Беларус Юрый Палітыка, якога ва Украіне судзяць за шпіянаж.

Беларус Юрый Палітыка, якога ва Украіне судзяць за шпіянаж.

У Чарнігаве пачаліся папярэднія слуханні па справе, замяшанай на інтрыгах спецслужбаў і дыпламатыі. Калегіі з трох суддзяў трэба будзе вызначыць далейшы лёс 33-гадовага беларуса Юрыя Палітыкі.

СБУ абвінавачвае яго ў перадачы сакрэтных дадзеных замежнай дзяржаве.

Судовы працэс, пра які шмат кажуць у Беларусі, але пакуль маўчаць у цэнтральных украінскіх СМІ, можа ўскладніць і без таго няпростыя адносіны Кіева і Мінска.

На падставе паказанняў сведак, урыўкаў матэрыялаў абвінавачвання, агучаных пракурорам у судзе, а таксама заяваў падсуднага «Украінская праўда» раскрывае падрабязнасці шпіёнскай сагі.

Настойлівы экспат

У 2016 годзе ў офісе грамадскага фарміравання (ГФ) «Поўнач», размешчаным у цэнтры Чарнігава, з'яўляецца незнаёмец. Палкі погляд, гарачыя прамовы і замежны пашпарт выдаюць у ім вялікага энтузіяста і экспата, які хоча дапамагчы Украіне ў складаны для яе час.

«Поўнач» — валанцёрская арганізацыя, утвораная ў 2015 годзе на базе аднайменнага добраахвотнага батальёна.

Мужчыну жыва цікавіла ваенная тэматыка і падзеі на Данбасе. Яго клічуць Юрый Палітыка. Ён — ураджэнец Мінска. Скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржуніверсітэта, працаваў па спецыяльнасці ў філіяле аднаго з расійскіх банкаў.

У Палітыкі няма левай ныркі: «Выдалілі ў 91-м — наступствы Чарнобыля», — распавядае ён, пераступіўшы парог «Поўначы». Таму Юрый згодны праявіць сябе нават у кабінетнай працы, хоць вельмі хоча адправіцца «ў палі».

ГФ «Поўнач», куды прыйшоў беларус, дапамагае ўкраінскім памежнікам у ахове мяжы з прымяненнем беспілотнікаў і аэраразведкі.

На 70—80% структура складаецца з удзельнікаў АТА, у асноўным былыя члены добраахвотных батальёнаў. У «Поўнач» прыходзяць тыя, хто хоча і надалей прымяняць на практыцы свой баявы досвед, але па розных прычынах не гарыць жаданнем звязваць жыццё кантрактам з Узброенымі Сіламі.

Узяць у арганізацыю Палітыку не маглі. Пра гэта папярэдзілі адразу, спасылаючыся на яго грамадзянства і заканадаўства Украіны. Але настойлівы беларус працягваў з'яўляцца ў офісе, весці гутаркі пра вайну і нават выконваць тэставыя заданні са здымкамі дрона і электроннымі картамі Яндэкс і Google.

16 чэрвеня 2017 года, каля 15:00, Юрый Палітыка сядзе ў аўтобус, які едзе з Чарнігава ў Гомель. Ён правядзе ў шляху да мяжы крыху больш за гадзіну, але вярнуцца на радзіму яму не наканавана. Пасля праверкі дакументаў і надгляду рэчаў на пункце пропуску Новыя Ярылавічы на Юрыя надзенуць кайданкі супрацоўнікі СБУ.

Як стане ясна пазней, спецслужбы «вялі» Палітыку некалькі месяцаў і зрабілі ўсё магчымае, каб у руках беларуса ў момант затрымання апынуліся дадзеныя, якія кампраметуюць яго. На першых пасяджэннях у Чарнігаўскім райсудзе мінчанін назаве гэта «падставай» і правакацыяй.

Са скупых урыўкаў матэрыялаў справы, якія ў лютым паспеў агучыць пракурор, вынікае, што Палітыка спрабаваў вывезці ў сваім смартфоне аэраздымкі зоны АТА. Да яе дадавалася сакрэтная карта наступальнай аперацыі «Шторм», якую УС планавалі на пачатку ліпеня 2017 года паміж Марыупалем і Новаазоўскам.

За інтарэс да сакрэтных дадзеных пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы.

«Раскажы пра катаванні палонных»

Адну з ключавых роляў у арышце Палітыкі сыграў Дзмітрый Острык, былы баец батальёна «Данбас», цяпер — камандзір узвода, выкладчык па тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы ў Вучэбным цэнтры «Дзясна». Падобна на тое, што менавіта яго званок у СБУ шмат у чым вызначыў далейшыя прыгоды беларуса.

Дзмітрый Острык (справа), былы баец батальёна «Данбас», цяпер — камандзір узвода, выкладчык па тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы ў Вучэбным цэнтры «Дзясна».

Дзмітрый Острык (справа), былы баец батальёна «Данбас», цяпер — камандзір узвода, выкладчык па тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы ў Вучэбным цэнтры «Дзясна».

Як распавёў УП сам Дзмітрый Острык, з Палітыкам ён пазнаёміўся ў ГФ «Поўнач», дзе спрабаваў знайсці сабе прымяненне пасля вяртання з АТА ў родным Чарнігаве.

— Патэлефанаваў знаёмы, сказаў: «Набіраюць добраахвотнікаў, хочаш — схадзі», — успамінае ён. — Я якраз выйшаў з сектара «М». Гэты хлопец моцна рваўся ў АТА. Хацеў быць аператарам беспілотніка. У прынцыпе, нармальнае жаданне для маладога чалавека. Спачатку гэтыя размовы мяне не напружвалі.

Але неўзабаве Острык адчуў нядобрае.

— Разумееце, блін, усе цікавяцца, як там, у АТА, але задаюць прыкладна аднолькавыя пытанні. А ў яго былі фармулёўкі такія: ці ваююць беларусы, колькі, дзе менавіта? Ён нават прасіў мяне: «Раскажы пра катаванні палонных з боку Украіны». Менавіта Украіны, разумееце? Вось такія дробязі сталі моцна напружваць, — сцвярджае ён.

Па словах Дзмітрыя Острыка, падазроныя паводзіны мінчука прымусілі звярнуцца ў СБУ.

— Неяк раз задаў яму пару навадных пытанняў, ён на іх павёўся, пасля чаго я ўжо даклаў у СБУ. Ён жа хацеў працаваць з дронамі. Вось я яму і прапанаваў павучыцца на электронных картах, а ён папрасіў дастаць рэальныя, ваенныя. Тут пазл і склаўся, — тлумачыць ён.

У размове з УП Острык прызнаўся, што гэта ён «зліў» Палітыку адну з карт, з якой беларуса потым злавілі ў Новых Ярылавічах. Прычым зрабіў гэта ўжо пасля размовы з прадстаўнікамі Службы бяспекі.

Так што пастка, у якую трапіў Палітыка, а была спланаванай спецаперацыяй.

— Мне стала яго нават шкада. Я некалькі разоў папярэджваў: «Не спампоўвай, не трэба. Гэта — карта зоны баявых дзеянняў, грамадзяніну замежнай дзяржавы нельга такую спампоўваць». Але ён, напэўна, ужо зорачку на пагонах бачыў, і мяне не паслухаў, — іранізуе Острык.

З царквы ў ваенкамат

Дзмітрый Острык — не адзіны, у каго выклікаў падазрэнні Юрый Палітыка.

— Мы сустракаліся з ім некалькі разоў. Ён спрабаваў паказаць сябе вельмі адкрытым. З самага пачатку задаваў пытанні, якія нават для нас, грамадскага фарміравання, на ўсходзе краіны закрытыя.

Яго вельмі цікавілі СТКР (супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты — УП) усё пытаўся, як прарвацца на Данбас, каб з іх пастраляць. Пры гэтым ён не хацеў, каб ведалі, дзе ён, хто ён, — дзеліцца з УП Юрый Горны, начальнік штаба «Поўнач».

Па інфармацыі Горнага, беларуса да яго прывёў супрацоўнік ваенкамата.

— Мы яму (Палітыку — УП) адразу сказалі, што не можам узяць замежнага грамадзяніна. Але ён настойваў. Першапачаткова быў нацэлены на Данбас. Гэта мяне моцна здзівіла, бо мы асабліва не афішуем, што туды ездзім.

Ён распытваў пра тое, якая там ваенная тэхніка, пра картаграфію. Але ўсе гэтыя карты — закрытая рэч. Нават мы да іх не дапушчаныя. Мы працуем з Google, — распавядае Горны.

Пасля гэтага кіраўнік фарміравання «Поўнач» выйшаў з інфармацыяй аб беларусе на супрацоўнікаў СБУ.

— Я — юрыст па адукацыі, кадравы вайсковец, таксама служыў у СБУ, цяпер знаходжуся ў запасе, вось і звярнуўся да былых калегаў, — тлумачыць ён. — Аказалася, што Палітыка на той момант ужо знаходзіўся ў полі зроку нашых спецслужбаў, быў у распрацоўцы. Далей спрабавалі высветліць, «хто каму Рабіновіч». Мы з ім трошкі «папрацавалі», каб зразумець: па дурасці ён робіць гэта ці па спецзаданні.

Эсбэушнікі разам са сваімі свядомымі памочнікамі схітравалі: далі мінчаніну некалькі практычных задач на базе «Поўначы».

— Калі ён іх выносіў дадому і прыносіў назад, то так усё прыгожа размалёўваў, паказваў са стрэлачкамі, — успамінае Горны. — Было бачна, што гэтыя будынкі ён сам не змог бы так зрабіць. Гэта была праца спяцоў.

А адзін раз мы прапанавалі прайсці тэст у нас у офісе, ён мог сядзець паўтары гадзіны і нічога ў яго не выйшла. Гэта пацвярджала, што Палітыка — не самастойная асоба.

Яшчэ адзін чалавек, да якога звяртаўся падсудны, — Яўген Орда, ваенны капелан, настаяцель Екацярынінскай царквы. Орда — таксама беларус. Вядомы ў Чарнігаве не толькі свамі пастарскім служэннем, але валанцёрствам у зоне АТА, а таксама працай з беларускай дыяспарай.

Яўген Орда, ваенны капелан, настаяцель Екацярынінскай царквы. Фота: Эльдар Сарахман, УП

Яўген Орда, ваенны капелан, настаяцель Екацярынінскай царквы. Фота: Эльдар Сарахман, УП

— Юрый прыязджаў у Чарнігаў некалькі разоў, прасіў, каб яго накіравалі ў добраахвотны батальён, — распавядае УП святар. — Разумееце, дыяспара ў нас маленькая. Амаль кожны ведае адзін аднаго.

Па словах настаяцеля Екацярынінскай царквы, ён накіраваў Палітыка да знаёмых добраахвотнікаў з групы «Тактычная Беларусь», якая ваюе на Данбасе.

— А мне пасля гэтага сказалі: «Ён кадэбэшны стукач! Больш нам такіх не дасылай», — кажа Орда. — Той хлопец распытваў пастаянна аб зброі, выхадах на Амерыку, усё такое. Яго адшылі.

З часам у мяне нейкія сумневы былі адносна Юрыя. Ён увесь час пытаўся нешта пра танкі, прасіў, каб я яму скінуў відэа з перадавой. Я ж сам быў у АТА. Але яму казаў: «Паедзеш — сам убачыш».

Як бы там ні было, а святар вырашыў даць маладому чалавеку шанец.

— Я Юрыя адвёў да аднаго знаёмага ў мясцовым ваенкамаце. Той яго накіраваў у «Поўнач». Ён (Палітыка — УП) знік на некаторы час. Потым я ўжо даведаўся, што ён перавозіў дакументы і яго ўзялі, — успамінае святар.

«Вывезлі ў лес, пагражалі зброяй»

Усе абвінавачванні на свой адрас беларус адхіляе. На судзе ён размаўляе на роднай мове. Разам з адвакатамі, а іх у Палітыкі трое, яму ўдалося дамагчыся прысутнасці перакладчыка на беларускую.

Выглядае падсудны сціпла і залішне спакойна. Сказаць, што на самой справе крыецца за гэтым вобразам, пры першым поглядзе складана.

У размовах з УП мінчанін яшчэ раз згадвае пра тое, пра што дакладваў раней у пасольства Беларусі ва Украіне, — аб катаваннях пасля затрымання. Паводле яго слоў, прызнальныя паказанні нібыта выбівалі сілай. Вывезлі ў лес, пагражалі зброяй.

— Мяне затрымалі ў 16.30, а па дакументах значыцца 21:00. На працягу 4—5 гадзін на мяне моцна ціснулі, — сцвярджае Юрый.

У СБУ гэтыя заявы адхіляюць.

На пытанне, што ён рабіў у Чарнігаве і навошта пайшоў у арганізацыю «Поўнач», Палітыка адказвае: «Хацеў прыўнесці ў сваё жыццё нейкую дынаміку».

— У мяне хобі было, звязанае з ваеннай тэматыкай, — распавядае ён. — Даведаўся, што «Поўнач» займаецца валанцёрствам, дапамагае памежнікам і УС у зоне АТА. Вырашыў, што трэба нешта мяняць у жыцці. Спадзяваўся атрымаць адрэналін. Каб было нешта новае, цікавае. Нават і не думаў, што так усё скончыцца.

Перад тым, як канвой адвядзе Юрыя ў аўтазак, ён паспее дадаць: «Я хацеў у будучыні атрымаць украінскія дакументы, уладкавацца працаваць у лагістычнай кампаніі ў Чарнігаве, вывучыць мову, атрымаць пашпарт Украіны. Усё гэта дапамагло б палепшыць маё фінансавае становішча».

Грыб, Шаройка і Палітыка

У СІЗА беларус сядзіць больш за восем месяцаў. Але судовыя разборы, па сутнасці, яшчэ не пачаліся. Працэс пагражае быць доўгім.

Папярэдняе пасяджэнне, прызначанае на 27 лютага, не адбылося па просьбе адвакатаў, якія па розных прычынах не змаглі з'явіцца ў суд. Яго перанеслі на 27 сакавіка.

Працэс над Юрыем Палітыкам важны ў кантэксце падзей, якія адбыліся пасля яго затрымання.

Праз два месяцы, 24 жнiуня 2017-га, у Беларусі знік украінец Павел Грыб, якога, як аказалася пазней, выкралі спецслужбы Расеі. Грыба абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту на школьнай лінейцы ў Сочы, і ён працягвае знаходзіцца пад вартай.

Няпроста ідуць справы яшчэ з адным украінцам, журналістам Паўлам Шаройкам. Ён трапіў у рукі беларускага КДБ праз чатыры месяцы пасля арышту Палітыкі. Шаройку таксама, як і мінчаніна, абвінавацілі ў шпіянажы. Следам за арыштам Шаройкі Беларусь аб'явіла персонай нон грата супрацоўніка ўкраінскай амбасады Ігара Скварцова.

Характэрна, што таемны суд над Шаройкам пачаўся практычна сінхронна з пасяджэннямі ў Чарнігаўскім райсудзе па беларускім «шпіёне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0