Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка прызначыў супрацоўніка Службы аховы прэзідэнта Сяргея Кавальчука новым міністрам спорту.

Сяргей Кавальчук бярэ ўдзел у більярдных турнірах супрацоўнікаў Служб бяспекі. Сёлета ён заняў трэцяе месца ў асабістым турніры на спаборніцтвах у Казахстане. Фота turantv.kz.

Сяргей Кавальчук бярэ ўдзел у більярдных турнірах супрацоўнікаў Служб бяспекі. Сёлета ён заняў трэцяе месца ў асабістым турніры на спаборніцтвах у Казахстане. Фота turantv.kz.

Афіцыйныя крыніцы вельмі сціпла паведамляюць аб біяграфіі чыноўніка. З яе вынікае, што Кавальчук родам з вёскі Журавок Іванаўскага раёна. Cкончыў Адэскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча і Вайсковую акадэмію. У 1989-2004 служыў ва Узброеных Сілах, а з таго часу — у Службе бяспекі прэзідэнта.

У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» маці новага міністра расказала пра яго болей інфармацыі.

Бацькі Кавальчука цяпер жывуць у вёсцы Глінна Іванаўскага раёна. Ніне Сцяпанаўне — 72 гады, Міхаілу Іванавічу — 76. Мама працавала настаўніцай беларускай і рускай моваў у мясцовай школе, бацька — кінамеханікам.

Сяргей Кавальчук нарадзіўся ў Жураўку, бо ў той час мама была там загадчыцай пачатковай школы. Бацька родам з Жураўка, там жыве і цяпер ягоны родны брат Канстанцін. Потым сям’я пабудавала дом у Глінне, дзе і жывуць да гэтага часу.

«Плачу, расчулілася ўся, не чакалі мы такога», — адразу сказала нам Ніна Сцяпанаўна.

«Наша вёсачка аддаленая такая, да раённага цэнтра больш за 30 км, побач Дняпроўска-Бугскі канал, лес багаты і прыгожы. Сын усё гэта любіў — за грыбамі бегаць, у рэчцы купацца… І марыў з дзяцінства стаць вайскоўцам. Скончыў школу ў Іванаве з залатым медалём, два гады жыў там у інтэрнаце. Мы бачылі, што ён вельмі здольны, сам вырашыў паехаць на вучобу, так і паехаў, — расказвае яна. —

Помню, выйшаў ён на аўтобус. Мы хацелі праводзіць яго, ён кажа: «Мама, не трэба» Толькі выйшлі, сонейка свяціла, і тут адразу дождж пасыпаў. Мы яшчэ думалі, што гэта за прыкмета».

«Адразу пра яго ў студэнцкай газеце нататка выйшла, што такі таленавіты хлопец з глыбінкі, ён мне выразку дасылаў. Быў вельмі моцным у матэматыцы», — узгадвае маці.

Потым Сяргей скончыў артылерыйскае вучылішча ў Адэсе і паўстала пытанне, куды размяркоўвацца.

«Мог ехаць у Чэхаславакію, Германію. А яму выкладчыкі параілі: пакуль ты адзін і нежанаты, едзь у аддаленыя месцы. І ён выбраў Хабараўскі край. Там перад гэтым служыў мой пляменнік з Бярозы. Ды і брат мой жыў, застаўся па размеркаванні пасля Ляснога інстытута. Сяргей вырашыў: паеду туды, а яго — аж на Чукотку! Я тут ледзьве не звар’яцела. Ён там тры гады адслужыў».

З Чукоткі Сяргей Кавальчук прывёз сабе жонку. Яна па нацыянальнасці ўкраінка, яе бацькі выехалі на поўнач па заробкі. Потым служыў у 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Брэсце. Гэта ўжо было, калі развальваўся СССР. «Ягоныя хлопцы з вучобы тады з Германіі прыганялі машыны. А мы наракалі: «Сярожа добра вучыўся і не паехаў у Германію». Зрэшты, у Чукотцы яму някепска было», — узгадвае Ніна Сцяпанаўна.

Падчас службы ў Брэсце Сяргей Кавальчук паступіў у Вайсковую акадэмію ў Мінску. «Здымаў кватэру, вучыўся. І ўсё сам, сам… Мы людзі простыя, у нас няма нікога ў радні, хто б мог дапамагчы!» Пасля сканчэння вучобы Сяргей застаўся працаваць у Міністэрстве абароны. А ў 2004 годзе перайшоў у Службу бяспекі прэзідэнта.

У Сяргея Кавальчука ёсць яшчэ два браты і сястра. Усе яны жывуць у Брэcце.

«Дачка скончыла ў Кіеве тэхналагічны інстытут, цяпер працуе ў нейкай мясной фірме.

Другі сын — Ігар. Ён таксама скончыў школу з залатым медалём, адвучыўся ў Новасібірскім ваенна-палітычным вучылішчы, але не захацеў быць вайскоўцам.

І трэці сын Саша таксама скончыў школу з медалём, праўда, срэбраным. Працуе галоўным бухгалтарам», — расказвае Ніна Сцяпанаўна.

Маці кажа, што сын у дзяцінстве ўсё любіў: і рыбалку, і футбол: «Неяк нават ключыцу зламаў у дзяцінстве, так гуляў. Ён і цяпер увесь час на лыжах».

У Сяргея Кавальчука двое дзяцей. Сыну Яраславу 24 гады, ён вучыўся ў БДУ на міжнародных адносінах, цяпер працуе аташэ ў Службе дзяржаўнага пратакола ў Міністэрстве замежных спраў. Дачка Ангеліна вучыцца ў 7-м класе.

«Прыязджае, канечне, на радзіму Ён любіць тут бываць. У суседа човен бярэ ды катаецца ці на рыбалку ездзіць. Яны па гэтым краі сумуюць у Мінску. У нас мясцовасць глухаватая, але аўтобус чатыры разы на дзень ходзіць. Някепска! Каб так жыць», — эмацыйна выгукае спадарыня Кавальчук.

У Горбахскім сельсавеце, дзе нарадзіўся міністр і дзе цяпер жывуць яго бацькі, падчас перапісу насельніцтва 96% жыхароў заявілі, што дома размаўляюць па-беларуску. Ніна Сцяпанаўна запэўнівае, што яе сын добра гаворыць на роднай мове:

«Ён жа ўсё ўмее! І па гаспадарцы, і касіць. Карову трымалі, бо трэба ж было чатырох дзяцей расціць. І свінні, і птушка была. І бульбу капаць прыязджае. Пазалетась быў з Яраславам, дык камбайн наймалі, каб капаць. Прыйшлі дадому ўсе запыленыя, бо самі на камбайне стаялі ды камяні выкідалі».

«Добрая навіна, але нечаканая. Буду яшчэ плакаць», — падсумоўвае мама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?