Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічаў у біятлонным забегу разам з вядомымі алімпійцамі краіны. Мерапрыемства адбылося ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы», перадае president.gov.by.
Разам з ім на лыжную трасу выйшлі яго малодшы сын Мікалай, прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант, пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў Дар'я Домрачава, Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава, Аляксей Айдараў і Ксенія Санковіч.
4 сакавіка ў Раўбічах таксама завяршыўся фінальны этап спаборніцтваў «Снежны снайпер». Пераможцы былі вызначаныя ў трох узроставых катэгорыях. У турніры прынялі ўдзел юныя біятланісты з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Узнагароды ўручалі Аляксандр Лукашэнка і алімпійскія чэмпіёны, члены нацыянальнай каманды Беларусі па біятлоне Дар'я Домрачава, Ірына Крыўко і Дынара Алімбекава.
Нагадаем, ва ўзроставай групе сярэдняга ўзросту бронзавую ўзнагароду заваяваў Мікалай Лукашэнка, які прадстаўляў на «Снежным снайперы» Мінскую вобласць.