Фота з архіву

Фота з архіву

Лукашэнка кадэбістам сказаў шмат, але з справаздачы падпарадкаваных яму агенцтваў цяжка зразумець, што дакладна. Толькі галоўная тэма сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніцтвам КДБ прагучала абсалютна ясна: сусьветны фінансавы крызіс можа ўдарыць па Беларусі. Лукашэнка абараняў мадэль дзяржаўнага кантролю над эканомікай і нечакана даручыў КГБ невырашальную задачу змаганьня з крызісам. Лукашэнка таксама акцэнтаваў, што паслявыбарная сітуацыя адкрывае новыя магчымасці для дыялога з Захадам і адначасова выдаў новы перл пра «прыніжэнне народу».

Найважнейшай умовай дынамічнага развіцця Беларусі з’яўляецца захаванне стабільнасці ў грамадстве, а таксама ўстойлівасці эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка ў час наведвання Камітэта дзяржаўнай бяспекі, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе беларускага лідэра.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пагрозы і выклікі новага часу не абыходзяць бокам Беларусь. «Сучасныя выклікі становяцца ўсё больш дынамічнымі і разнапланавымі. Гэта патрабуе ад нас дасканалага іх маніторынгу, узважанай ацэнкі і выпрацоўкі адэкватных мер рэагавання, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нядаўнія падзеі на Каўказе наглядна паказалі, наколькі кволая архітэктура бяспекі на еўрапейскім кантыненце. Яна, мабыць, безнадзейна ўстарэла. Я абсалютна падтрымліваю расіян, якія прапануюць стварыць нармальную, рэальна дзеючую архітэктуру бяспекі ў Еўропе».

Ён лічыць, што «размяшчэнне сіл хуткага рэагавання ў суседняй краіне для нас больш небяспечнае, чым размяшчэнне ПРА у Чэхіі і Польшчы». [Гэта можна разумець як меркаваньне, што ПРА ня ёсьць пагрозай для Беларусі.]

Паводле ягоных слоў, інфармацыйная вайна, якая працягваецца, па сваёй значнасці выходзіць на адно з першых месц у арсенале сродкаў палітычнай і ваеннай барацьбы.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што некаторая частка нашай моладзі трапіла пад уплыў варожых беларускаму грамадству дэструктыўных ідэй, пад уплыў чужых грошай. Гэтым праблемам, лічыць ён, неабходна ўдзяляць больш пільную ўвагу.

«Нягледзячы на марнасць спроб дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, радыкалы працягваюць узмоцнена штурхаць маладых людзей на згубны шлях правакацый і асацыяльных паводзін», — заявіў кіраўнік дзяржавы. [Гэта азначае ранейшы курс на барацьбу зь іншадумствам.]

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў праблему сусветнага фінансавага крызісу. Сёння гэта галоўная праблема ў свеце, якая ўзмацняецца нарастаннем крызісных з’яў. Паводле слоў А.Лукашэнкі,

расійскія эксперты прагназуюць абвалы фінансавага рынку на працягу ўсяго наступнага года. Закране гэта ў некаторай ступені і Беларусь: не выключана, што стане больш складана прадаваць тавары на экспарт.
«І перад намі стаіць задача выстаяць што б там ні было», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Хачу задаць пытанне «свядомай» інтэлігенцыі. Хто меў рацыю: Лукашэнка са сваёй палітыкай абароны эканомікі і арыентацыі на нармальную мадэль развіцця або тыя дзеячы, якія называюць сябе рыначнікамі?» — сказаў ён. [Ён па‑ранейшаму ўжывае слова «свядомыя» па‑расейску ў абразьлівым сэнсе.]

«Думаю, на Захадзе хутка апамятаюцца і будуць трымаць свой нацыянальны здабытак у руках дзяржавы, як трымаем гэта мы заўсёды — вось адказ на галоўнае пытанне, якое можна адрасаваць і частцы той «свядомай» інтэлігенцыі, якая крытыкуе праводжаны Беларуссю курс», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Даючы ацэнку праведзеным парламенцкім выбарам, ён адзначыў, што паслявыбарная сітуацыя адкрывае новыя магчымасці для канструктыўнага дыялога Беларусі з Захадам. Аднак «нельга самасупакойвацца і цешыць сябе дасягнутым».

«Я хацеў паказаць асобным чыноўнікам, бізнесменам, асобным «свядомым» [БЕЛТА тройчы цытуе гэтае слова «свядомыя» — цяжка зразумець, чаму аж трайны зварот да сваіх палітычных праціўнікаў, шырэй — людзей зь іншымі поглядамі] грамадзянам, што нашы адносіны з Захадам — гэта не адносіны Лукашэнкі з Захадам.
Прычына гэтых адносін не ў Лукашэнку», — сказаў ён.

Падкрэсліўшы, што выбары праводзіліся «па паняццях ЕС і АБСЕ», кіраўнік дзяржавы сказаў: «Вынік вы бачылі. Што ж, дзякуй заходнікам, што яны сябе так паводзілі».

Міжнародным наглядальнікам былі прадастаўлены шырокія магчымасці для бесперашкоднай работы, падкрэсліў ён. Аднак іх патрабаванні дазволіць ім падлічваць галасы — гэта «прыніжэнне беларускага народа». «Ёсць нейкая мяжа», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым зробленыя Беларуссю захады напярэдадні і ў ходзе парламенцкіх выбараў не атрымалі, на жаль, належнай і аб’ектыўнай ацэнкі з боку Захаду. І гэта, бясспрэчна, выклікала расчараванне ў той, няхай і невялікай, часткі грамадства, якая была прыхільная ідэі найхутчэйшага збліжэння з Захадам. [Пад грамадзтвам тут маецца на ўвазе, вынікае, чынавенства.]

У час сустрэчы А.Лукашэнка таксама абазначыў практычныя задачы. Гаворка пра «поўную каардынацыю дзеянняў усіх сілавых структур, выключыць факты дублявання функцый або нездаровага саперніцтва. Гэта задача павінна быць у бліжэйшы час вырашана Дзяржаўным сакратарыятам Рады Бяспекі».

Ён таксама азнаёміўся з дзейнасцю новага падраздзялення — аператыўна‑сітуацыйнага цэнтра КДБ, наведаў гісторыка‑дэманстрацыйны цэнтр, дзе пакінуў запіс ў Кнізе ганаровых наведвальнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?