25 лютага ў Брэсце больш за 100 чалавек выйшлі на плошчу Леніна ў знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, паведаміў tut.by праваабаронца Раман Кісляк.

Несанкцыянаваная акцыя пачалася ў 12.00. Па словах Рамана Кісляка, яе ўдзельнікі не разгортвалі плакатаў і не выгуквалі лозунгаў, а стаялі невялікімі групамі на цэнтральнай плошчы і абмяркоўвалі пытанне будаўніцтва завода.

У 13.00 на плошчы таксама пачалося свята, прымеркаванае да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Беларусі. Ратавальнікі правялі паказальныя выступленні і прадэманстравалі гатоўнасць да ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Каля 13.30 пратэстоўцы разышліся.

Пасля акцыі Раман Кісляк накіраваў зварот у гарвыканкам з просьбай прадаставіць план мерапрыемстваў на 2018 год для таго, каб у выпадку падачы заяўкі на пратэстную акцыю можна было пазбегнуць накладкі з гарадскімі святамі.

Пытаннем будаўніцтва акумулятарнага завода занепакоеныя жыхары Брэста, некалькіх бліжэйшых вёсак і садовых таварыстваў. Паводле справаздачы, прамысловы навабуд размесціцца з поўначы за 750 метраў ад вёскі Хабы, за 1200 м ад дачнага пасёлка, за 1800 м ад Шчэбрына, за 2500 м ад Тэльмы-2 і за 2 км ад ракі Мухавец.

Вяскоўцы даведаліся аб будаўніцтве завода з прэсы і абурыліся, чаму ўлады Брэсцкага райвыканкама не пацікавіліся іх меркаваннем па гэтым пытанні. Як аказалася, працэдура грамадскіх абмеркаванняў праводзілася яшчэ ў снежні 2016 года. Аднак тады «заўваг і прапаноў» ад грамадскасці не паступіла. Як адзначаюць праціўнікі будаўніцтва, яны аб гэтай працэдуры нават не ведалі, бо адпаведнае апавяшчэнне друкавалася ў раённай газеце «Заря над Бугом», якая выходзіць накладам 3400 асобнікаў, і на сайце выдання.

Галоўнае, што турбуе вяскоўцаў, гэта ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Аднак праведзеная да пачатку будаўніцтва экспертыза паказала, што «негатыўнае ўздзеянне праектаванага аб'екта на атмасфернае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебы, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чалавека нязначнае», а «ўвод праектаваных аб'ектаў у эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна-антрапагеннай раўнавагі».

22 лютага праціўнікі завода падалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з патрабаваннем прыпыніць будаўніцтва завода пад якім падпісаліся больш як 36 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0