Кіраўнік крамы Symbal.by Павел Белавус быў адным з найбольш актыўных на паседжанні аргкамітэта да 100-годдзя БНР.

Белавус адстойваў пазіцыю, што трэба ладзіць свята ля Опернага тэатра. Мы паразмаўлялі з Паўлам аб тым, якім ён бачыць фармат святкавання.

«Я разглядаю сябе як менеджара і арганізатара мерапрыемства, бо дамаўляцца з абсталяваннем, апаратурай, гуртамі будзем мы. Каб зрабіць яркае мерапрыемства, патрэбны час, а часу засталося літаральна 25 дзён. І гэта крайняя мяжа для таго, каб зрабіць мерапрыемства якасным.

Ніхто з музыкаў не хоча выступаць на мерапрыемстве, якое можа пагражаць іх далейшым канцэртам. Шмат разоў музыкі сутыкаліся з тым, што выступалі на мітынгах, арганізаваных палітыкамі, а потым на 5—10 гадоў знікалі з эфіру, не маглі правесці канцэрты. Не хочацца, каб гэта паўтаралася, таму мы імкнемся не падстаўляць людзей.

Чаму мы пайшлі ў аргкамітэт? Бо адзін раз мы толькі сустрэнем 100-годдзе БНР. У нашым жыцці ўжо не будзе 200-годдзя БНР. Гэта шанец аддаць пашану тым людзям, якія пачалі фармаванне сучаснай незалежнай Беларусі. Для нас гэта свята, адзначэнне важнай даты.

На жаль, для часткі палітыкаў свята на заднім плане. Я нават не магу да канца зразумець, якіх мэтаў яны хочуць дасягнуць сваім мерапрыемствам.

Мы ўжо паўгода працуем над тым, каб правесці якаснае мерапрыемства. Запусцілі адмысловы стыль да 100-годдзя БНР, які шырока разышоўся. Цягам тыдня будзе гатовая вялікая колькасць сувенірнай прадукцыі для раздачы: налепкі, апаскі, значкі, паштоўкі. Яны будуць нагадваць звычайным людзям, што такое БНР, што адбылося 25 сакавіка 1918 года. Зрабілі адмысловы сайт, хэштэг.

Тая прапанова, якую агучылі спадару Рыгору Кастусёву ў Мінгарвыканкаме, нам падалася вельмі добрай. За гэта трэба брацца адразу ў тую ж хвіліну, калі такая магчымасць узнікла, выціскаць усё, што можна выціснуць. Мы хацелі ўжо ад учора пачаць працу, каб арганізаваць народнае свята з гуляннямі.

Мы кажам аб тым, што ўсё павінна рабіцца вельмі хутка. Ужо сёння павінна было быць абвешчана, што канцэрт будзе, ісці ў гарвыканкам, дамаўляцца аб праграме. Але ўсё, на жаль, спынілася на невядомы тэрмін: дзень, два, пяць, дзесяць? Маўляў, прапанова Мінгарвыканкама добрая, але гэтага мала.

Уся гэтая доўгая трохгадзінная дыскусія была завязаная толькі на тым, што свята без шэсця — гэта не свята. Дваццаць гадоў хадзілі шэсцем, а тут не будзе, які жах! Я не супраць шэсця, але яго можна прадумаць па-іншаму.

Атрымалася дагрукацца да мінскіх уладаў і яны пагадзіліся ўсталяваць дзве шыльды ў гонар БНР: адна з іх ляжыць 25 гадоў на Сядзібе БНФ, яе плануюць усталяваць на Валадарскага, а другую ў гонар братоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы.

Калі ўжо вельмі хочацца шэсця, то можна прайсці з урачыстага адкрыцця, дзе будзе аркестр, на афіцыйнае мерапрыемства. Фармат шэсця ў межах дазволенай акцыі можна было неяк арганізаваць.

У выніку ж пакуль мы маем замарожванне сітуацыі. Пойдуць у гарвыканкам, будуць ціснуць на шэсці. Улады будуць адказваць, што шэсце дазволіць не змогуць… І гэта будзе доўга цягнуцца і губляцца час.

Мы паверылі ў тое, што можна будзе аператыўна прымаць нейкія рашэнні і вялікай супольнасцю працаваць якасна. У выніку ж аргкамітэт на сёння наадварот пачаў тармазіць гэтыя працэсы.

Калі да панядзелка не будзе ніякай канкрэтыкі, то мы проста плюнем на ўсё гэта і будзем рабіць тое, што і так даўно спланавалі. Не атрымаецца зрабіць вялікае мерапрыемства ля Опернага, чаго будзе вельмі шкада, мы зробім некалькі невялікіх канцэртаў на іншых пляцоўках. Усё адно сваю справу мы зробім. Можа, у меншым фармаце, але зробім.

Калі ўсё запланаванае атрымаецца рэалізаваць, то бліжэйшыя тры тыдні мне не будзе часу нават паспаць. Бо працы вельмі шмат. Хочацца, каб гэта не быў выступ пад рупар двух палітыкаў і двух бардаў. Нам хочацца зусім іншы фармат.

Мы схадзілі ўчора да Опернага і да парку Купалы. Ля Опернага ёсць цудоўныя прыступкі, вялікая пляцоўка, дзе можна паставіць сцэну. Там знеслі будынак ВДНХ, таму пляцоўка яшчэ пашыраецца. Лёгка можа сабрацца 30-50 тысяч чалавек.

Мы хочам сапраўднае гарадское свята, дзе будзе зона актыўнасці для дзяцей і дарослых, дзе будуць добра прадстаўленыя беларускія вырабы, літаратура, такі святочны маркет. Мы хочам зрабіць зону фудкортаў у сучасным фармаце. Каб была зона актыўнасці для грамадскіх арганізацый, каб былі эколагі, «Будзьма» і іншыя, каб былі розныя грамадскія ініцыятывы прадстаўлялі сябе.

Ну і, нарэшце, галоўная сцэна, дзе адбываюцца асноўныя мерапрыемствы. Паэты чытаюць вершы, граюць музыкі, выступае «Свабодны тэатр», выступленні вядомых людзей, вядучы праводзіць інтэрактыў. Нармальнае, жывое еўрапейскае свята.

Таму мы і падштурхоўвалі аргкамітэт да хуткага прыняцця рашэнняў, каб у нас было больш часу на падрыхтоўку. Да нас ужо запісалася каля 100 валанцёраў, якія ад сёння гатовыя дапамагаць у арганізацыі свята.

Мы запусцілі на «Талацэ» краўдфандынгавую кампанію. Уваход, вядома, будзе вольны. Але для таго, каб пакрыць арганізацыйныя выдаткі, патрэбна мінімум каля 10 тысяч даляраў. Гэтыя грошы пойдуць на тое, каб зрабіць свята не за сродкі замежных фундатараў, а за грошы звычайных людзей. Колькі мы назбіраем, так і зробім.

Я прашу людзей, калі яны нам вераць, падтрымаць гэты краўндфандынг. Мы ў любым выпадку зробім некалькі мерапрыемстваў у горадзе, куды запросім усіх ахвярадаўцаў.

У нас ёсць папярэднія дамоўленасці амаль з усімі топ-музыкамі, але мы не можам ім пакуль даць канкрэтыкі. Каб нам дакладна фармаваць праграму, трэба прыйсці да музыканта з паперай. Ёсць ідэя запрасіць вулічныя тэатры. Гэта такі фармат, які мы выпрабоўвалі на Днях вышыванак, каб было шмат цікавостак.

У нас ёсць імпэт і жаданне гэта ўсё арганізаваць, але ўласныя амбіцыі некаторых палітыкаў не дазваляюць рабіць гэта аператыўна. Мы звыкліся займацца канкрэтыкай, а не кудысьці хадзіць, кагосьці пераконваць, а рабіць чотка. Мы паставілі задачу і робім, а не вядзем пустыя размовы.

На жаль, мы не можам зрабіць усё самастойна. Бо ёсць канкрэтная заяўка і заяўнікі, мы не хочам рабіць поперак. Калі не атрымаецца цягам тыдня, то будзем спакойна рабіць тое, што лічым важным. Але спадзяюся, што нешта атрымаецца. Калі не атрымаецца, то гэта будзе правал, пасля якога ўсю сучасную апазіцыю можна будзе спісваць за прафнепрыдатнасць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?