Литература2020

Критика: почему «Беларусалім» это роман про доктринёрство

Піша гісторык Антон Лявіцкі.

Адно з выказванняў, якое мяне не адпускае, гэта словы Сяргея Дубаўца ў 1994 годзе: мы не ведалі беларускага народа, а на выбарах ён «выявіў сябе». Яно мне ўспомнілася і калі я чытаў раман Паўла Севярынца «Беларусалім».

Жанравая прыналежнасць твора можа здзівіць — такая спроба «хрысціянскага блокбастара».

Нацыяналізм грае сваю ролю, але застаецца крыху ўбаку. Сюжэт у творы арганізаваны вакол хрысціянскага ўяўлення аб выратаванні душы.

Галоўныя героі, сярод якіх ксёндз, пратэстанцкі прапаведнік і ўдзельнік царкоўнага хору, ратуюць гісторыка Андрэя Белазора. Апошні супрацоўнічаў у карпарацыі «Чорнага квадрата», што ўзяла сабе за мэту ашчаслівіць людзей.

Выратаванне як ідэя вынікае са змагання паміж Богам і д’яблам. Яно ідзе за душу чалавека. Чалавек атрымаў ад Бога волю — магчымасць свабодна дзейнічаць і парушаць пагадненне з Богам. Воля з’яўляецца такім чынам рухавіком сюжэта. З самім словам Севярынец грае ахвотна: гэта і Пляц Волі, і імя галоўнай гераіні, і слова-паразіт у плыні свядомасці самых розных персанажаў.

Побач цыркулююць фантазіі на тэму Беларусі. Перш за ўсё яны тычацца гісторыі. Севярынец робіць шмат гістарычных адсылак, пачынаючы ад Рагнеды.

У плынь свайго апавядання Севярынец спрабуе ўключыць некаторыя назіранні аб Беларусі, якая існуе тут і цяпер. Асабліва ўражвае падсумаванне біяграфіі бадзягі Пашы Геолага. Але найбольш аўтара цікавіць не рэчаіснасць Беларусі, а містыка рэлігіі і нацыі.

Неспадзяванкай варта прызнаць шматлікія апісанні сэксуальнасці.Тут Севярынец напоўніцу дэманструе «здольнасці роднага слова».

Пры гэтым мова рамана насычаная рознымі «безнадзёгамі» і іншымі жарганізмамі. Хоць гэта справа густу, вядома. Мудрову, напрыклад, за стэрыльную беларускую рабілі заўвагі (Крыніца, 12/1994, с. 102).

Маючы ахвоту, можна спрачацца пра тое, наколькі мацнейшая мележаўская «жытка» за Севярынцаву «жытуху», але навошта? Гэта хіба немінучы лёс мовы, якая выйшла з ужытку пад усеагульныя ўздыхі «а можа, так і трэба». У такой мове сапраўды без розніцы, хто размаўляе.

Таксама Севярынец шмат увагі надае менскай тапаграфіі і апісвае яе з дакладнасцю.

* * *

Севярынец не ўпершыню выступае як літаратар. Ягоныя «Лісты з лесу» знайшлі высокую ацэнку. У прыватнасці, назіральнасць і грунтоўнасць «Лістоў» адзначаў Даніла Жукоўскі. У рамана «Беларусалім» іншы аб’ект. Раману абыходзіць не Беларусь, а — Беларусь. Не рэальная Беларусь, а Беларусь як ідэал, ідэалагічная ўстаноўка хрысціянскага і нацыяналістычнага палітыка.

Пры гэтым паказальна, што ў рамане ўпамінаюцца Быкаў і Караткевіч, але няма, напрыклад, Стральцова. Ёсць героі Беларускае Хрысціянскае Дэмакратыі і Беларускага Народнага Фронту, але няма, напрыклад, Іваноўскага. Павел Севярынец і ягоныя героі — гэта такія ўзорныя прадукты беларускай нацыяналістычнай самаадукацыі 90-х, і гэтым раман і важны. «Беларусалім» цікава чытаць як выказванне Севярынца аб сабе самім. Ненаўмыснае, як у Борхеса: «Паэт ёсць кожным з людзей ягонага выдуманага сусвету, ён — кожнае імгненне і кожная дробязь».

* * *

Як сфармулявала Галіна Булыка, «літаратура патрабуе адмежаванага гледзішча». А ў «Беларусаліме» ўсё спрэс як у перажыванні дзеда Міхалка з аповесці Стральцова «Адзін лапаць, адзін чунь»: «Стараўся зірнуць на ўсё староннім вокам і не мог». Як палітык, Севярынец хіба не можа дапусціць сумненне ў аднойчы перанятай схеме; але можа быць і так, што гэта не самы лепшы кшталт палітыкі.

Дарэчы, пра памер. Гэта толькі першая кніга, і пэўна, варта чакаць працягу. Магчыма, асаблівай неабходнасці ў гэтым няма. Беларуская літаратура ўжо была апалілася на «апупеях» з магутным палітычным падтэкстам і партыйнай самадысцыплінай. І сёння, каб даведацца, як у БССР успаміналі вайну, трэба чытаць Стральцова і Быкава — якія эпапей не пісалі. 

Гэта добра відаць, калі параўнаць завязку рамана з асноўнай часткай. Першыя раздзелы ўражваюць дынамікай, тэмпам пісьма і ўзроўнем складанасці. Гэта, безумоўна, найлепшыя мясціны, калі ацэньваць раман як прозу. Шчыльнасць гэтага апавядання здольная захапіць.

* * *

На пачатку рамана яшчэ няма хрысціянскіх герояў, а нацыяналістычныя паказаныя стрымана, без дакучлівасці. У цэнтры ўвагі Севярынца тут менавіта проза, а не нацыяналізм.

Затое ў далейшым акцэнты змяшчаюцца. Абстракцыі знікаюць, плынь сюжэта спрашчаецца, усё падпарадкоўваецца партыйнай самадысцыпліне.Дзе-нідзе застаюцца цікавыя рэчы. Севярынец прапануе сваю версію хрысціянства як інтымнай камунікацыі з Богам: для аднаго з персанажаў гэта водар, для іншага — гук.

Выбіраючы паміж партыяй і «лесам», Севярынец аддаў перавагу партыі. Гэткі выбар быў тыповы для нацыянальна-дэмакратычных палітыкаў 1990-х.

Па-свойму цікава звязваць гэтае рашэнне з галасаваннем Севярынца (не кажучы пра Статкевіча) на славутым аргкамітэце стагоддзя БНР.

І мне ўспамінаецца тут адзін з герояў Стральцова, які робіць процілеглы выбар. «І кніжная навука, і замежныя раманы агорклі мне. Я адчуў, што нічога не ведаю ў жыцці». Ён ідзе згубіцца сярод людзей і становіцца «светам Іванавічам, былым Донжуанам».

Гэтае апавяданне — культавы ўзор беларускага мадэрнізму. І як шмат палітычнага ў той стральцоўскай фантазіі. Немагчыма не здзівіцца, як яна далікатна прадказала Пазняка, Дубаўца і іншых герояў 90-х. На жаль, тая фантазія не згубіла актуальнасці.

Чаму, чытаючы Севярынца, я ўспомніў Стральцова? Бо Стральцоў у сваіх творах паказвае, што палітыка і іншадумства могуць прымаць розныя формы. Палітыка і літаратура няпроста размежаваныя. Голдынг, Джойс або ранні Быкаў — яны ўсе таксама пра палітыку. Але яны запэўніваюць «адмежаваны погляд», запэўніваюць магчымасць старонняга позірку. А засяроджанасць на сваіх схемах часта мае вынікам, на жаль, адмаўленне рэчаіснасці і дактрынёрства.

Комментарии20

 
Нажатие кнопки «Добавить комментарий» означает согласие с рекомендациями по обсуждению.

Сейчас читают

Дмитрий Лукашенко исчез из информационного пространства7

Дмитрий Лукашенко исчез из информационного пространства

Все новости →
Все новости

«Юля — это не про деньги». Кто такая Юлия Свириденко, будущий премьер Украины

Трамп: «И я такой: странно!» Стенограмма заявлений Трампа и Рютте в Белом доме6

Губернаторы выступают с призывами к белорусам не летать в Россию. Пресс-службы обвиняют искусственный интеллект8

Задержанную в Варшаве по запросу Интерпола белоруску на родину не экстрадируют3

Упростили правила регистрации земельных участков

Трамп: 17 систем Patriot отправим в Украину20

США собираются передать Киеву крылатые ракеты JASSM2

Белоруса, который напал на Павла Латушко, уже депортировали из Польши в Беларусь4

В России молния убила на пляже трех человек. Как так получилось?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дмитрий Лукашенко исчез из информационного пространства7

Дмитрий Лукашенко исчез из информационного пространства

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць