Сарвалі стоп-кран

— Таццяна, вы праляцелі на прэзідэнцкіх выбарах. Вас, кажучы мовай апазіцыі, не прызначылі ў Палату прадстаўнікоў. І вы не сталі дэпутатам мясцовага Савета. Хоць, прызнацца, я думала, што пройдзеце ў гарсавет…

— Ну так, многія так думалі… Бо людзям хочацца верыць у лепшае. Але ў вертыкальшчыкаў перамагае логіка «чырвонага святлафора» — яны баяцца пераменаў. Нават мірных…

У мяне адчуванне, што чыноўнікі проста сарвалі стоп-кран. І калі ў апошнія гады ў Беларусі назіраўся трэнд на асцярожную палітычную лібералізацыю, то пасля гэтых выбараў адбыўся адкат назад. Улада добра навучылася адстойваць свае інтарэсы, але так і не навучылася размаўляць з людзьмі.

— А можа, праблема не ва ўладзе, а ў апазіцыі: людзі проста перасталі ёй верыць? Столькі выбарчых кампаній — і суцэльныя правалы…

— Не, людзі кажуць: мы галасуем, але ўсё роўна ў дэпутаты «выбіраюць» не тых. Адміністрацыйны рэсурс улады на гэтых выбарах стаў проста неадэкватным. З іншага боку, і апазіцыя, вядома ж, слабая. Трэба праяўляць больш ініцыятывы, больш вылучаць кандыдатаў, больш працаваць з грамадствам. Па ўсёй краіне дэмакратычныя сілы вылучылі ўсяго каля 400 кандыдатаў, 169 з іх — ад «Гавары праўду!». Пагадзіцеся, гэта вельмі мала, што дае магчымасць уладзе не заўважаць апазіцыю. Для аказання палітычнага ціску дэмакратычныя сілы павінны дэманстраваць палітычную вагу, праз мабілізацыю сваіх актывістаў і грамадства. Выбарчыя кампаніі з'яўляюцца найлепшай пляцоўкай для такой мабілізацыі.

— Ваш палітычны партнёр Андрэй Дзмітрыеў добра заўважыў: грамадзян іншай краіны ў мясцовыя Саветы прайшло больш, чым прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці.

— На жаль, гэта так …

— Ведаю, што амаль усе назіральнікі ад «Гавары праўду!» не ў захапленні ад таго, што бачылі на ўчастках…

— Мая мама - назіральнік ужо на трэціх выбарах. І, па яе словах, у гэты раз галасы лічылі нават горш, чым падчас прэзідэнцкай кампаніі. Падлік галасоў не быў празрыстым, сталы ставілі так, каб назіральнікі нічога не ўбачылі. У некаторых выпадках не давалі глядзець копіі пратаколаў. Былі парушэнні і па яўцы выбаршчыкаў нават у дзень галасавання. У мяне на некаторых участках розніца тых, хто прыйшоў, з тых, хто прагаласаваў, — у 200—300 галасоў. А на датэрміновым галасаванні і яшчэ больш!

Пратэст не ў модзе?

— Такое ўражанне, што ўсе змірыліся з такімі вынікамі. Махнулі рукой і ўсё. Ніхто не штурмуе Цэнтрвыбаркам, не патрабуе адстаўкі Ярмошынай, не выходзіць на плошчу. Як думаеце, чаму?

— Я напісала скаргу з патрабаваннем прызнаць выбары несапраўднымі.

А што тычыцца мітынгаў… У нашай гісторыі палітычнай барацьбы былі і пратэсты, і гучныя заявы, але… На мой погляд, як толькі ты пачынаеш зацыклівацца на пратэстах, адразу выпускаеш магчымасць ісці наперад. У нашай сітуацыі адзіная магчымасць на перамогу — гэта працягваць працаваць з людзьмі, максімальна заручыўшыся іх падтрымкай.

— А пратэсты — гэта ўжо не модна?

— Яны не спрацуюць. Да таго ж у грамадстве па-ранейшаму ёсць страх перад магчымымі рэпрэсіямі. Некаторыя нават подпіс баяцца паставіць за незалежнага кандыдата, каб не страціць працу! Таму пратэсты — яны не тое каб не модныя, яны бесперспектыўныя. Людзі пойдуць на плошчу толькі тады, калі будуць закрануты іх асабістыя інтарэсы.

Трэба, каб выбаршчыкі ўсведамлялі каштоўнасць свайго голасу. Як гаворыцца, дрэнных прэзідэнтаў і палітыкаў выбіраюць тыя, хто ў дзень галасавання застаўся дома. Мне здаецца, калі б большасць падтрымала свайго кандыдата, то лічбы на выбарах былі б іншымі. Але, паўтаруся, на гэтых выбарах улада павяла сябе проста неадэкватна. Нашых кандыдатаў не рэгістравалі з-за любой зачэпкі, а бо новыя кандыдаты- - гэта альтэрнатыва, якая заўсёды прыцягвае людзей.

Ярмошына кажа: «Ну гэта вось такая канкурэнцыя!» (смяецца).

— Але ж і на будучых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах карціна паўторыцца адзін у адзін! Ці маеце намер вы патрабаваць унясення зменаў у выбарчае заканадаўства?

— Правесці выбары сумленна можна і з гэтым заканадаўствам — усё залежыць ад людзей, якія лічаць галасы. Але калі фальсіфікацыі паўтараюцца, безумоўна, неабходныя змены ў Выбарчы кодэкс. Раз людзі не хочуць самі мяняцца, ім трэба дапамагаць.

— Што вы прапануеце змяніць у першую чаргу?

— Неабходна дамагчыся, каб склад выбарчых камісій абнавіўся на 50 працэнтаў.

Трэба, каб пасля рэгістрацыі кожны кандыдат мог вылучыць у камісію свайго прадстаўніка. Я, дарэчы, вылучала ў кожную камісію прадстаўнікоў «Гавары праўду!», але вынік нулявы.

Трэба прапісаць дакладную працэдуру падліку галасоў. Гэта самае неабходнае…

Не як фанера над Парыжам?

— Цікава, якая была вашая першая эмоцыя, калі вы даведаліся, што атрымалі крыху больш за 9 працэнтаў галасоў?

- Баюся, я ніколі не даведаюся, колькі рэальна чалавек аддалі свае галасы за мяне (смяецца).

Ну а першыя эмоцыі — злосць, расчараванне, згустак самых розных пачуццяў.

І яшчэ пытанне: як растлумачыць людзям, што здарылася? У мяне тэлефонная база выбаршчыкаў большая, чым галасоў, якія мне пакінулі!

Але я не перажываю. Ведаю праблемы сваёй акругі і буду працягваць працаваць з людзьмі.

Дарэчы, я не адчуваю, што праляцела. Наадварот, мне здаецца, што гэта нехта іншы праляцеў. А я застаюся на сваім жа месцы, поўная сіл і энергіі. І, дарэчы, адчуваю сябе значна вальней, чым «прызначаны» дэпутат.

— Павіншавалі свайго канкурэнта з перамогай?

— Не, бо ён «прызначаны», а не абраны. Але, нягледзячы ні на што, я маю намер з ім супрацоўнічаць і накіроўваць да яго людзей.

— Як думаеце, правальныя вынікі мясцовых выбараў могуць аб'яднаць апазіцыю?

— Не выключана. Хоць некаторыя апазіцыянеры думаюць, што цяпер важней знайсці сваё адрозненне, вылучыцца. Але многія разумеюць, што самае галоўнае — актыўная праца з грамадствам. Гэта становіцца трэндам. Дарэчы, мы ў «Гавары праўду!» бачым, што грамадства вельмі павольна, але ўсё ж ўдзячна адгукаецца на гэтую працу. І гэта тое, што нас рэальна можа аб'яднаць. Трэба дамагацца нейкіх лакальных перамог, пашыраць дзейнасць сваёй арганізацыі.

— Таццяна, кампанію «Гавары праўду!» называюць псеўдаапазыцыяй, кажуць, што вы гуляеце на баку ўлады. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Калі б мы былі на баку ўлады, то, напэўна, дакладна прайшлі б у мясцовыя Саветы (смяецца).

А наогул, людзям трэба кагосьці вінаваціць. Кожнага можна назваць сёння агентам КДБ. А як абвергнуць, што гэта не так? Даведку прынесці? Таму я спакойна стаўлюся да падобных выказванняў. У мяне моцны імунітэт.

— Чаму вас не любяць у апазіцыйным асяроддзі?

— Ну чаму не любяць? Пры сустрэчах, напрыклад, заўсёды ручкі цалуюць (смяецца). А калі сур'ёзна, то каго ў нас любяць у апазіцыйным асяроддзі?..

Проста не з тымі канкуруюць, мне здаецца. Я хачу, каб мы ўсе перасталі лаяцца адзін з адным. У парламенце сустракаюцца людзі з рознымі поглядамі, каштоўнаснымі ўстаноўкамі. І гэта цалкам нармальна. Ну і, у рэшце рэшт, нельга падабацца абсалютна ўсім…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?