БДУ павышае цэны на навучанне для студэнтаў-платнікаў. Расцэнкі зацверджаны загадам рэктара ВНУ і пачнуць дзейнічаць з 1 сакавіка.
Змены тлумачацца ростам тарыфнай стаўкі, змяненнем умоў аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу і павелічэннем тарыфаў на камуналку.
Самы вялікі «тарыф» у БДУ устаноўлены для студэнтаў першых курсаў дзённага аддзялення на спецыяльнасцях «правазнаўства», «эканамічнае права» і «міжнароднае права» - па 3136 рублёў. Раней цана складала 2851 рубель.
Самая нізкая расцэнка — 2242 рублі — на «беларускай філалогіі», «рускай філалогіі» і «сацыяльнай працы». Раней - 2039 рублёў.
Навучанне на першых курсах мехмата зараз абыдзецца ў 2475 рублёў (раней 2250). Напрыклад, тут вучаць па спецыяльнасцях «матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі».
На факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі кошт крыху больш, па 2600 рублёў (замест 2364). Можна атрымаць дыплом у галіне «прыкладной інфарматыкі (напрамак - праграмнае забеспячэнне камп'ютэрных сістэм)».
На іншых факультэтах навучанне па спецыяльнасцях «радыёфізіка» або «ядзерная фізіка і тэхналогіі» абыйдзецца ў 2475 рублёў (раней 2250). Столькі ж заплоцяць будучыя хімікі, а біёлагі - па 2852 (замест 2593).
Вучыцца на гістфаку будзе каштаваць 2475 рублёў, спецыяльнасць «дакументазнаўства» — 2 600 рублёў.
Каб стаць журналістам, трэба плаціць у год 2 852 рублі, а міжнародная журналістыка каштуе 2 978 рублёў.