшаў па ўмоўна-датэрміновым.

У тым жа годзе справу за паклёп завялі на палітычнага дзеяча і галоўрэда газеты «Рабочы» Віктара Івашкевіча. З двух прызначаных судом гадоў «хіміі» ён адбыў палову і быў амніставаны.

Грамадскі актывіст Валер Леванеўскі, які крытыкаваў сацыяльную палітыку Лукашэнкі і збіраў мітынгі прадпрымальнікаў у Горадні, адбыў свае 2 гады зняволення па 368-м артыкуле без права на амністыю. За гэты час ён пабываў у пяці турмах, у тым ліку на Валадарцы.

У 2005 годзе стваральніку сатырычнага праекту «Мультклуб» Алегу Мінічу ўдалося пазбегнуць арышту праз вялікі рэзананс у прэсе. Яму інкрымінавалі «абразу», бо ў мультфільмах прысутнічаў Лукашэнка і набліжаныя чыноўнікі.

Журналіст «Газеты Выборчай» Андрэй Пачобут быў асуджаны па 367-м артыкуле двойчы: пасля выбараў у 2011-м годзе і ўлетку 2012-га. Ён шмат пісаў пра працэс пад Кавалёвым і Канавалавым, якіх пазней прызналі вінаватымі ў здзяйсненні тэракту і расстралялі, а таксама пра «маўклівыя акцыі» і стасункі Лукашэнкі з Захадам.

Каментары92

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію4

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію

Усе навіны →
Усе навіны

У Турцыі знікла беларуска з хлопчыкам2

Колю Лукашэнку занеслі на дошку гонару БДУ15

У Мінску знайшлі на вуліцы незвычайнага павука1

Ілан Маск вырашыў адысці ад палітыкі і вярнуцца да сваіх праектаў у космасе2

Расія пачала сцягваць свае войскі да мяжы ў раёне Харкава3

Адмова ад макароны, бульбы і хлеба ўсяго два дні на тыдзень можа даць той жа эфект, што і інтэрвальнае галаданне5

На наступным тыдні беларусаў чакае камфортнае надвор'е

Кандыдат у прэзідэнты Польшчы падчас тэледэбатаў ужываў стымуляцыйнае рэчыва. Гэта выклікала вялікі рэзананс18

Іспанскія навукоўцы шукаюць людзей, гатовых чатыры гады штодня піць віно1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію4

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць