Малюнак Волі Кузьміч.

Малюнак Волі Кузьміч.

Беларускамоўны чалавек не можа прыкінуцца сценкай і застацца незаўважны ў маршрутцы або краме. Заўсёды маеш на ўвазе, што нават адна твая фраза здольная выклікаць празмерную цікавасць у чужых людзей. Грамадзяне пачнуць разглядаць ступень чысціні твайго абутку, а нехта паляпае па плячы: «Ты такой маладзец! А я тожа учыл кагда-та, но не могу теперь. А… эта-вот… Алеся з Серабранкі ведь знаеш?»

У беларускамоўнага ў Беларусі няма права на кепскі настрой, бо адна справа, калі ты недастаткова ветлівы чалавек у шэрай шапцы, а іншая справа, калі ты няветлівы беларускамоўны.

Чалавек у шэрай шапцы, які прыглушаным голасам размаўляе ў транспарце па тэлефоне, можа разлічваць, што ў яго размову не будзе ўслухоўвацца ўвесь салон. У аналагічнай сітуацыі беларускамоўны не мае шанцаў.

Адсутнасць права на кепскі настрой і права на веснавы авітаміноз з гадамі можа пачаць вымотваць. Але аналагічную праблему маюць зоркі музыкі, палітыкі, спорту і Ютуба. Нават цёмныя вялікія акуляры на паўтвара не гарантуюць ім, што выхад у краму па кефір пройдзе без прыгодаў.

Выходзіць, што беларускамоўныя людзі ў Беларусі жывуць як селебрыці. Няма чаго скардзіцца!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?