Уладзь Чачоткін.

Уладзь Чачоткін.

Мы звязаліся з хлопцам, каб распытаць, што для яго значыць БНР і як на жэст адным махам патраціць 1000 еўра адрэгавалі знаёмыя і сваякі.

Самы шчодры спонсар пагадзіўся распавесці «Нашай Ніве» 10 фактаў пра сябе.

1. Уладзіслаў нарадзіўся у Мінску. Скончыў гімназію №33. Яго бацькі таксама сталічныя, а вось бабулі і дзядулі прыехалі з рэгіёнаў. Маці працуе майстрам па манікюры і педыкюры, бацька — таксіст. Уладзіслаў вядзе самастойнае жыццё: жыве асобна ад бацькоў.

2. У сям’і ён не адзіны сын. Мае старэйшую на 10 год сястру.

3. Да праграмавання хлопец адчуў схільнасць яшчэ ў школе, паступіў і скончыў тагачасны Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж. Цяпер працуе распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння ў аўтсорс-кампаніі.

4. Цягам двух год у юнацтве хадзіў з дрэдамі, але часткай нейкай субкультуры ці нефармальнага руху ніколі не быў. Цікавіцца папулярнай навукай і гісторыяй. Захапляецца творчасцю Ягора Летава.

5. У асяроддзі хлопца ніхто не размаўляе па-беларуску, але ён сам спрабуе. «Я не вельмі добра валодаю беларускай мовай, з гэтым звязаныя некаторыя псіхалагічныя комплексы, але я змагаюся з гэтым. Пісьмовая беларуская мова, калі ёсць магчымасць падглядаць у слоўнік, пакуль даецца мне прасцей», — расказвае хлопец.

6. Да таго, каб адчуць сувязь з БНР, Уладзіслаў ішоў досыць працяглы час: «У выніку я вызначыўся, што я — грамадзянін сваёй краіны (не блытаць з дзяржавай) і буду рабіць для яе тое, што магу. У мяне былі некаторыя запасы грошай і я ахвяраваў іх на святкаванне стагоддзя БНР. Усё ж 100 год здараецца раз у жыцці, як казаў Павел Белавус».

7. На тое, што Уладзь пералічыў немалыя грошы на такую справу, знаёмыя адрэагавалі супрацьлеглым чынам. Некаторыя пісалі, што ён «дурануўся» і «навокал ёсць больш важныя праблемы». Іншыя падтрымалі, пісалі «рэспект!».

8. Уладзь спадзяецца, што 25 сакавіка свята сапраўды пройдзе ў фармаце гіганцкага мітынгу-канцэрта каля Вялікага тэатра оперы і балета — асабіста для яго гэта ідэальны сцэнарый.

9. Хлопец прызнаецца, што нейкі час у яго былі думкі пра тое, каб з’язджаць з краіны, але сёння ён усё больш упэўніваецца ў тым, што можа забяспечыць сабе камфортнае жыццё і самарэалізавацца на радзіме.

10. На пытанне, ці занятае яго сэрца, Уладзіслаў адказвае жартаўліва: «Так, Беларуссю. І спадзяюся, што гэта ўзаемна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?