У будынку «Белэкспа» працягвае працу Мінскі кніжны кірмаш. Больш за паўсотню выдавецтваў прадстаўляюць тут сваю прадукцыю. Найлепш прадстаўленыя, натуральна, беларускія стэнды і расійскія.

«Наша Ніва» прапануе рэйтынг самых цікавых выданняў, што можна знайсці на развалах «Белэкспа».

Вольга Гапеева, «Дзве авечкі»

Цана: 16,8 рублёў

Калі шукаеце нешта вартае для сваіх дзетак, то найперш завітайце на стэнд выдавецтва «Галіяфы». Гэта дыхтоўна аформленае выданне з цудоўнымі ілюстрацыямі мастачкі Марты Герашчанка. Мілыя героі кнігі падарожнічаюць і трапляюць у самыя незвычайныя гісторыі. Сачыць за іхнімі прыгодамі будзе весела і цікава.

Шарль Перо, «Чарадзейныя казкі» і Туве Янсан «Мемуары Мумітаты»

Цана: па 10 рублёў

Гэтыя казкі Шарля Перо па-беларуску выдавалі ў пачатку 1990-х. Цяпер свет пабачыла перавыданне з мінімальнымі зменамі. Цудоўнае новае афармленне мастачкі Яўгеніі Цыбульскай. Што тычыцца Туве Янсана, то гэта пятая кніжка з серыі. Пераклад выканала Алеся Башарымава. Шукаць на стэндзе Змітра Коласа, там можна знайсці багата і іншай перакладной літаратуры.

Міхась Стральцоў, «Я зноўку тут»

Цана: 12 рублёў

«Удава Стральцова Алена Дзмітрыеўна на гэтую кнігу сказала, што Міхась плакаў бы ад шчасця, калі б яе пабачыў», — расказала «НН» прадстаўніца выдавецтва «Мастацкая літаратура» Аксана Спрынчан. Гэта першая кніга з серыі «100 вершаў». Укладаў выданне паэт Віктар Шніп.

Алесь Разанаў, «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж»

Цана: 14,4 рубля

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» ўпэўненыя, што гэта будзе адна з іх найлепшых кніг сёлета. Адно з найбольш поўных выданняў пункціраў Разанава аздоблена гравюрамі маладой мастачкі Кацярыны Дасько, яна працавала з Разанавым больш за тры гады. Кніга атрымалася вельмі стылёвай. «Такую не сорамна з сабой і ў ложак узяць», — кажа Аксана Спрынчан.

Богдан Мусял, «Савецкія партызаны ў 1941-1944 гг. Міфы і рэчаіснасць»

Цана: 15 рублёў

Гэта польскі даследчык, які доўга працаваў у Нямеччыне. Даследаванне тычыцца партызанкі на тэрыторыі Беларусі. «Разглядаецца з нетрадыцыйнага гледзішча, бо гаворка не толькі аб пазітыўных аспектах, але і аб тых, якія прынята замоўчваць у нас: узаемадзеянне з мірным насельніцтвам, з палякамі, яўрэямі, настроі ўнутры атрадаў», — расказвае гісторык Аляксандр Пашкевіч. Шукаць на стэндзе часопісу ARCHE.

Яанна Фургаліньска, «Польская кухня. Адчуй смак традыцый»

Цана: 18 рублёў

Традыцыйная кухня з рэцэптамі на кожны дзень. Арыгінальнасць — у каляровых ілюстрацыях з маленькімі каментарамі. «Па такіх візуальных рэцэптах прыгатаваць смачныя стравы здольны нават чайнік», — смяецца выдавец Андрэй Янушкевіч.

Вінцэсь Мудроў, «Помнік літары Ў»

Цана: 10 рублёў

Вінцэсь Мудроў — прызнаны майстар кароткай прозы. Лепшага аўтара ў гэтым жанры ў нас, можа і няма. У зборніку сабраныя апавяданні і навэлы, напісаныя пісьменнікам з Наваполацка цягам апошніх 10 гадоў.

Янка Купала, «Энцыклапедыя», 1 том

Цана: 24 рублі

Першая энцыклапедыя аб творчасці вялікага паэта выйшла яшчэ ў 1986 годзе. Але, як кажа міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч, з выданнем 2017 яе года проста нельга параўнаць. «Неба і зямля!», — кажа міністр. Гэта апошняя кніга, якую прачытаў Карлюкевіч. Кажа, што раіць і ўсім іншым.

Уладзімір Караткевіч, «Чазенія»

Цана: 14 рублёў

Выдавецтва «Папуры», якое не дужа спецыялізуецца на беларускамоўнай літарутры, працягвае выдаваць творы Уладзіміра Караткевіча. У новы прыгожы том, апроч Чазеніі, увайшлі апавяданні «Кніганошы», «Сіняя-сіняя», «Вялікі Шан Ян» і «Белае Полымя». Паставіць такое выданне на сваёй кніжнай паліцы будзе проста прыемна.

Адчыненая Біблія, Першая Біблія

Цана: па 20 рублёў

Знаёмства з азамі рэлігіі для самых маленькіх. Абсалютна цудоўна аформленыя выданні. Нават і старэйшым будзе цікава пагартаць такія старонкі ды паўзірацца ў карцінкі. Шукаць на стэндзе брэсцкага выдавецтва «Благавест».

Бонус — карты

Цана: карта ВКЛ 1,80, геральдычная — 2,95 рублёў

На жаль, вялікага выбару картаў на беларускай мове няма.

Ёсць «Геральдыка Беларусі» з гербамі буйнейшых гарадоў, яшчэ можна набыць карту часоў ВКЛ. Добры падарунак сябрам і знаёмым.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?