25.02.2018 / 16:32

Як Зміцер Дашкевіч загітаваў амапаўца падпісацца за беларускую мову 22

Такую гісторыю выклаў сёння лідар «Маладога Фронту» ў сваім фэйсбуку.

Сёньня на непланаваным пікеце назьбіралі мы 550 подпісаў у падтрымку беларускай мовы. І хоць раней я разважаў, што моўнае пытаньне больш канфліктнае, напрыклад, за пытаньне сьцяга, але цяпер прызнаю сваю памылку — за мову падпісваюцца беларусы гэтак жа сама ахвотна, як і за бел-чыровна-белы сьцяг, а мо нават трошку і лепей. Аднак больш зьдзівіла мяне сёньня іншая акалічнасьць.

- Спадар Зьміцер, прывітаньне! — зьвярнуўся да мяне амапавец на чысьцюткай.

- Прывітаньне!

- Як вы думаеце, ці трэба дазвол тут стаяць з подпісамі?

- Думаю трэба.

- І вам дазволілі?

- Так.

- І хто?

- Мне дазволіў стаяць тут Ісус Хрыстос, — адказваю з усьмешкай, але сур’ёзна гледзячы ў вочы.

- Зноў вы за сваё, спадар Зьміцер! — сьмяецца амапавец.

- Канешне за сваё.

- Але я буду вымушаны паведаміць начальству.

- Калі ласка, вы ўжо трэці, хто будзе паведамляць.

- А што, да вас ужо падыходзілі?

- Канешне.

- І што казалі?

- А што яны мне скажуць, мяне ж паставіў тут стаяць Ісус Хрыстос.

Амапавец ужо не сьмяецца. Глядзіць на мяне вельмі сур’ёзна і кажа:

- За мову зьбіраеце?

- За мову.

- І навошта?

- Бачыце, якая сітуацыя, пяцьсот год таму, калі Скарына надрукаваў Біблію, гэта была чацьвёртая ў сьвеце кніга на мове свайго народа. А цяпер ЮНЭСКА ўнесла мову ў сьпіс вымірачых. Адно гэта — прысуд сучаснай беларускай уладзе.

- Ну давайце мо і я падпішу? — кіўнуў на аркуш амапавец.

- Ну канешне падпісвайце, — падсунуў я тэчку.

- І што мне за гэта будзе?

- А што можа быць у Беларусі за падтрымку беларускай мовы?

- Толькі нікому не кажыце, — папрасіў ён падпісваючы.

- Не скажу.

Адбылося неверагоднае — я першы раз у жыцьці загітаваў пад свае ідэі ворага пры нясеньні ворагам службы. У іншыя дні нашая камунікацыя адбываецца іншым чынам, але цяпер мы стаім прыязна размаўляем, амапавец падпісвае мой зварот, а навакольныя і тым больш маладафронтаўцы ня могуць зразумець, што гэта такое робіцца. І я падумаў, а ці праўдзіва гэта будзе, калі мы так і разьвітаемся.

- Паслухайце, спадар Мікола, — кажу я яму, — а калі вам загадаюць мяне павязаць, вы ж павяжаце?

- Ну навошта вы так, спадар Зьміцер, — зьніякавеў амапавец, — вы ж тут добра стаіце, я ня бачу нічога забароненага.

- А калі вам загадаюць сфальсіфікаваць на мяне пратакол аб мацяршчыне, а потым ілжэсьведчыць на судзе?

- Спадар Зьміцер, ну навошта вы?

- А вось навошта. Служба ў сілавых структурах у нашай дзяржаве — гэта злачынства перад Богам, бо рана ці позна, але кожнаму дадуць загад фальсіфікаваць ці лжэсьведчыць. Таму, пакуль ня позна, ратуйце душу — бяжыце.

- І куды бегчы, на вашу фабрыку мэблевую?

- А што, на «фабрыку», вазьму ўсіх. Бо вам жа дзяцей трэба карміць?

- Трэба.

- Вось так усе і кажуць. Таму прымаўка і сьведчыць: клопатам пра ўласную сям’ю апраўдваецца любое злачынства. Дык лепш ідзіце мэблю зьбіраць, чым душу ў амапе прадаяцё.

- Нешта людзі радзей падыходзяць? Мо бачаць супрацоўніка ды баяцца?

- Гэта так, бачыце да чаго вы дайшлі — людзі баяцца.

- Добра, тады пайду я.

- Ідзіце, а я застануся, бо мяне тут паставілі, — падміргнуў я яму.

Ён пайшоў, а я застаўся думаць: што гэта было? І як бы паводзіў сябе спадар Мікола ў іншых варунках? Што б зрабіў, каб начальнік ягоны загадаў мяне павязаць? Як бы паводзіў сябе, каб яму загадалі сфальсіфікаваць на мяне пратакол і потым ілжэсьведчыць у судзе? Я вырашыў: не панясу ягоны подпіс сталіністу Карпенку, каб камунякі не палічылі прарыў амапаўскага сумленьня як змову з ідэйным ворагам. Не панясу. Бо так хочацца верыць, што калі амапаўцу Міколу загадаюць сфальсіфікаваць на мяне чарговую справу, ён адмовіцца.

#Мова2018

PS Як некаторыя чытаюць тэксты праз два радкі трэці, дык датлумачваю: подпіс не панясу з павагі да шчырага ўчынка амапаўца, каб не нашкодзіць яму самому і ў спадзяваньні, што амапаўскае сумленьне калі-небудзь пераможа амапаўскія загады. Таму імя амапаўца і абставіны, натуральна, зьмененыя.

5
Угу / Адказаць
25.02.2018 / 16:47
Так омоновцы, в большинстве своем из местячковых. И живут тут, и работают. Не на всех действует  гос.промывка мозгов, есть морально устойчивые. Есть те, кто читать и думать умеет, а не только зубы выбивать и почки отбивать, одновременно ломая ноги и руки безоружным. Значит не всё потеряно.
 Но им не позавидуешь, из-за того, как их использует власть Лукашенко. Аккурат против сборщиков подписей за беларуский язык, за нормальные выборы, за Курапаты, против "дармоедов".....
 Всё течёт, всё меняется
1
Мікола / Адказаць
25.02.2018 / 17:01
Зміцер -- лавец душаў 8-)
3
Юрась Беларус / Адказаць
25.02.2018 / 17:19
Пра што я і кажу вельмі часта на гэтым сайце. Варта ўмець адрозніваць нармальных, адэкватных сілавікоў ад сілавікоў ненармальных, неадэкватных. Нават калі іх вельмі замала , прыпісваць усім сілавікам неадэкватнасць, ненанрмальнасць нельга. Я скажу так: Лукашэнка пабудаваў сістэму сілавікоў неадэкватную, ненармальную, скіраваную на знішчэнне апазіцыйнай думкі, аднак сярод іх ёсць нармальныя, адэкватныя дюдзі, якія разумеюць усю заганнасць гэтай сістэмы.
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру