Хаця даследчыкі здагадваліся, што ўбачаць ваду на WASP-39b, яны моцна здзівіліся яе колькасці. Бо на планеце значна больш вады, чым на Сатурне, і яна, па ўсёй бачнасці, сфармавалася інакш, гаворыцца ў прэс-рэлізе NASA.

Мноства вады, верагодна, паказвае на тое, што планета развівалася удалечыні ад зоркі, падвяргаючыся «бамбардзіроўкам» ледзянымі аб'ектамі.

Даследаваная экзапланета знаходзіцца ў сузор'і Дзевы і круціцца вакол сонцападобнае зоркі WASP-39, здзяйсняючы абарот кожныя чатыры дні. На гэты момант WASP-39b знаходзіцца ў 20 разоў бліжэй да сваёй зоркі, чым Зямля да Сонца. Пры гэтым яна «прыліўна заблакаваная», гэта значыць павёрнутая да сваёй зоркі заўсёды адным бокам. На «дзённым» баку планеты тэмпература дасягае 776,7 градуса Цэльсія. Пры гэтым магутныя вятры пераносяць цяпло і на яе «начны» бок, што робіць яго практычна такім жа гарачым. 

У будучыні астраномы спадзяюцца выкарыстоўваць для вывучэння гэтай экзапланеты больш магутны касмічны тэлескоп «Джэймс Уэб», запуск якога чакаецца ўжо вясной наступнага года.

Экзапланетамі астраномы называюць усе планеты, размешчаныя за межамі Сонечнае сістэмы. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?