Амерыканская акторка і спявачка Стэфані Пан і аўстралійская акторка Эстэр Мугамбі, якія прыляцелі ў Беларусь на запрашэнне беларускага «Свабоднага тэатра», 5 кастрычніка былі затрыманыя ў аэрапорце «Менск‑2». Беларускія памежнікі паведамілі акторкам, што яны знаходзяцца ў спісах неўяздных у краіну.

Цікава, што акторкі, якія прыляцелі ў Менск з Амстэрдама (праз Прагу), раней ні разу не наведвалі Беларусь. Супрацоўнікі менскага аэрапорта не паведамляюць акторкам прычыну забароны на ўезд у краіну, спасылаючыся на тое, што гэта «канфідэнцыйная інфармацыя Міністэрства замежных справаў РБ».

Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі павінны былі на працягу тыдня рэпетаваць спектаклі беларускага «Свабоднага тэатра» у межах праекту Eurepica. З Менску акторкі збіраліся выляцець толькі праз тыдзень, 12 кастрычніка.

Памежнікі паведамілі Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі, што ім прыйдзецца правесці ў менскім аэрапорце два дні. Назад яны могуць адляцець толькі за свой кошт, а квіткі ў дзяўчатаў ёсць толькі на рэйс Менск‑Прага‑Амстэрдам, які ў наступны раз будзе праз два дні.

Акторак размесцілі ў аэрапорце ў памяшканнях турэмнага тыпу, так званых пакоях для затрыманых перамешчаных асобаў. Іх свабода абмежаваная, яны замкнутыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?