Новым дырэктарам кінастудыі «Беларусьфільм» стаў 47-гадовы Уладзімір Карачэўскі, былы кіраўнік Тэатра беларускай драматургіі. 

Музыка і спявак

Карачэўскі некалькі гадоў працаваў настаўнікам музыкі, кіраўніком дзіцячай музычнай студыі, пасля сышоў у культарганізатары.

Ён і сам удзельнічаў у музычных конкурсах, спяваў і пасля таго, як пачаў кар'еру чыноўніка.

«Аднойчы падчас святкавання новага 2001 года мне давялося вельмі шмат працаваць. Выступаў на адкрытых пляцоўках і злёгку прастудзіўся. Спяваў ужывую, і проста на сцэне ў мяне адбылося незмыканне галасавых звязак. Замоўк як спявак на тры месяцы. Пачаў аднаўляць голас пры дапамозе дактароў. Гэта амаль атрымалася, дактары мне дазволілі спяваць, але весці гастрольнае жыццё было ўжо немагчыма. Так я ўсвядоміў, што толькі на голас стаўку рабіць нельга. Не ў маіх правілах спыняцца і апускаць рукі. Таму калі мне прапанавалі месца спецыяліста па культуры ў адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, рызыкнуў і пагадзіўся. Паступова я дарос да начальніка аддзела культуры», — казаў Карачэўскі ў інтэрв’ю «Вячэрняму Мінску».

Былы чыноўнік, папярэднік Дрыгі

З 2007 па 2010 год Карачэўскі ўзначальваў упраўленне культуры Мінгарвыканкама. Пасля чатыры гады правёў на пасадзе намесніка міністра культуры.

Карачэўскі нярэдка падкрэсліваў два пытанні. Першае — грашовае. Маўляў, дзяржава мусіць падтрымліваць праекты, якія павінны акупляцца, казаў пра патрэбу прыцягнення спонсараў у сферу культуры. Ды і самі ўстановы культуры павінны думаць не толькі пра творчасць, але і пра грошы.

«Чаму ні кінастудыя, ні спецыялісты, якія займаюцца кінавытворчасцю, не шукаюць і не зарабляюць дадатковыя сродкі на развіццё «Беларусьфільма»? Чаму яны чакаюць толькі сродкі з бюджэту? На мой погляд, неабходна ўключаць ўсе рэсурсы. А то адразу пачынаюць казаць пра нейкую складаную сацыяльную сітуацыю», — абураўся тады яшчэ намеснік міністра культуры Карачэўскі падчас візіту на «Беларусьфільм».

Другое пытанне — увага да «сваіх». Карачэўскі казаў, што ў першую чаргу трэба звяртаць увагу на мясцовых выканаўцаў.

Выказваўся ён і пра беларускую мову.

«Мы ў свой час выпусцілі з-пад увагі стаўленне да роднай мовы. Раптам сталі дзецьмі свету, пачалі вучыць англійскую і забываць беларускую. Калі моладзь пачне размаўляць па-беларуску, пачне паважаць мову, тады і песні пачнуць з'яўляцца. Вядома, мы стараемся, каб у нас у канцэртах гучалі песні на беларускай мове, і ўсяляк гэта падтрымліваем. Але, на жаль, якаснага матэрыялу паступае мала», — адзначаў Карачэўскі ў інтэрв’ю парталу ultra-music.com.

Але ў маі 2014 Лукашэнка зняў Карачэўскага з пасады — яго месца заняла Ірына Дрыга.

«Кіраўнік новага тыпу»

Уладзімір Карачэўскі ўзначаліў Тэатр беларускай драматургіі ў тым жа 2014 годзе пасля Ігара Сігава, які адпрацаваў у РТБД каля 20 гадоў. Сігаву не працягнулі кантракт, нягледзячы на падтрымку з боку калектыву тэатра. Супрацоўнікі РТБД нават пісалі ліст тагачаснаму міністру культуры Барысу Святлову, у якім тлумачылі, чаму варта пакінуць на працы былога кіраўніка тэатра.

Але іх спадзяванні не спраўдзіліся, Святлоў патлумачыў, што Сігава знялі праз фінансавыя праблемы. Маўляў, паказчыкі пагаршаюцца, грошай тэатр не зарабляе. Апроч таго, нечаканая праверкі выявіла шэраг парушэнняў, і тэатр быў аштрафаваны.

Святлоў казаў, што тэатру патрэбны «кіраўнік новага тыпу». У выніку РТБД узначаліў Уладзімір Карачэўскі.

Прычым яго працу ў тэатры калегі ацанілі пазітыўна.

«Я лічу, што Карачэўскі ў РТБД дабіўся вялікіх поспехаў. Ён не баяўся, ставіў вострыя і гучныя п’есы. Пры ім паставілі «Кар’еру доктара Раўса» Віктара Марціновіча, маю п’есу «Пакрыўджаная Расія», — кажа вядомы сцэнарыст і драматург Андрэй Курэйчык. — У Міністэрства культуры Карачэўскага прывёў Павел Латушка, і гэта паказчык, што Карачэўскі чалавек трохі другой фармацыі, чым іншыя чыноўнікі. Карачэўскі — малады тэхнакрат, як і сам Латушка».

Муж Наталлі Радзінай

Карачэўскі жанаты з Наталляй Радзінай — але не з галоўным рэдактарам «Хартыі», а з тэлевядучай АНТ. Яны ажаніліся ў 2013 годзе.

Радзіна нарадзілася ў расійскім Бранску. Скончыла Бранскі педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «выкладчык рускай мовы і літаратуры». Чатыры гады працавала на Полацкім рэгіянальным тэлебачанні ў якасці карэспандэнта. Пасля перайшла на АНТ, дзе вядзе перадачу «Наша раніца».

У 2014 годзе ў пары нарадзіўся сын Арцём. Дарэчы, Радзінай было 37 гадоў, калі яна стала мамай.

У новага кіраўніка «Беларусьфільма» ад мінулага шлюбу ёсць дарослая дачка Жанна, расказвала «Камсамольская праўда».

Пляменніка-маёра застрэліў у Крыме рускі сяржант

Карачэўскі мае ўкраінскія карані, ён родам з Бярдзянска, там жа жывуць і бацькі.

У красавіку 2014 года яго пляменніка застрэліў расійскі вайсковец. Украінскі маёр Станіслаў Карачэўскі пасля захопу Крыма разам з аднавайскоўцамі рыхтаваўся да выезду ва Украіну. Абставіны канфлікту з расійскімі вайскоўцамі дагэтуль невядомыя.

Станіслаў Карачэўскі.

Станіслаў Карачэўскі.

«Украінскія афіцэры спрабавалі знайсці прытулак у вайсковым інтэрнаце. У працэсе пераследу на ўсіх пяці паверхах расейцы ўзарвалі светлашумавыя гранаты. Капітан Ярмоленка здолеў схавацца ў пакоі. У гэты час забойца, расійскі малодшы сяржант Зайцаў, застрэліў з аўтамата маёра Карачэўскага: адна куля — у тулава, іншая — у галаву». Пазней Зайцава асудзілі на 2 гады.

Пасля гэтай трагедыі другі пляменнік Карачэўскага пераехаў у Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?