26.02.2018 / 14:38

Сем самых яркіх успамінаў Алімпіяды ФОТЫ 6

25 лютага ў карэйскім Пхёнчхане скончылася XXIII Зімовыя Алімпійскія гульні. Беларусь у агульным заліку з трыма медалямі размясцілася на пятнаццатым радку ў неафіцыйным заліку.

А чым запомнілася гэтая Алімпіяда? «Наша Ніва» падводзіць вынікі спаборніцтваў.

Перамога Алімпіяды

Канечне ж, біятлонная жаночая эстафета. Нашы дзяўчаты ў гэтым сезоне не траплялі нават у пяцёрку наймацнейшых на этапах Кубка свету. Куды больш збалансаванымі лічыліся каманды Нарвегіі, Германіі, Францыі, Украіны, Швецыі. Аднак уся чацвёрка выступіла вышэй за ўсялякія пахвалы. Колькі было перажыванняў наконт нядаўняй юніёркі Дынары Алімбекавай, але яна проста бліскуча прайшла свой этап. Дар’і Домрачавай заставалася проста не падвесці сваіх сябровак па камандзе. Сэрца замерла на імгненне, калі Даша дапусціла тры промахі на стойцы, але дадатковымі патронамі ўсё ж закрыла ўсе мішэні. У выніку — першае месца. Поспех каштоўны тым, што гэта не трыумф адной спартсменкі, а ўсёй беларускай школы. Такую гонку можна пераглядаць і пераглядаць.

Глядзі яшчэ: Скардзіна, Крыўко, Алімбекава, Домрачава: хто такія алімпійскія чэмпіёнкі

Скачок Алімпіяды

Медалёў ад фрыстайлістаў, безумоўна, чакалі. Ад 1998 года нашы майстры скачкоў на лыжах увесь час прывозілі ўзнагароды з Гульняў. Галоўныя спадзяванні ў жанчын былі на Алу Цупер, чэмпіёнку Сочы-2014. Гуськова ішла на другім плане. Аднак менавіта Ганна ў фінале найбольш дасканала выканала свой скачок, пакінуўшы за сабой суперніц-кітаянак, якіх цягнуў суддзя-суайчыннік. Гэта ўжо сёмы медаль, які прывозіць з Алімпіяд геніяльны трэнер фрыстайлістаў Мікалай Казека. Гуськова — усмешлівая 25-гадовая дзяўчына, якая прызнаецца, што баіцца вышыні.

Глядзі яшчэ: Пяць фактаў пра Ганну Гуськову

Неадназначнасць Алімпіяды

Будзем шчырымі, ад Дар’і Домрачавай пасля Сочы чакалі нашмат большага, чым адзін медаль. Дар’я не спраўлялася з нервамі на стрэльбішчах падчас спрынту, пагоні і індывідуалкі. Ды і не сказаць, што лыжы вельмі хутка ляцелі. Толькі ў масстарце беларуска апраўдала чаканні, фінішаваўшы пасля славачкі Кузьміной. Эстафета прынесла Дар’і чацвёрты залаты медаль за ўсе часы, такім чынам наша спартсменка стала самай тытулаванай за ўсе часы. Больш «золата» Алімпіяд у біятлоне за Дар’ю не мае ніхто. Цяпер Домрачава задумалася пра заканчэнне кар’еры. Кажа, што ў Пекін-2022 не паедзе. Хаця хто яго ведае, што будзе праз чатыры гады.

Несправядлівасць Алімпіяды

Фрыстайліст Антон Кушнір выконваў адны з самых складаных скачкоў на гэтай Алімпіядзе, але для таго, каб трапіць у фінал, яму не хапала зусім драбнічкі. У першым скачку ён заняў сёмае месца, калі ў фінал праходзілі шасцёра. У другім — таксама сёмае пры тых самых шасці. У выніку алімпійскі чэмпіён Сочы размясціўся на 13-м радку з 12-і, што праходзілі. Адметна, што «тапіў» беларуса швейцарскі суддзя, які ставіў нашаму спартсмену максімальна нізкія адзнакі, каб у фінал прайшлі ягоныя суайчыннікі. Гэта можна назваць галоўнай несправядлівасцю Гульняў. Аляксандр Лукашэнка нават накіраваў пратэст у Міжнародную федэрацыю фрыстайлу, але што ўжо толку.

Сыход Алімпіяды

Грошы на Алімпіяду для 44-гадовага лыжніка Сяргея Далідовіча збіралі ўсім светам — праз краўндфандынгавую кампанію. Але ў Пхёнчхане ў беларуса ўсё пасыпалася. Быў моцны мароз, а ў Сяргея праблемы з бронхамі. Ужо ў першай гонцы на 15 км ён вымушаны быў сысці з дыстанцыі. А пасля так і не выйшаў на трасу праз праблемы са здароўем. Гэта ўжо дакладна апошняя Алімпіяда для аршанскага лыжніка. На сваёй старонцы ў фэйсбуку Далідовіч паабяцаў вярнуць грошы тым, хто расчараваўся ягоным выступам у Паўднёвай Карэі.

Сенсацыя Алімпіяды

Скажы тры гады таму, што ў фінале Алімпіяды па хакеі будуць гуляць зборныя OAR і Германіі, то, напэўна, дзевяць з дзесяці заўзятараў бы пакруцілі пальцам ля скроні. Але так сталася, што спачатку дыскваліфікавалі зборную Расіі, якая змагла выступаць толькі пад шыльдай OAR (Алімпійскія атлеты Расіі). А на самой Алімпіядзе сенсацыю стварылі немцы, якія дайшлі да фінала. «На іх месцы павінны быць мы», — пранеслася думка, мабыць, у многіх беларускіх заўзятараў. Калі немцы перамаглі ў чвэрцьфінале шведаў, то здавалася, што яны і так скокнулі вышэй за галаву. Аднак у паўфінале зрынутымі аказаліся канадцы. Нямецкая хакейная казка магла быць яшчэ больш яркай, але рускія ў овертайме ўсё ж вырашылі ўсё на сваю карысць.

Торс Алімпіяды

Каму не запомніцца гэты накачаны спартсмен з Каралеўства Тонга Піта Таўфатофуа, які на адкрыцці Алімпіяды выйшаў раздзеты па торс, папярэдне змазаўшы цела алеем. І гэта на дзесяціградусным марозе. Такое не забываецца. А вось сам выступ Піта ў лыжных гонках такім фурорам не скончыўся. Лыжнік у выніковым пратаколе размясціўся на 114-м месцы з 119. На летнюю Алімпіяду-2020 Таўфатофуа плануе паехаць у якасці плыўца.

Сачылі за Алімпіядай разам з букмекерскай канторай Марафон

Зміцер Панкавец

14
Анна / Адказаць
26.02.2018 / 15:46
Главная несправедливость Олимпиады совсем не в этом и вы прекрасно это знаете.
0
рашабэра / Адказаць
26.02.2018 / 21:31
зусім не раскрыта тэма "цыцак"
0
Тамара / Адказаць
26.02.2018 / 21:46
Усе малайчынкі !!!
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру