06.03.2018 / 09:01

Чаму мужчыны раздражняюцца з любой нагоды і дрэнна спяць? Гутарка з доктарам 20

Гэтая хвароба даволі рэдкая, і часцей за ўсё на яе пакутуюць мужчыны сярэдняга веку. Усё можа пачацца са звычайнага галаўнога болю і стомленасці, а закончыцца знясіленнем і абыякавасцю да ўсяго, што адбываецца вакол. Знаёмцеся, гэта — неўрастэнія. Прычыны ўзнікнення такога цяжкага захворвання, а таксама як яго пазбегнуць, мы абмеркавалі са спецыялістам медыцынскага цэнтра «Ладэ», доктарам-неўролагам вышэйшай катэгорыі Аленай Васько.

— Што такое неўрастэнія? Якія сімптомы ў гэтага захворвання?

— Неўрастэнія, або хранічная стомленасць, — псіхічны разлад, які выяўляецца ў павышанай раздражняльнасці, хуткай стамляльнасці, страце здольнасці да працяглай працы. Настрой хворага становіцца няўстойлівы, з’яўляюцца частыя галаўныя болі, галавакружэнні.

— Якія фактары ўплываюць на развіццё такой хваробы?

— Неўрастэнія развіваецца пры працяглым фізічным перанапружванні (напружаная праца, недастатковы сон, адсутнасць адпачынку), працяглай псіхічнай траўматызацыі, частых стрэсавых сітуацыях, асабістых трагедыях, працяглых канфліктах. Таксама яе ўзнікненню могуць спрыяць інфекцыі, якія паслабляюць арганізм, інтаксікацыі, хваробы эндакрыннае сістэмы, недастатковае харчаванне і іншае.

— У якім узросце люді найчасцей пакутуюць на неўрастэнію?

— Неўрастэнія з'яўляецца даволі распаўсюджанай паталогіяй: хвароба сустракаецца ў 1,2-5% людзей. Найбольш часта на яе пакутуюць людзі 20-40 гадоў, прычым жанчыны трохі радзей, чым мужчыны.

— Колькі існуе стадый захворвання і чым яны характарызуюцца?

— Звычайна выдзяляюць тры стадыі. Пачатковая стадыя праяўляецца пераважна ў раздражняльнасці і ўзбуджальнасці. Хворага раздражняюць хуткія перамяшчэнні і размовы людзей, любыя гукі, шматлюдныя месцы, пацыенты таксама крычаць на блізкіх, калег, суразмоўцаў. Разам з гэтым зніжаецца працаздольнасць, але не толькі праз стому, а ў большай ступені праз няздольнасць засяродзіцца і пачаць неабходную справу. Пачаўшы ж занятак, чалавек доўга не вытрымлівае неабходнага псіхічнага напружання, сыходзіць з працоўнага месца, адцягваецца на староннія раздражняльнікі, затым ізноў з цяжкасцю пачынае працаваць і так шмат разоў. Хвораму часта складана заснуць, а сон вельмі перарывісты, адкуль узнікае пачуццё нявыспанасці і яшчэ большае стомленасці.

Другая стадыя характарызуецца спалучэннем павышанай узбуджальнасці і раздражняльнасці з стамляльнасцю і хуткім знясіленнем. З нязначных нагодаў у хворага ўзнікаюць бурныя рэакцыі раздражнення або ўспышкі ўзбуджэння, якія звычайна недоўгачасовыя, але частыя. Павышаная ўзбуджальнасць праяўляецца слязлівасцю, нецярплівасцю, мітуслівасцю. Губляецца здольнасць кантраляваць знешнія праявы сваіх эмоцый. З'яўляюцца скаргі на кепскую памяць.

На трэцяй стадыі да ўсіх сімптомаў дадаюцца слабасць ды знясіленне, санлівасць, прыгнечанасць. Хворыя заўсёды адчуваюць моцную стомленасць і не здольныя прымусіць сябе працаваць. Настрой становіцца трывожны, з паслабленнем інтарэсаў і адценнем суму.

— Ці можа неўрастэнія сведчыць пра наяўнасць іншых захворванняў? З чым яе можна пераблытаць?

— Пры абследаванні неабходна выключыць наяўнасць хранічных інфекцый, інтаксікацый і іншых захворванняў, пачатковай праявай якіх можа быць неўрастэнія. Частыя скаргі на галаўны боль могуць быць праяўленнем мігрэні, сасудзістых разладаў. Вялікі працэнт пацыентаў на прыёме ў неўролага складаюць людзі з галаўнымі болямі, якія ўзнікаюць праз доўгае перанапружанне і здаўленне мышцаў шыі і галавы.

Неўрастэнія можа развіцца і як праява паражэння галаўнога мозгу і іншых унутраных органаў. Нярэдка ў аднаго і таго ж хворага могуць сустракацца некалькі тыпаў галаўнога болю. Такім людзям патрабуецца рэгулярнае назіранне і кансультацыі дактароў сумежных спецыяльнасцяў.

— Як перамагчы неўрастэнію? Як лечыцца гэтая хвароба?

— У лячэнні неўрастэніі вялікае значэнне належыць выяўленню фактараў, пад уздзеяннем якіх яна ўзнікла, і іх ліквідацыя. Неабходна паменшыць псіхічную і фізічную нагрузку, увесці строгі рэжым працы і адпачынку. Важна захаванне правільнага распарадку дня, арганізацыя адыхода да сну і абуджэння ў адны і тыя ж гадзіны. Хворым на неўрастэнію карысныя пешыя прагулкі перад сном, свежае паветра, вітамінізаванае харчаванне, перамена становішча. Карысна будзе на час лячэння ўзяць адпачынак на працы.

Аднак аднаго толькі адпачынку і змены абстаноўкі бывае недастаткова. Часта даводзіцца звяртацца да спецыяльных прэпаратаў для купіравання праяваў хваробы. Таксама важна абмеркаваць з пацыентам ягоныя праблемы і прапанаваць варыянты іх вырашэння.

— Як абараніць сябе і пазбегнуць узнікнення неўрастэніі?

— Трэба імкнуцца да арганізацыі свайго жыцця такім чынам, каб выключаць узнікненне ўсіх тых сімптомаў, якія характэрныя для неўрастэніі. Неабходна своечасова сканчаць працу, пазбягаць перанапружвання, адпачываць столькі часу, колькі патрэбна, каб адчуваць сябе бадзёрым. Ну і канечне, чым больш здаровы лад жыцця вядзе чалавек, тым менш верагоднасць таго, што ён захварэе на неўрастэнію.

Гутарыў Ілья Параскевіч

1
бульбарашык / Адказаць
06.03.2018 / 09:32
во, у мяне такое, як пра якую хваробу чытаеш, дык зауседы у сябе нешта знаходзиш
30
Казік / Адказаць
06.03.2018 / 09:40
Гэта лухта.  Мужчыны добра спяць і не раздражняюцца з любой нагоды.  Ёсць канечне, сцервозныя асобы, якія хацелі б раздражніць мужчын.  Але гэта ім удаецца крайне рэдка.
1
()()()()() / Адказаць
06.03.2018 / 10:27
Рэд. Дзякуй за напамін, гэта важна.
Паказаць усе каментары/ 20 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру