«Акадэмкніга» запрашае на імпрэзы, падчас Міжнароднага кніжнага кірмаша ў Мінску.

2 сакавіка, у пятніцу, а 13-й гадзіне на стэндзе выдавецтва «Тэхналогія», пройдзе аўтограф-сесія Андруся Горвата з нагоды выхаду кнігі «Радзіва Прудок»

Гэта кніга не пра тое, як аднавіць напаўразбураны дом, саджаць агарод, даіць казу, жыць у вёсцы і не спіцца. Гэта кніга пра тое, як аднавіць напаўразбуранага сябе. Можа быць, яна пра тое, як вярнуцца да каранёў, да роднай моўнай і культурнай стыхіі і пра тое, як важна не згубіць бабуліны аповеды. А можа, пра тое, як стаць сваім для самога сябе.

Тым часам на польскім стэндзе Міжнароднай кніжнай выставы пройдзе - прэзентацыя кніг топавых польскіх аўтараў, выдадзеных па-беларуску пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

1 сакавіка, у чацвер а 17-й - сустрэча з аўтарам гістарычных кніг, публіцыстам Славамірам Коперам і прэзентацыя беларускамоўнага выдання яго кнігі «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай».

3 сакавіка, у суботу, а 14-й — прэзентацыя знакамітага рамана Баляслава Пруса «Лялька» ў перакладзе на беларускую мову.

У той самы дзень а 17-й — прэзентацыя перакладу першай часткі знакамітай «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага «Яблычак». Спецыяльны госць — музыка Піт Паўлаў.

А на стэндзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» 3 сакавіка, у суботу а 15.30 пройдзе прэзентацыя кнігі Славаміра Антановіча «Пятро Машэраў: Жыццё. Лёс. Памяць».

Кніга грунтуецца на дакументах, архіўных крыніцах, багатым гістарычным матэрыяле. Раман, які неаднаразова перавыдаваўся, дапоўнены новай, раней засакрэчанай інфармацыяй з архіваў КДБ. Напрыклад, чытач даведаецца пра сапраўдныя абставіны гібелі кіраўніка БССР.

Цікавымі для чытача будуць і ўнікальныя фота з архіва аўтара, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

XXV Міжнародны кніжны кірмаш-выстава праходзіць у Мінску, у Нацыянальным выстаўным цэнтры (пр.Машэрава, 14).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0