Сустрэча аргкамітэта па правядзенні святкавання стагоддзя незалежнасці БНР працягвалася тры гадзіны. Каля 30 палітыкаў і грамадскіх дзеячаў вырашалі, што рабіць з нефармальнай прапановай Мінгарвыканкама.
Нагадаем, улады нібыта згодныя на правядзенне святочнага канцэрта на плошчы каля Опернага тэатра, але супраць шэсця.

«Радыё Свабода» вяло жывы эфір з захапляльнага мерапрыемства. Доўгі час людзі, якія цікавяцца беларускай палітыкай, не маглі пачуць такое зацятае абмеркаванне.
Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч схіляліся да таго, што пагадзіцца з канцэртам — не дрэнны варыянт. Той жа думкі прытрымліваліся ініцыятыўныя маладзёны — Павел Белавус з «Арт-Сядзібы», блогер Эдуард Пальчыс.
Супрацьлеглае меркаванне мелі Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык. Яны настойвалі, што без шэсця Дня Волі быць не можа.
Адзін з цікавых момантаў абмеркавання — адкрытае галасаванне за склад перамоўнай групы. Статкевіч, Вінярскі і Сіўчык выказвалі супраць Белавуса. Пальчыс з Матолькам не падтрымлівалі Сіўчыка. А Лагвінец устрымліваўся падчас галасавання за Губарэвіча. Статкевіч спрабаваў прасунуць у перамоўную групу свайго актывіста Спарыша.
У выніку быў дасягнуты кампраміс. Вырашана сфарміраваць перамоўную групу (Яўген Афнагель, Павел Белавус, Юрась Губарэвіч, Рыгор Кастусёў, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Сяргей Спарыш) і ўпаўнаважыць яе на перамовы з Мінгарвыканкамам. Апазіцыя будзе ўсё ж намагацца святочнага шэсця і канцэрта каля Опернага тэатра. Яшчэ адно патрабаванне — адсутнасць загародак на месцы правядзення мітынгу.
Прыводзім самыя вогненныя цытаты і дыялогі.
* * *
Аляксей Янукевіч: Я хачу зразумець канкрэтна вашу пазіцыю. «Ніякіх перамоваў з уладамі?»
Вячаслаў Сіўчык: Глупства. Я ўсё жыццё вёў перамовы з уладамі!
Аляксей Янукевіч: І ўсё жыццё яны вас кідалі, як вы распавядалі! І сэнс было іх праводзіць?
* * *
Эдуард Пальчыс: Вайцюшкевіча не будзе, ён ужо ў Варшаве. 95%, што Вольскага не будзе - у яго [выступ] у філармоніі ў Беластоку. З кожным днём мы мінусуем якога-небудзь артыста.
Вячаслаў Сіўчык: Эдуард, а чаму я яшчэ тры месяцы таму ведаў, што Вольскі будзе ў Беластоку, а вы не ведалі?
Эдуард Пальчыс: Мы вялі з ім перамовы. Калі будзе дакладна вядома, ён гатовы адмяніць.
* * *
Вацлаў Арэшка: Адмовіцца ад шэсця немагчыма. Тады лепш ужо нічога не рабіць.
* * *
Антон Матолька: У нас няма афіцыйнага адказу на гэты зварот. Але ў нас ёсць публікацыі ва ўсіх СМІ, уключаючы Тут.бай, дзе ў загалоўку сказана: «Мінгарвыканкам прапанаваў апазіцыі адзначыць стагоддзе…» Гэта нашмат лепш за афіцыйны адказ, паверце. Публічнае пацверджанне таго, што Мінгарвыканкам гатовы ісці на гэты…
Мікола Статкевіч: А Лукашэнка заявіў, што гэтыя выбары будуць самымі сумленнымі!
Антон Матолька: Мы зараз кажам не пра выбары, а кажам пра… [не чуваць]
Мікола Статкевіч: А я кажу пра падыходы ўлады.
* * *
Мікола Статкевіч: Яны [улады] змушаныя намі да кампрамісу, яны пачалі перамовы, пакуль нефармальныя. Я хачу зрабіць сур’ёзную заўвагу ў боку Рыгора [Кастусёва]. Рыгор, ты не меў права пайсці туды адзін! Ты лідар адной з апазіцыйных партый, а нейкія чыноўнікі паставілі табе ўмову: «Вы павінны прыйсці адзін». І ты паслухаўся. … Пайшлі б утрох, пляваць на іхнія ўмовы! …
[Нехта]: Спадар Мікола…
Мікола Статкевіч: Даруйце, я завершу. І вы тут не намеснік старшыні аргкамітэта. Мы ўсе прысутнічаем на рабочай групе, і тут я старшыня, які дае слова…
Рыгор Кастусёў: Ты спакойна гавары, не трэба тут.
Мікола Статкевіч:… Таму не перапыняйце мяне, калі ласка.
Аляксей Янукевіч: Ніхто вас не перапыняў.
Мікола Статкевіч: Так, вы збілі з думкі… Цяпер я працягваю.
* * *
Вячаслаў Сіўчык [вярнуўся]: Калі вы думаеце, што вы зараз пойдзеце на паваду ва ўлады, і ад гэтага атрымаеце канцэрт… — не, так не будзе. Спачатку вы забароніце шэсце, а пасля ўлады самі забароняць святкаванне. Так і будзе.
* * *
Мікола Статкевіч: Для мяне гэта не свята… Не толькі свята… Для мяне галоўнае не свята. Для мяне галоўнае ў свяце незалежнасці — не-за-ле-жнасць. Я разважаю катэгорыямі не тымі, каб людзі пайшлі паплясалі і музыку паслухалі, а каб мы нешта зрабілі для ўмацавання незалежнасці. Мы кожны год гэта рабілі. Для мяне гэта свята барацьбы за незалежнасць. Шэсце павінна быць! [часова сыходзіць]
* * *
Эдуард Пальчыс: Калі мы не дамовімся пра месца правядзення канцэрту да 5 сакавіка, будзеце праводзіць і спяваць вы самі. Ніводнае канцэртнае агенцтва не зможа зрабіць за такі кароткі тэрмін. Рыхтуйцеся спяваць самі. Калі да 5 сакавіка мы не вырашым, будзе 2000 чалавек, два барды і два зламаныя мегафоны. Вось што мы атрымаем на стагоддзе БНР.
* * *
Аляксей Янукевіч: Атрымаць дазвол на канцэрт ужо на гэтым тыдні лепей, чым за пяць дзён [да 25 сакавіка] з шэсцем на 200 метраў. У тым, каб прайсці 200 метраў, няма ніякага змагання за незалежнасць. І вы, спадар Мікола [Статкевіч], мяне ў гэтым не пераканаеце.
* * *
Вячаслаў Сіўчык: Ёсць выйсце: прагаласаваць за тое, што мы талдычым, і спакойна даручыць людзям, якія будуць весці перамовы, што яны не будуць да канца ідыётамі. [гучаць апладысменты]
Аляксей Янукевіч: Я таксама паапладзірую, бо мне падабаюцца прыгожыя тосты. А гэта тост, а не прапанова.
* * *
Мікола Статкевіч: Аргкамітэт зачыняем!
Аляксей Янукевіч: Я супраць адпускаць клакераў [паказвае ў бок паплечнікаў Статкевіча], давайце да канца дапрацуем.
Мікола Статкевіч: Калі ласка, паасцярожней са словамі. Бо я ведаеце якімі словамі пра вас кажу. Клакераў знайшлі!
Аляксей Янукевіч: Скажыце.
Павел Севярынец: Тут не месца, тут месца для яднання.
Мікола Статкевіч: Гэтыя людзі [паказвае ў бок сваіх паплечнікаў] выходзілі на несанкцыянаваныя акцыі!
Аляксей Янукевіч: І што?
[Нехта з паплечнікаў Статкевіча]: Я такое ж права голасу маю, як і ты!
Аляксей Янукевіч: Мы са спадаром Рыгорам [Кастусёвым] прадстаўляем палітычную партыю — можна сказаць, тысячы, можна сказаць, сотні. А вы кожны большы за партыю спадара Статкевіча.
Каментары