SWIMMING AUSTRALIA

99-гадовы аўстралійскі плывец, мяркуючы па ўсім, пабіў сусветны рэкорд у сваёй узроставай катэгорыі пры заплыве на 50 метраў вольным стылем.

Джордж Каранес пераадолеў гэтую дыстанцыю за 56,12 секунды на спаборніцтвах у штаце Квінсленд. Ён спаборнічаў у узроставай катэгорыі 100—104 гады, бо ў красавіку яму споўніцца роўна 100 гадоў.

Ён абышоў папярэдні рэкорд 2014 года на 35 секунд. Зараз вынік правяраецца спартыўнай федэрацыяй.

Сам Джордж Каранес кажа, што вельмі задаволены вынікам.

«Для мяне гэта быў узорны заплыў, добра збалансаваны. Я быў гатовы моцна ўдарыць рукой па другой сцяне басейна», — сказаў ён

SWIMMING AUSTRALIA

Ён таксама кажа, што быў неімаверна натхнёны тым, як шумна яго падтрымлівалі заўзятары.

У гэтай узроставай катэгорыі ён быў адзіным плыўцом. Заплыў быў арганізаваны спецыяльна для таго, каб даць яму шанец пабіць сусветны рэкорд.

Джордж Каранес жыве ў Брысбене. Паводле яго слоў, ён любіў плаваць у юнацтве, але вярнуўся да гэтага занятку толькі пасля таго, як яму споўнілася 80 гадоў.

«Я перастаў плаваць ў пачатку Другой сусветнай вайны і не займаўся гэтым, пакуль не выйшаў на пенсію», — кажа ён.

Паводле яго слоў, плаванне стала для яго фізічна нялёгкай справай, але тут дапамагае падрыхтоўка. У сярэднім ён ходзіць у басейн тры разы на тыдзень, а потым яшчэ і ў трэнажорную залу.

«У маім узросце ўсё адбываецца не так хутка … вельмі хутка стамляешся, але калі ведаеш, што робіш, дасягненні могуць быць проста фантастычнымі», - лічыць Джордж Каранес.

Папярэдні рэкорд у гэтай узроставай катэгорыі (1 хвіліна і 31,19 секунды) быў пастаўлены брытанцам Джонам Харысанам у 2014 годзе.

Рэкорд Джорджа Каранеса зараз павінен быць пацверджаны Міжнароднай федэрацыяй плавання FINA.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?