27 лютага Віцебскі абласны суд прыгаварыў 33-гадовага ўраджэнца Наваполацка Антона Пуцікава, які, мяркуючы па яго старонцы ў сацсетцы, адносіць сябе да скінхэдаў, да трох гадоў пазбаўлення волі. Падрабязнасці суда апублікавалі «Народныя навіны Віцебска».
Абвяшчэнне прысуду Антону Пуцікаву. Фота Сяргея Серабро
Мужчына ўжо неаднаразова судзімы: першы раз яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасці ў 2010 годзе за крадзеж, затым зноў былі крадзяжы, а апошні раз ён трапіў пад суд у жніўні 2017 года за кіраванне ў п'яным выглядзе.
Цяпер Антона Пуцікава абвінавачвалі ў распальванні расавай варожасці і распаўсюд парнаграфіі: ён размясціў на сваёй старонцы ў сацсетцы шэраг відэаролікаў адпаведнага зместу — у асноўным расісцкай накіраванасці.
Суддзя Дзяніс Губанаў прызнаў Пуцікава вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і сацыяльнай варожасці і на падставе часткі 1 артыкула 130 КК прыгаварыў да пазбаўлення волі на два з паловай гады. Акрамя таго, ён прызнаны вінаватым у распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт і на падставе часткі 2 артыкула 343 КК прысуджаны да пазбаўлення волі на два гады і чатыры месяцы.
З улікам пакарання за кіраванне ў п'яным выглядзе, прызначанага судом Полацка і Полацкага раёна, суд прысудзіў Антона Пуцікава да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
Фота vk.com