24.03.2018 / 10:53

Як Лі Куан Ю, да якога Forbes прыраўняў Лукашэнку, за 30 гадоў пераўтварыў Сінгапур у адну з найбольш развітых краін свету 39

Нядаўна прадстаўнікі часопіса Forbes выказалі меркаванне, што Беларусь мае ўсе шанцы паўтарыць «эканамічны цуд» Сінгапура — астраўнога горада-дзяржавы ў Паўднёва-Усходняй Азіі. 

«Мы здзіўленыя калібрам рэформаў, якія задумаў ў апошнія гады прэзідэнт Лукашэнка. Смеласць, амбітнасць прынятых рашэнняў па лібералізацыі крыптавалют, стварэнні свабоднай зоны Вялікі камень, пашырэнне прэферэнцый у ПВТ — параўнальныя, напэўна, толькі з рэформамі Лі Куан Ю ў Сінгапуры», — заявілі прадстаўнікі часопіса, якіх прывезлі ў аплачаную паездку ў Мінск.

Насельніцтва Сінгапура — крыху больш за 5 мільёнаў чалавек, або ўсяго ўдвая менш за насельніцтва Беларусі. Пры гэтым тэрыторыя краіны ў 288 разоў меншая па плошчы, чым Беларусь. Сінгапур не мае карысных выкапняў, краіне даводзілася імпартаваць нават прэсную ваду і будаўнічы пясок.

У момант атрымання самакіравання ў 1951 годзе Сінгапур быў маленькай беднай краінай. Перавярнуў ход гісторыі прэм’ер-міністр Лі Куан Ю, які ўзначальваў Сінгапур з 1959 да 1990 года. Лі Куан Ю жорсткай рукой павёў востраў да цывілізаванага жыцця. Была рэгламентавана не толькі палітыка: забаронена было нават пляваць на зямлю і ўстаноўлены абавязковыя нормы палівання раслін.

Лі Куан Ю нарадзіўся 16 верасня 1923 года ў Сінгапуры. Ягоныя бацькі належалі да розных народнасцяў — хака ды перанаканаў. Яны не разумелі мовы адно аднаго, але цікавіліся брытанскай культурай, таму размаўлялі між сабой па-англійску. Менавіта гэтая мова і стала роднай для Лі.

Закончыўшы мясцовы «Рафлз-каледж», «бацька сінгапурскае нацыі» з’ехаў у Вялікабрытанію, дзе вучыўся спачатку ў Лонданскай школе эканомікі, а затым у Кембрыджскім універсітэце.

Пасля вяртання на радзіму ён заснаваў Партыю народнага дзеяння, якая атрымала большасць месцаў у парламенце на выбарах 1959 года. Сам Лі Куан Ю заняў крэсла прэм'ер-міністра. Да таго часу Сінгапур ужо здабыў фактычную незалежнасць, стаўшы самакіраванай дзяржавай у складзе Брытанскай Імперыі.

Лі Куан Ю падчас выбараў у 1959 годзе

Лі Куан Ю прыняў рашэнне распачаць маштабныя рэформы, якія меліся ператварыць Сінгапур са «сметніку ўбоства і дэградацыі», як яго апісвалі ў мясцовай прэсе тых часоў, у сучасную індустрыяльна развітую дзяржаву. 

Сінгапур на досвітку незалежнасці. Фота: captainsvoyage-forum.com

Сінгапур сёння.

Дзеля правядзення рэформаў Лі Куан Ю ўвёў пад жорсткі кантроль усе сферы жыцця краіны. Будучы перакананым антыкамуністам, Лі бязлітасна вынішчаў «камуністычную заразу». Яго апаненты, а таксама журналісты, аказваліся за кратамі без суда і следства, абмяжоўваўся доступ інфармацыі з-за мяжы.

«Свабода прэсы, свабода СМІ, мае быць падпарадкаваная галоўным патрэбам цэласнасці Сінгапура», — казаў Лі. Свае дзеянні ён апраўдваў тым, што газеты фінансаваліся замежнымі нядобразычліўцамі Сінгапура. Палітык лічыў, што ў краіне, якая развіваецца, некаторыя свабоды павінны быць прынесеныя ў ахвяру.

У сувязі з тым, што камуністычныя ідэі былі пагібельныя для рынкавых адносінаў, што зараджаліся ў Сінгапуры, камуністычная партыя аказалася ў краіне пад забаронай, а ў парламенце застаўся толькі адзін апазіцыйны дэпутат. 

Вось, што пісаў Лі Куан Ю ў адной са сваіх кніг:

«Я не лічу, што дэмакратыя — гэта найлепшая форма праўлення для ўсіх краін і што яна распаўсюдзіцца па ўсім свеце. Калі б гэта было так, чаму заходнія краіны спрабуюць яе ўсім навязаць сілай? Калі ліберальная дэмакратыя настолькі дасканалая, яна і так атрымае верх над усім светам, як рынкавая эканоміка, якая вызначана пераўзыходзіць планавую эканоміку і распаўсюджваецца па ўсім свеце.

З нагоды дэмакратыі ў мяне было шмат дыскусій з амерыканцамі. Яны пыталіся, як так атрымліваецца, што ўрад Сінгапура не змяняецца. Я ж адказваў, што я проста выйграю ўсе выбары. Людзі ведаюць, што, калі яны прагаласуюць за апазіцыю, яны будуць жыць не так добра. Я дамагаўся выніку: я даў ім сумленны ўрад, я даў ім прагрэс, я кожны год павышаў якасць адукацыі іх дзяцей, якасць медыцынскага абслугоўвання… Чаму мы павінны мяняцца?

Яны кажуць, што мы абавязаны мяняцца, толькі тады ў нас будзе дэмакратыя. Я адказваю: хай так будзе ў вас у Амерыцы. І пакіньце нас у спакоі».

Напачатку незалежнасці Сінгапур раз'ядала карупцыя, барацьба з якой пачалася «шляхам спрашчэння працэдур прыняцця рашэнняў і выдалення усякай двухсэнсоўнасці ў законах у выніку выдання зразумелых і простых правілаў, аж да адмены дазволаў і ліцэнзавання».

Былі рэзка паднятыя заробкі суддзяў, на судзейскія пасады былі прыцягнутыя найлепшыя прыватныя адвакаты. Дзяржслужачым, якія займалі адказныя пасады, былі ўзнятыя зарплаты да ўзроўню, характэрнага для топ-менеджараў прыватных карпарацый. Быў створаны незалежны орган з мэтай барацьбы з карупцыяй сярод найвышэйшых прадстаўнікоў улады.

«Агенцтва па барацьбе з прагнасцю» — так у народзе празвалі бюро, што расследавала выпадкі карупцыі. Ніякай прэзумпцыі невінаватасці не існавала: чыноўнік жыў не па сродках — значыць, хабарнік. З праверкамі прыходзілі і да самога прэм'ера.

Дзеля вяршэнства закона прэм'ер-міністр пасадзіў у турму блізкага сябра, калі таго выкрылі ў хабарніцтве, а міністр сацыяльнага развіцця, злоўлены на хабары ў 315 тысяч даляраў, пасля размовы з Лі Куан Ю здзейсніў самагубства.

У выніку Сінгапур стаў адной з найменш карумпаваных дзяржаваў свету, якой з’яўляецца і па сёння. 

На пытанне аб сакрэце поспеху ў барацьбе з хабарніцтвам, Лі адказаў так: «Пачніце з таго, што пасадзіце трох сваіх сяброў. Вы дакладна ведаеце, за што, і яны ведаюць, за што».

Стратэгія эканамічнага развіцця краіны будавалася на ператварэнні Сінгапура ў фінансавы і гандлёвы цэнтр Паўднёва-Усходняе Азіі, а таксама на прыцягненні замежных інвестараў.

«Мы віталі кожнага інвестара… Мы проста са скуры вылузваліся, каб дапамагчы яму пачаць вытворчасць», — узгадваў Лі Куан Ю.

Аднойчы ягоны дарадца па пытаннях эканомікі, галандзец Альберт Вінсэміус, патэлефанаваў віцэ-прэзідэнту сінгапурскага аддзялення «Bank of America», які быў тады ў Лондане. «Мы хочам у межах наступных 10 гадоў стаць фінансавым цэнтрам Паўднёва-Усходняе Азіі», — сказаў Вінсэміус. На гэта ён атрымаў адказ: «Добра, прыязджайце ў Лондан. Вы зможаце дамагчыся гэтага на працягу 5 гадоў».

У Лондане госця падвялі да вялікага глобуса ў зале паседжанняў і распавялі наступнае. Сусветны фінансавы дзень пачынаецца ў Цюрыху, дзе банкі адкрываюцца а дзявятай раніцы. Крыху пазней адкрываюцца банкі ў Лондане. Пасля абеду банкі ў Цюрыху зачыняюцца, затым зачыняюцца банкі ў Лондане. У гэты час банкі ў Нью-Ёрку яшчэ адкрытыя. Такім чынам, Лондан накіроўвае фінансавыя патокі ў Нью-Ёрк. Калі закрываюцца нью-ёркскія банкі, фінансавыя патокі пераходзяць у Сан-Францыска. А вось у прамежак часу паміж закрыццём банкаў у Сан-Францыска і пачаткам новага дня ў Цюрыхе ў фінансавым свеце нічога не адбываецца.

«Калі мы размесцім Сінгапур пасярэдзіне, то пасля закрыцця банкаў у Сан-Францыска Сінгапур зможа прыняць ад іх эстафету, а калі зачыняцца банкі ў Сінгапуры, яны змогуць перавесці фінансавыя патокі ў Цюрых. Такім чынам, упершыню ў гісторыі, стане магчымым глабальнае кругласутачнае банкаўскае абслугоўванне», — узгадваў Лі Куан Ю ў адной са сваіх кніг словы прадстаўніка банка.

Дагэтуль важную ролю ў эканоміцы Сінгапура адыгрываюць транснацыянальныя карпарацыі, якія краіна прываблівае праз нізкія падаткі. Падатковая сістэма па сваёй прывабнасці займае пятае месца ў свеце. Усяго 4 віды імпартных тавараў абкладаюцца падаткам пры ўвозе: спіртныя напоі, тытунёвыя вырабы, нафтапрадукты і аўтамабілі. У краіне развітыя вытворчасці электронікі, суднабудаванне, сектар фінансавых паслуг. Вядуцца маштабныя даследаванні ў галіне біятэхналогій. 

У 1960—1970-я гады была рэфармаваная сістэма адукацыі. Англійская мова стала абавязковым для вывучэння ва ўсіх школах, а ВНУ былі пераведзеныя на выкладанне на англійскай мове. Урад выдаткоўваў неймаверныя грошы на навучанне сваіх студэнтаў у найлепшых універсітэтах свету.

Наньянскі тэхналагічны ўніверсітэт у Сінгапуры (адзін з карпусоў). Уваходзіць у 100 найлепшых універсітэтаў свету. 

Паралельна з гэтым, Лі Куан Ю выдаваў законы, каб радыкальна палепшыць пабытовыя звычкі сінгапурцаў. Стала забаронена, напрыклад, пляваць на зямлю, паліць у грамадскіх месцах, кідаць на зямлю смецце, паркаваць машыны ў цэнтры горада, а таксама, паліваючы кветкі, пакідаць ваду ў сподках пад гаршкамі, бо гэта прыцягвае камароў.

Усе машыны забяспечылі сірэнамі, якія аглушалі кіроўцу, як толькі той перавышаў хуткасць у 80 км/г. Пасля шасці гадзін вечара было забаронена ездзіць у сваім аўтамабілі ў адзіноце — трэба было падвозіць калегаў па працы ці незнаёмых спадарожнікаў, каб паменшыць магчымасць узнікнення затораў. Многія падобныя законы з цягам часу былі адмененыя, але жорсткія метады пакарання злачынцаў, у тым ліку цялесныя пакаранні, захаваліся і дагэтуль.

Надавалася ўвага і гарадскому абліччу і чысціні. Так, аднойчы амерыканскі падлетак, які прыехаў у Сінгапур, размаляваў графіці сцяну аднаго з дамоў, і быў тут жа арыштаваны, пакараны дзесяццю ўдарамі палкай па пятках, і неадкладна дэпартаваны (на насілках).

Сам Лі Куан Ю шматразова казаў пра сваю ўпэўненасць у эфектыўнасці цялесных пакаранняў, распавядаючы пра ўласны досвед у школьныя гады, калі атрымліваў па «тры незабыўныя ўдары па тым самым месцы».

«Я ніколі не разумеў, чаму заходнія педагогі-метадысты выступаюць супраць цялесных пакаранняў. Нічога страшнага ні са мной, ні з маімі аднакласнікамі не здарылася», — здзіўляўся прэм'ер-міністр.

З 1960 па 1980 гады валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва ў Сінгапуры павялічыўся ў 15 разоў. З 1960 да 2018 года ВУП Сінгапура вырас больш, чым у 350 разоў! 

Усяго Лі Куан Ю атрымаў сем перамог на выбарах і сышоў у адстаўку толькі ў 1990 годзе, паставіўшы тым самым сусветны рэкорд самага працяглага знаходжання на пасадзе прэм'ер-міністра. Аднак і пасля гэтага ён працягваў актыўна ўдзельнічаць у палітыцы, узначаліўшы кампанію па прапагандзе вывучэння сінгапурцамі кітайскае мовы нароўні з англійскай.

Нават пасля сыходу з пасады прэм'ер-міністра, Лі Куан Ю працягваў браць актыўны ўдзел у жыцці сінгапурскага грамадства.

«Бацька сінгапурскай нацыі» Лі Куан Ю памёр вечарам 23 сакавіка 2015 года на 92-м годзе жыцця. З 2004 года пасаду прэм’ер-міністра Сінгапура займае ягоны сын Лі Сянь Лун. 

Ілья Параскевіч

3
Inhvar / Адказаць
24.03.2018 / 10:56
Гэта проста смешна. Не Сінгапур тут будзе, а Куба з Венесуэлай. Бальшавiкi -балiвары давялi свае краiны да ручкi.. 
1
Только ОН / Адказаць
24.03.2018 / 10:59
Как-как ,репрессиями. Жэстачайшыми.
0
Юлій Каралёў / Адказаць
24.03.2018 / 11:06
Сумесь празмернай ветлівасці і гастрольнай недасведчанасці. Ціквава будзе, калі нехта прасочыць, цы напішуць яны нешта падобнае ў папяровых версіях - амаль упэўнены, што не. 
Паказаць усе каментары/ 39 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру