Фота: Іна Максімчык, grodno.greenbelarus.info

Фота: Іна Максімчык, grodno.greenbelarus.info

Скразная труба з гафрыраванага металу з двух бакоў выводзіць наўпрост у лясныя зараснікі, магістраль ідзе паверсе. Пазнаць пераход можна па шумападаўляльных панэлях уздоўж насыпу. Але калідораў з сеткі, якія павінны адціснуць дзікіх жывёл ад праезнай часткі і непрыкметна накіраваць у тунэль, пакуль няма.

Толькі падчас рэканструкцыі і мадэрнізацыі трасы М6 Мінск — Гродна праектам былі запланаваны два падземныя пераходы для буйных капытных, хоць па Гродзенскай вобласці ўздоўж дарогі практычна ўсюды густы лес.

Амаль на мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў дарожнікі цалкам скончылі будаўніцтва тунэля. Пакуль гэта першае такое збудаванне ў вобласці.

Фота: Іна Максімчык, grodno.greenbelarus.info

Фота: Іна Максімчык, grodno.greenbelarus.info

Чарговы пераход будзе знаходзіцца на мяжы Лідскага і Іўеўскага раёнаў. Працы там павінны скончыць да восені. Пра гэта Гродзенскаму Зялёнаму парталу распавёў галоўны інжынер РУП «Гроднааўтадор» Аляксандр Марцулевіч, перадае hrodna.life.

Для тунэля арачнага тыпу выбралі гафраваную металічную трубу замкнёнага сячэння. Яго вышыня 4,5 метры, шырыня: ад 10 да 8 метраў, даўжыня прыкладна 40 метраў. Раней падземныя пераходы для жывёл будавалі з бетону, прыкладна тых самых памераў па вышыні і шырыні. Гафрыраваныя — эканамічнейшыя — іх не трэба рамантаваць, тынкаваць. Кошт аднаго тунэля — 600 тысяч рублёў, гарантыя 50 гадоў.

Фота: Іна Максімчык, grodno.greenbelarus.info

Фота: Іна Максімчык, grodno.greenbelarus.info

Пасля рэканструкцыі М6 на трасе ў Гродзенскай вобласці будзе ўсталявана з абодвух бакоў па 39 кіламетраў ахоўнай сеткі вышынёй 2,4 метра. У СМІ паведамлялася, што сетка будзе на ўсім працягу лясістай мясцовасці, але гэта аказалася не так. Пагонны метр сеткі каштуе прыкладна 30 рублёў.

Праўда, для невялікіх звяркоў і земнаводных — сетка не перашкода. Асобных пераходаў для іх не прадугледжана. Мяркуецца, што земнаводныя змогуць пры неабходнасці трапіць на другі бок праз шматлікія водаадводныя трубы, а прыкладна праз кожныя 10 кіламетраў ёсць пуцеправод або мост, пад якімі можна бяспечна прайсці.

Кошт рэканструкцыі магістралі М6 Мінск — Гродна — каля $250 млн. Скразны праезд мяркуюць пусціць да канца 2018 года, цалкам рэканструкцыя павінна завяршыцца ў першай палове 2019 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0